• Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Даследаванні
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Спецпраекты
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Мая хата з краю? Канспект дыскусіі ЦНІ пра нейтральную частку беларускага грамадства

    Цэнтр новых ідэй зладзіў анлайн-дыскусію з экспертамі, каб абмеркаваць сённяшнія настроі ў беларускім грамадстве і частку людзей, якія не вызначыліся ў сваіх палітычных сімпатыях. Прапануем вашай увазе канспект з гэтага мерапрыемства з галоўнымі думкамі адмыслоўцаў.

    Нейтральная частка, то бок тыя, якія не падтрымліваюць ані пратэст, ані Лукашэнку, – складаюць прыкладна траціну беларускага грамадства. У сваёй большасці яны падзяляюць патрабаванні пратэсту, але не падтрымліваюць яго лідараў, сімволіку і не хочуць асацыявацца з пратэстам. 

    Звычайна гэта жыхары меншых гарадоў; у іх радзей, чым у прыхільнікаў пратэсту сустракаецца вышэйшая адукацыя; сацыяльнымі сеткамі, якімі яны карыстаюцца, з’яўляюцца Instagram, Youtube, VK і OK.

    Адметная рыса нейтральнай часткі грамадства ў тым, што яны ў прынцыпе нікому не вераць. У гэтым адно з галоўных адрозненняў іх ад прыхільнікаў Лукашэнкі ды прыхільнікаў пратэсту. Апошнія захавалі свой давер да лідараў пратэсту, да інстытутаў кшталту штаба Ціханоўскай або Каардынацыйнай Рады. А нейтральная частка грамадства наогул нікому не верыць, хіба што толькі аднаму інстытуту – царкве.

    Гэтыя людзі нікому не давяраюць, яны стаміліся ад палітыкі, яе стала зашмат для іх успрыняцця. Яны лічаць, што цікавіцца палітыкай цяпер бессэнсоўна. Пры гэтым яны падзяляюць шматлікія думкі і погляды прыхільнікаў пратэсту: яны таксама стаміліся ад беззаконня, пераймаюцца за тое, куды коціцца краіна. 

    У сваёй большасці яны – дакладна не прыхільнікі Лукашэнкі. Але яны – іншыя.

    Калі ім задаць пытанне пра БЧБ, то ў сваёй большасці яны яго не любяць. Яны выступаюць збольшага або за чырвона-зялёны сцяг, або за ніякі. Яны і супраць санкцый. У геапалітычным плане гэтыя людзі выступаюць за “сярэдзіну”: каб Беларусь мела роўныя ўзаемаадносіны з ЕС і з Расіяй адначасова, хоць узровень сімпатый да Расіі і асабліва да Уладзіміра Пуціна сярод іх таксама вялікі.

    Іх страхі ў асноўным сацыяльна-эканамічныя: падзенне заробкаў, рост беспрацоўя, спыненне сацыяльнай падтрымкі. Калі казаць пра крызіс, то яны баяцца таксама, што з краіны з’едуць кваліфікаваныя кадры – айцішнікі, лекары і іншыя. 

    “Я палітыкай не цікаўлюся” па-руску або асаблівасці расійскіх “нейтралаў”

    Нейтральная частка грамадства ў Беларусі адрозніваецца ад адпаведнай часткі грамадства ў Расеі. У нашых усходніх суседзяў гэта звычайна людзі, якія не супраць пратэсту, але баяцца нейкіх негатыўных яго наступстваў. У апошнія гады ўзмацніўся антырэвалюцыйны пасыл і нават транслююцца стужкі па расійскім тэлебачанні супраць той жа Кастрычніцкай рэвалюцыі, маўляў, “вы ж не хочаце разбурыць усе дасягненні?”

    Расійская ўлада сваю публічную пазіцыю выбудоўвае не вакол ідэнтыфікацыі з савецкай уладай, а з дарэвалюцыйнай імперскай. У Беларусі вымалёўваецца вобраз брэжнеўскага застою. У Расіі ўсё ж ёсць прастора для лавіравання. З гэтым цяжэй змагацца, бо такі дыскурс закранае шмат якія балючыя пункты.

    Сярод тых, хто падтрымлівае Пуціна, шмат людзей з ліберальнымі поглядамі, бо яны таксама баяцца радыкалізацыі пратэсту.

    І за “Адзіную Расію” ці Пуціна галасуюць не таму, што іх падтрымліваюць, а таму, што баяцца альтэрнатывы. Зрэшты, такія погляды пануюць і ў Беларусі: “Вось, прыйдуць злыя лібералы і разваляць усё, будзе як у 1990-ых. А вы паедзеце збіраць клубніцы ў Польшчу, а прадпрыемствы ўсе закрыюцца”.

    Расійская эканоміка завязаная на асабістых сувязях, дамоўленасцях з рознага роду ўладамі і сілавікамі, і чыста эканамічныя аргументы на сярэдні клас тут уплываюць не дужа моцна. Аргумент, які часта выкарыстоўваюць з лаяльнай ліберальнай публікай, – “калі сыдзе Пуцін, то будзе лепей” – не працуе. Хутчэй, спрацоўвае “мы паспрабуем зрабіць усё магчымае, каб не было горш”, але ўсе разумеюць, што пасля радыкальных зменаў эканоміка на пэўны час дакладна прасядзе.

    Атрымліваецца пастка: аргумент з канца 80-ых і 90-ых – “прыйдуць лібералы і стане лепей” – выкарыстоўваць у Расіі цяпер немагчыма. У Беларусі ж гэты аргумент яшчэ магчымы. Пуцін пабудаваў той капіталізм, пра які казалася ў “Нязнайцы на Месяцы”, – капіталізм без дэмакратыі, алігархічны капіталізм для сваіх сяброў.

    Тыя людзі ў рэгіёнах, якія не жывуць, а выжываюць за кошт сваіх гародаў, – з імі працаваць цяжка, бо на іх працуе імперская прапаганда. Але нават яны за гэтыя 30 гадоў сталі жыць трохі лепей. Калі казаць умоўна, то яны паставілі сабе пластыкавыя вокны, узялі ў крэдыт невялікі аўтамабіль, ловяць вялізны кайф ад таго, што могуць хадзіць у супермаркеты. Шмат хто ў Расіі рэальна лічыць, што гэта ўлады ўсё яшчэ займаюцца забеспячэннем крамаў прадуктамі – нібыта Пуцін рэальна дамаўляецца з нейкімі лідарамі афрыканскіх краін і дзякуючы гэтаму на палічках з’яўляюцца апельсіны. 

    Спачатку лавачка, потым – рэвалюцыя

    Далей узнікае наступная праблема: пры размовах пра ліберальныя каштоўнасці ідзе нахіл улева, але ў расійскага грамадства назіраецца алергія на левыя ідэі. Асацыяцыі з “забраць, падзяліць і здзейсніць рэвалюцыю” ўсё яшчэ моцныя.

    У барацьбе за розумы расійскага выбарніка можна прапанаваць акцэнт на пашырэнне мясцовага самакіравання.

    Таму што дзяржава можа пабудаваць нейкі мост, правесці Алімпіяду, можа паказаць усім свае новыя ракеты і нейкім чынам сваю веліч. Але паглядзіце, які разрыў паміж сталіцай і рэгіёнамі! І гэты аргумент выклікае водгук нават у досыць кансерватыўнай часткі грамадства.

    Гэтая ж тэма спрацавала і на выбарах у Маскве, калі выбарнікам сказалі: “Людцы, мы прыйшлі вам лавачку адрамантаваць, а потым ужо зменім усю Расію”. Гэта ж працуе выдатна і на выбарах у рэгіёнах: “Мы не за рэвалюцыю, а за тое, каб перадаць грошы з Масквы вам”. Але калі паўстае пытанне пра каштоўнасці, то пачынаецца пройгрыш. Тым болей, калі мы кажам “адрамантуем вам лавачку” і тут жа прыходзіць улада з нацыянальнымі праектамі і сама яе рамантуе.

    Што рабіць з “нейтраламі”?

    Трэба вызначацца, што мы хочам ад раўнадушнай часткі грамадства. Мы хочам, каб яны выйшлі на вуліцу? Дык там хапае тых, хто ні пры якіх умовах не выйдзе на вуліцу. Калі трэба, каб яны не галасавалі за Лукашэнку, так, здаецца, яны гэтага і так ужо не робяць.

    Дакладна важна не рабіць гэтых людзей чужымі.

    Гэта вялікая група, і ад таго, што яна думае, залежыць разуменне таго, што з’яўляецца правільным у грамадстве. Калі яны лічаць, што “Лукашэнка мае сысці”, то аўтаматычна 2/3 грамадства з гэтым згодна.

    Канешне ўсе стаміліся, ідзе 10-ты месяц пратэсту і гэтыя працэсы адгукаюцца на ўсім і ўсіх. Некаторыя аддаліліся па прынцыпе “я ў доміку”, але важна разумець, што “доміка” больш няма. Прасцейшы варыянт жыццёвага выбару таксама не спрацоўвае, нават думкі ў стылі “ай-яй-яй, а што мы будзем рабіць у адпачынку?” спараджаюць ланцуговую мысленную рэакцыю, бо наперадзе – магчымыя новыя праблемы.

    Бунт можа пачацца з рэгіёнаў, калі не будзе чым карміць дзяцей. Такі момант ужо надыходзіць і людзі гэта разумеюць.

    Нам можна не давяраць, але Лукашэнка яшчэ горшы

    У сітуацыі, калі давядзецца выбіраць, каштоўнасці стануць базай. Асабліва ў пытанні каму людзі будуць дэлегаваць свой выбар. На фоне стомленасці людзі дэлегуюць выбар уладзе або апазіцыі, але, калі прыцісне, і яго трэба будзе рабіць кожнаму, тады “кансервы прыадкрыюцца” і людзі прымуць той або іншы бок.

    Канешне, ядро пратэсту вельмі замкнёнае. Яны са свайго кола камунікацыі ўсё выціснулі, што не адпавядае новым нормам маральнасці, а вось нейтральныя людзі камунікуюць з рознымі групамі. “Бастыён” Лукашэнкі наўрад ці ўжо можна пераканаць. Камунікацыйным рашэннем можа быць паведамленне кшталту “вы можаце нам не давяраць, але Лукашэнка значна горшы”. З’язджаюць таленты, ламаюцца бізнесы, знікаюць месцы працы, эканоміка і краіна ляцяць пад адхіл.

    Ідэі справядлівасці, шчырасці і годнасці блізкія ўсім.

    На гэтым выехалі ў жніўні 2020-га і можна выязджаць і сёння. 

    Крытэр нявызначанасці: які ён?

    Любіш ці не любіш пратэсты? Так, невядома, што людзі разумеюць пад гэтым. Бо шмат хто з прыхільнікаў пратэсту таксама быў супраць вулічных акцый, бо, напрыклад, не бачыў у іх сэнсу. Таму маналітнасць і гэтай групы пад вялікім пытаннем.

    Ды і як праяўляецца нейтральнасць? Не хадзіць на выбары, не чытаць навінаў? Асабліва гэта цяжка вымераць у аўтарытарнай дзяржаве. Ці трэба працаваць з гэтымі апалітычнымі людзьмі?

    У ЗША 100 млн чалавек не галасуе на выбарах, з іх 80 млн не спажывае навінаў са СМІ, але дэмакратыя працуе. Але рэжымы ў Беларусі і Расіі скіраваныя на падаўленне палітычнага ўдзелу, таму менавіта над гэтым трэба працаваць.

    Гэтыя людзі сапраўды наўрад ці далучацца да пратэсту з-за высокіх мэтаў: жадання справядлівасці, міру ва ўсім свеце і гд. Яны не гатовыя ахвяраваць сваім камфортам, хоць і асуджаюць гвалт. Для іх працуе прынцып “свая кашуля бліжэй да цела” і важнае адчуванне базавай бяспекі, камфорту і фінансавай стабільнасці. Таму можна прыгадаць мінулы год, калі шмат “нейтральных” змянілі сваю пазіцыю з-за пандэміі каранавіруса.

    Можна ў камунікацыі і рыторыцы прыгадваць, што ўлада зноў праз свае неабдуманыя і дзіўныя рашэнні і жаданні гатовая ставіць пад пагрозу вашыя побытавыя патрэбы, камфорт, магчымасці перасоўвацца, паляцець у трохзоркавы гатэль у Турцыю – і ўлада так рабіла і будзе працягваць рабіць.

    Рэвалюцыйны энтузіязм назіральніка

    Галоўнае ў падзеях рэвалюцыі ў Францыі напрыканцы XVIII-га стагоддзя было не тое, што там рабілі рэвалюцыянеры, а тое, як за гэтым назіралі іншыя ды спрабавалі потым паўтарыць і ўваплатніць у жыццё тыя памкненні ды ідэалы.

    Адно пытанне – чаму людзі самі выходзяць на плошчу, іншае – чаму яны падтрымліваюць тых, хто гэтак робіць. Калі я выйду на плошчу, я мушу разумець, што я не адзін. Калі я вывешваю сцяг, то я мушу разумець, што сусед мяне не здасць на міласць міліцыянтаў або КДБшнікаў.

    Рэвалюцыя заўжды больш разбуральная, калі менш сацыяльных сувязяў ёсць у грамадстве. Цяпер іх можна наладжваць.

    Так, невядома, калі сацыяльная мабілізацыя “выстраліць”, але гэты момант прыйдзе, таму рабі, што мусіш, і будзе, што будзе.

    Тэкст паўстаў па выніках мерапрыемства, зладжанага пры супрацы з Фондам імя Фрыдрыха Эберта. Меркаванні, якія прагучалі падчас дыскусіі, ніякім чынам не звязаныя з меркаваннем Фонду.

    Фота: Павел Крычко

    ПаказацьСхаваць каментары