• Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Даследаванні
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Спецпраекты
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Нацыяналізм гэта менавіта тое, чаго патрабуе Украіна

    Дэмакратыя церпіць няўдачу там, дзе грамадзяне не вераць у тое, што іх краіна вартая змагання за яе.

    Заплюшчыце вочы і паўтарайце пра сябе словы “ўкраінскі нацыяналіст”. У думках з’явіцца вобраз: верагодна, мужчына, хутчэй за ўсё, з барадою, магчыма, з паголенаю галавою і даўгімі вусамі, апрануты ў чорную форму, ці скураную куртку і боты.

    У залежнасці ад таго, адкуль вы самі, вы ў дадатак уявіце яго антысемітам або забойцам польскіх сялян. Як і ўсе стэрэатыпы, гэты мае пад сабою пэўны гістарычны падмурак. Два пакаленні таму былі ўкраінцы, якія, заціснутыя паміж дзвюма найбольш крыважэрнымі дыктатурамі ў гісторыі, ішлі на супрацоўніцтва з нацыстамі супраць Савецкага Саюзу. Былі ўкраінцы, якія ўдзельнічалі ў масавых забойствах палякаў і габрэяў.

    Аднак у гэты змрочны вобраз не ўпісваюцца іншыя гістарычныя рэаліі. Не такую злую славу мае іншая група ўкраінскіх нацяналістаў ‑ людзей, якія ў краіне з лепшай геаграфіяй маглі б стаць Джузэппэ Гарыбальдзі, Шандарамі Пэцёфі ці Томасамі Джэферсанамі для сучаснай украінскай дзяржавы. Нацыяналіст-асветнік Міхайла Грушэўскі, які напісаў першую гісторыю Украіны і ўзначаліў першы незалежны ўкраінскі парламент, які праіснаваў нядоўга ў 1917 і 1918 да паразы Украіны і яе ўваходу ў склад СССР.

    Перадусім у гэты вобраз не ўпісваецца тое, што адбылося з большасцю ўкраінскіх нацыяналістаў у 20 стагоддзі – яны сталі шматлікімі аб’ектамі чыстак, штучных галадамораў і дэпартацыяў. Ад трох да пяці мільёнаў украінскіх сялян былі свядома замораныя голадам у 1932-1933, паколькі Іосіф Сталін баяўся моцы сельскага нацыяналізму. Пасля іх знішчэння ўлады дэпартавалі рускіх з розных месцаў СССР і засылалі жыць у тыя пустыя вёскі, каб давершыць працэс культурнага генацыду. Арышты людзей, якіх дзяржава лічыла “занадта ўкраінцамі”, працягваліся да 80-х гадоў.

    Да 1990 году, калі СССР пачаў развальвацца, у выніку такой палітыкі краіну не захлынула хваля парадаў украінскіх нацыяналістаў, а ўтварылася нацыя з людзей без якой-небудзь нацыянальнай ідэнтычнасці. У тым годзе я правяла некалькі тыдняў у Львове, што ў Заходняй Украіне, пісала пра зараджэнне незалежніцкага руху. Гатэлі былі жахлівымі, таму я спынілася на кватэры ў двух музыкаў сярэдняга ўзросту, Владка і Ірыны. У той час я нічога не напісала аб іх, але цяпер я разумею, што іх апатыя і цынізм у дачыненні да незалежнай Украіны былі настолькі ж значнымі, як і гарачыя дэбаты, што вяліся нацыяналістамі пад лунаючымі сцягамі на цэнтральнай плошчы Львову.

    Владэк паходзіў з украінскай вёскі і граў на акардэоне ў так званым савецкім “народным” гурце. Аднак ён быў напалову палякам (я пазнаёмілася з ім праз ягоную стрыечную сястру ў Варшаве) ён размаўляў па-польску і меў польскае імя. Ягоная жонка Ірына была рускамоўнай габрэйкай. Нарадзіліся яны ў іншых месцах і, як шмат якія савецкія грамадзяне, жылі ў Львове па волі лёсу.

    Ніхто з іх нават блізка не падтрымліваў савецкі камунізм, і ім да болю надакучыла жыццё ў Львове, горадзе, у якім у тыя часы вада ў вадапровадзе была толькі па некалькі гадзінаў на дзень.

    Тым не менш яны не выказвалі вялікіх спадзеваў на ўкраінскую дзяржаву. Владэк казаў мне, што не хоча прыходу да ўлады ніякіх “новых людзей”, бо яны прыйдуць “галоднымі” да хуткіх грошай і вялікіх хабараў. Лепш пакінуць старых палітыкаў, яны ўжо скралі ўсё, што ім было трэба. Калі дэманстранты зрынулі помнік Леніну перад оперным тэатрам і адкрылі, што ён быў пабудаваны паверх старых габрэйскіх могілак, яны толькі паціснулі плячыма. “Яны пабудуюць іншы помнік новаму “герою” паверх чыіхсьці іншых могілак”, ‑ сказала мне Ірына.

    Нават тады ў заходняй прэсе пачалі з’яўляцца шчырыя артыкулы з папярэджаннем аб небяспецы нацыяналізму ва Украіне: той самы моцны стэрэатып: людзі ў чорнай форме, антысеміцкія лозунгі. Аднак у рэтраспектыве робіцца зразумелым, што аўтары гэтых артыкулаў баялся дарэмна. Бо чаго сапраўды не хапала Владку, Ірыне і большасці тагачаснага ўкраінскага грамадства і пазней, дык гэта нацыяналізму. Альбо патрыятызму, грамадзянскага духу, нацыянальнай годнасці, нацыянальнай адданасці, якое б слова вы не абралі, пачуцця таго, што Украіна мае нешта ўнікальнае і асаблівае, пачуцця таго, што Украіна вартая змагання за яе.

    Нягледзячы на тое, што абодва яны пражылі ўсё жыццё ва Украіне, ніхто з маіх гаспадароў не адчуваў еднасці з украінскай дзяржавай, якая мусіла з’явіцца на свет. Ніхто не адчуваў аніякай адказнасці за новы ўкраінскі ўрад, і абсалютна аніякай сувязі з іншымі ўкраінцамі. У гэтым яны нагадвалі большасць постсавецкага свету: беларусаў, казахаў і нават саміх рускіх – ніхто не адчуваў сувязі з іх “новымі” краінамі або новымі суграмадзянамі. Калі Савецкі Саюз распаўся, гэтыя людзі адчулі сябе грамадзянамі ўтварэнняў, што не існавалі некалькі дзясяткаў год, ці ўвогуле ніколі. У адрозненне ад палякаў альбо эстонцаў, яны не адчувалі гонару ад заваёўвання ці адваёўвання нацыянальнага суверэнітэту, толькі разгубленасць.

    Аднак без распаўсюджанага пачуцця нацыянальнай адданасці, без грамадзянскага духу было цяжка пабудаваць дэмакратыю. Владэк меў рацыю – людзі, якія з цягам часу прыйшлі кіраваць незалежнай Украінай, не здолелі пабудаваць украінскую дзяржаўнасць. Замест гэтага яны будавалі ўласны дабрабыт. Першыя два лідары Украіны, былыя камуністы, правялі ў краіне прыватызацыю, якая сталася нават больш карумпаванай і хаатычнай, чым у Расеі. Лідары, якія прыйшлі пасля Памаранчавай рэвалюцыі ў 2004–2005 аказаліся не нашмат лепшымі. Дзякуючы таму, што яны пакінулі пасля сябе слабую дзяржаву, іх наступнік прэзідэнт Віктар Януковіч за чатыры кароткія гады здолеў разваліць украінскае войска, паліцыю, падаткавую сістэму і шмат іншага, павялічыўшы асабісты дабрабыт сваёй сям’і. Украінскія алігархі – тыя, хто сапраўды атрымаў карысць ад дваццаці год незалежнасці – таксама не заўжды адчуваюць лаяльнасць да сваіх суграмадзян. Некаторыя падтрымліваюць Украіну альбо Еўропу ў сучасным канфлікце, а некаторыя – Расею. Іх рашэнні не маюць аніякай сувязі з дабрабытам простых украінцаў.

    Вынік мы бачым сёння ва ўсходняй Украіне. Данецк, Славянск, Краматорск – вось так выглядае тэрыторыя без нацыяналізму: карупцыя, анархія, натоўпы падкупленых хуліганаў і наёмнікаў. У большасці выпадкаў, людзі ў балаклавах, якія ўварваліся ва ўкраінскую дзяржаву пад кіраўніцтвам расейскіх камандас, не нацыяналісты. Гэта людзі, якія будуць біцца на баку любой палітычнай сілы, што плаціць або абяцае больш. І хаця яны з’яўляюцца меншасцю, большасць не аказвае ім супраціву. Наадварот, большасць пасіўна назірае за бойняю і падаецца гатоваю прыняць любы ўрад, які яны атрымаюць. Як мае сябры ў Львове, гэта людзі, каторыя жывуць там выпадкова, бацькі ці дзяды каторых прыехалі ў Львоў па капрызе нейкага савецкага бюракрата без аніякіх пачуццяў да любой нацыі ці дзяржавы.

    Такім чынам, ці можа дробная групка ўкраінскіх нацыяналістаў, якіх мы цяпер пагодзімся называць патрыётамі, прадстаўляць сабою адзіную надзею Украіны пазбегнуць апатыі, драпежнай карупцыі і, у выніку, раздраблення?

    Гэта не мусіць нікога здзіўляць – у 19 стагоддзі ніводзін свядомы змагар за свабоду не мог уявіць, што магчыма пабудаваць сучасную дзяржаву, не кажучы ўжо аб дэмакратыі, без нацыяналістычнага руху ў падмурку. Толькі людзі, якія адчуваюць адданасць свайму грамадству, цэняць родную мову, літаратуру, гісторыю, спяваюць песні і пераказваюць легенды свайго народу, толькі такія людзі будуць працаваць на карысць гэтага грамадства. Гэта тычыцца расейцаў таксама, хоць яны (трагедыя!) упарта расцэньваюць свае імперскія традыцыі як прадмет нацыянальнага гонару, замест ушанавання ўласных ліберальных правіцеляў пачатку 20 стагоддзя або выбітных дысыдэнтаў савецкай эпохі, заснавальнікаў руху абароны правоў чалавека.

    Мы на Захадзе ведаем гэта, але апошнім часам рэдка гэта прызнаем. Часткова гэта звязана з тым, што мы вельмі добра памятаем, якія беды прынёс этнічны нацыяналізм у форме фашызму ці часам камунізму ў 20 стагоддзі. Еўрапейцы, у прыватнасці, перастаюць перамяншаць нацыянальныя адрозненні, і звычайна гэта добра. Тэрытарыяльныя спрэчкі ў Еўропе вырашаныя, адкрытыя межы робяць менш значным пытанне, належыць Эльзас Германіі ці Францыі. Аднак еўрапейская дэмакратыя таксама пацярпела б крах, калі б еўрапейскія палітыкі не звярталіся да патрыятызму, не ўлічвалі нацыянальныя інтарэсы, не займаліся канкрэтнымі праблемамі канкрэтных нацыяў.

    У ЗША нам не падабаецца слова “нацыяналізм”, і таму мы крывадушна маскіруем гэтае паняцце словамі “амерыканская выключнасць” ці “вера ў амерыканскую веліч”. Мы спрачаемся аб нацыяналізме як аб нечым рацыянальным. Міт Ромні напісаў кнігу, у якой вылучае “прычыну амерыканскай велічы” замест таго, каб прызнаць, што нацыяналізм па сутнасці з’ява эмацыйная. Па праўдзе, немагчыма стварыць “прычыну” нацыяналізму, яго можна толькі вызначыць, выхаваць у дзецях, развіваць падчас публічных мерапрыемстваў. Калі рабіць такім чынам, нацыяналізм можа натхніць на працу дзеля паляпшэння роднай краіны, каб яна адпавядала таму вобразу, які вы жадаеце. Апроч іншага, падобная думка натхніла стваральнікаў гэтага часопісу 100 гадоў таму.

    Украінцам трэба больш такога натхнення, а не менш – моманты кшталту навагодняй ночы мінулага году, калі больш за 100 тысячаў украінцаў спявалі нацыянальны гімн апоўначы на Майдане. Ім трэба больш нагодаў выгукваць “Слава Украіні – Героям слава!”, і так, гэта быў слоган супярэчлівай Украінскай Паўстанчай Арміі ў 40-я, але ён набыў новы кантэкст. І вядома яны мусяць ператварыць свае пачуцці ў законы, дзяржаўнасць, годную судовую сістэму і паліцэйскія адукацыйныя акадэміі. Калі яны не здолеюць гэтага зрабіць, краіна зноў перастане існаваць.

    Эн Эплбаўм – аўтарка кніг “Жалезная заслона: Крах Усходняй Еўропы, 1944–1956” і “ГУЛАГ: гісторыя”.

    ПаказацьСхаваць каментары