• Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Даследаванні
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Спецпраекты
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Час для анлайну. Як вывесці беларускую адукацыю з ХХ стагоддзя

    Цана дыплома беларускага ўніверсітэта перавышае якасць адукацыі. Тэхналогіі могуць гэта змяніць.

    Усе ведаюць, што ў беларускай вышэйшай адукацыі шмат грахоў. Выпускнікоў нашых універсітэтаў, як кажуць працадаўцы, трэба давучваць, калі не перавучваць. Пры гэтым нашая адукацыя застаецца вельмі дарагой для Беларусі. Калі трапіць на адно з бясплатных месцаў не атрымліваецца, то студэнт павінен плаціць у сярэднім каля $ 1000 штогод, што з’яўляецца проста касмічнай сумай для сённяшняй Беларусі.

    І нягледзячы на ўсю дарагавізну беларускай адукацыі, беларускія ўніверсітэты застаюцца беднымі ўстановамі, у якіх працуюць не самыя багатыя людзі. Як сказаў “Ідэі” адзін з універсітэцкіх працаўнікоў, стаўка старэйшага выкладчыка складае каля $ 80, хоць да гэтага дадаюцца яшчэ надбаўкі і прэміі.

    Але іншай вялікай (хоць пакуль незаўважнай) праблемай застаецца тэхналагічная адсталасць беларускай адукацыі.

    Сёння гэта можа выглядаць не так істотна, але з кожным годам гэты выклік будзе ўсё больш гучным. Сёння ў Беларусі няма ні законаў, ні інстытутаў, якія б былі накіраваныя на развіццё дыстанцыйнай адукацыі, якая існуе ў суседніх Польшчы ды Расіі. Пры гэтым няма дастатковай колькасці людзей, якія маглі б ці прынамсі хацелі б развіваць сучасныя тэхналогіі ў навучанні. Бог з навучаннем, але існуе патрэба прынамсі ў простай інфарматызацыі ўніверсітэтаў, бо залікоўкі ў 2017-ым – гэта проста сорам.  

    Як спалучыць беларускую адукацыю і ХХІ стагоддзе

    Каб пазбавіцца сораму, можна шмат чаго зрабіць. Сюды можна ўключыць і стварэнне акадэмічных свабод, і запрашэнне замежных выкладчыкаў, і Балонскія рэформы. І пры гэтым усім існуе просты спосаб палепшыць беларускую адукацыю і зменшыць выдаткі – вывесці навучанне ў анлайн, запісваючы лекцыі на відэа (ці нават аўдыё) і выкладваючы іх у агульны доступ.

    Гэта зробіць беларускую адукацыю больш даступнай, якаснай і таннейшай.

    Уявіце, што цяпер кожны чалавек атрымае доступ да інфармацыі ад найлепшых беларускіх выкладчыкаў ды іх ведаў – і дзеля гэтага трэба будзе націснуць толькі на Play. Гэтак на EdX можна прайсці курс аднаго з найлепшых у свеце філосафаў альбо курс вядучага біёлага свету. І гэта істотна не толькі для тых, хто лянуецца ехаць ва ўніверсітэт, але і для тых, каму цяжка гэта рабіць, як, напрыклад, людзям з інваліднасцю.

    Тэхналогіі ўжо даўно працуюць на шматлікіх сайтах масавых анлайн-курсаў (МООС) і цяжка сказаць, каб вынікі навучання праз анлайн ці ўжывую значна адрозніваліся. Чаго не стае пры навучанні анлайн, дык гэта камунікацыі з выкладчыкам і іншымі студэнтамі, але для гэтага існуюць практычныя заняткі. Але анлайн-адукацыя мае вялікі плюс у простай рэчы – мае “паўзу” і функцыю “адматаць назад”, што дазваляе цалкам разумець, пра што кажа выкладчык.

    Нягледзячы на тое, што толькі 5-6 % людзей, якія запісваюцца на анлайн-курсы, даходзяць іх да канца, самі адукацыйныя платформы працягваюць расці як грыбы. Напрыклад, EdX нядаўна адсвяткаваў з’яўленне 10-мільённага карыстальніка сайта.

    І, напэўна, гэтыя платформы будуць далей развівацца, ды і кіруюць імі зусім не айцішнікі ў кедах, бо, напрыклад, платформу Coursera ўзначальвае чалавек, які 20 гадоў быў прэзідэнтам Ельскага ўніверсітэта. Але нягледзячы на ўсе поспехі анлайн-адукацыі, праблема ў тым, што ўсе гэтыя ўніверсітэты не хочуць даваць акадэмічны сертыфікат, што пройдзены курс – гэта частка ўніверсітэцкага навучання.

    Урэшце праўда ў тым, што многія прэстыжныя ўніверсітэты прадаюць не сваю адукацыю, а свой дыплом.

    Гарвард назбіраў мэтавы капітал пад $ 40 млрд не дзеля таго, каб бясплатна адукоўваць свет, а далей павялічваць капітал. Але беларускія ўніверсітэты – гэта не Гарвард з яго грашыма. І гэта не толькі праблема для беларускіх ВНУ, але і магчымасць, бо нам не трэба сцерагчы свой ранейшы капітал, а можна рухацца наперад да тэхналагізацыі адукацыі.

    І тут патрэбная толькі воля ладзіць анлайн-курсы, каб зрабіць іх афіцыйнай часткай акадэмічнай праграмы.

    Рызыкоўная, але не безнадзейная стратэгія

    Безумоўна, для некаторых пераход да анлайну выглядае рызыкоўнай стратэгіяй. Але яна прынамсі не з’яўляецца такой безнадзейнай, як сённяшняя, і таму сістэма адукацыі можа пачаць рабіць першыя крокі, пераводзячы частку лекцыяў у анлайн.

    Тады выкладчыкам не трэба будзе паўтараць як мантру тыя самыя лекцыі, універсітэты скароцяць свае выдаткі,  а студэнтам не трэба будзе ехаць ва ўніверсітэт. Напрыклад, ёсць добры дзясятак курсаў, якія чытаюцца для многіх першакурснікаў, да прыкладу, эканоміка. Чаму б яго не зрабіць анлайнавым для ўсіх гэтых студэнтаў?

    Нават калі такое рашэнне падаецца беларускім адукатарам занадта эфектыўным (і таму неадпаведным, бо скароціць колькасць патрэбных выкладчыкаў), беларускія ўніверсітэты павінны рабіць крокі да анлайну, каб не згубіцца ў рэальнасці.

    Урэшце ўсе гэтыя тэхналогіі не настолькі знаходзяцца ў будучыні, як можа падавацца.

    У мінулым годзе Павел Данэйка расказваў у падкасце “Ідэі” аб тым, як беларускія бізнес-адукатары ўжо выкарыстоўваюць анлайн у сваёй працы. І пытанне толькі ў тым, калі найлепшыя ўніверсітэты з суседніх краін пачнуць выкарыстоўваць тэхналогіі, каб зменшыць выдаткі і палепшыць адукацыю, і запрапануюць яе беларускім студэнтам. І што тады будуць рабіць беларускія ўніверсітэты?

    Дысклэймер: аўтар з’яўляецца каардынатарам адукацыйнай анлайн-платформы Ostrogorski Academy.

    ПаказацьСхаваць каментары