падтрымаць нас

Бяспека·Палітыка

Навошта Крамлю вайна з Украінай

Навошта Крамлю вайна з Украінай
Пуцін надоўга пакіне Ўкраіну кульгавай дзяржавай. 

 

Хоць улады Расіі яшчэ не абвесцілі аб вайсковай аперацыі, аўтарызаванай сёння Радай Федэрацыі, інтэрвенцыя ўжо пачалася.  Жаўнеры без апазнавальных знакаў некалькі дзён, як кантралююць уладу і лагістыку Крыма. Па розных дадзеных, каля 6 тысяч расійскіх жаўнераў былі перакінутыя ў Крым за апошнія дні. Згодна з ранейшымі дамовамі, паміж краінамі на тэрыторыі Крыму могуць знаходзіцца 25 тысяч расейскіх вайскоўцаў, 388 караблі і 161 самалёт. Апроч таго, у многіх гарадах Усходняй Украіны хапае ахвотных з украінскім пашпартам і без яго пазмагацца супраць кіеўскіх уладаў.

Як бы не развіваліся падзеі ў бліжэйшай будучыні, Украіна дакладна ў выніку застанецца кульгавай дзяржавай. Пры тым, што Расія будзе выкарыстоўваць усе свае рычагі: і эканамічныя, і вайсковыя, і энергетычныя. Лагічна будзе выглядаць, калі ў бліжэйшай будучыні пачнуцца праблемы з дастаўкамі расійскага газу ва Ўкраіну.

Як Прыднястроўе спыняе Малдову ад хуткага далучэння да ЕС, Паўднёвая Асеція і Абхазія адкідвае інтэграцыю Грузіі ў НАТО і ЕС, так і Крым пакіне Ўкраіну паў-разваленай дзяржавай паміж Захадам і Ўсходам. Крэмль паказвае, што калі Ўкраіна не хоча стаць часткай адбудоўваючайся новай імперыі, то і выспай дабрабыту ёй не быць.

Што адрознівае гэты напад Расіі ад інвазіі ў Грузію ў 2008 годзе – гэта “просьба” Пуціна аўтарызаваць увядзенне войскаў. Праўдападобна, што расійскае кіраўніцтва правярае наколькі Захад гатовы супрацьстаяць Расіі і як наагул адрэагуюць усе зацікаўленыя бакі.

Пакуль што рэакцыя Захаду выглядае досыць неўпэўнена, паседжанні Рады Бяспекі ААН і НАТА заўтра і паслязаўтра пакажуць, наколькі міжнародная супольнасць гатовая трымацца дадзеных Украіне гарантыяў бяспекі і тэрытарыяльнай цэласнасці. Аднак не варта чакаць чагосці значнага ад паседжання Рады Бяспекі ААН, бо Расія застаецца яе сталым чальцом і можа накласці вета на любое рашэнне.

Адметна, што ўлады Беларусі захоўваюць маўчанне. Паведамленне пра вайсковую аперацыю нават не трапіла ў галоўныя навіны БелТА. Некалькі дзён таму айчынныя чыноўнікі паўтаралі, што бачаць Украіну цэласнай краінай. Калі ўлады паўтораць гэтыя словы ў бліжэйшыя дні, то гэта можа азначаць значную змену ў стасунках паміж Крамлём і Менскам.

Вяртаючыся да самога канфлікту. Эскалацыя канфлікту можа адбыцца сёння выпадкова і аднамомантна. Украінскія і расійскія караблі знаходзяцца ў Крыму насупраць адзін аднаго, таму любы выпадковы стрэл можа перарасці ў сапраўдную бойню.

Калі перамога Еўрамайдану давала надзею, што Ўкраіна можа стаць нармальнай краінай, то сёння Пуцін абвесціў свой намер гэтую надзею скрасці.

Здымак: Business Insider