падтрымаць нас

Грамадства

Тры выклікі ідэі Нацыянальнага ўніверсітэта

Тры выклікі ідэі Нацыянальнага ўніверсітэта
Як зацікавіць абітурыентаў беларускімі курсамі, знайсці моцнае фінансаванне ды разабрацца з праблемамі, якія напаткаў на падобным шляху ЕГУ.

Ідэя стварыць беларускамоўны Нацыянальны ўніверсітэт цыркулюе ўжо пэўны час і дайшла нават да “Вялікай размовы” з кіраўніком Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам, які не сказаў “не”, але даручыў прапрацаваць тэму. Сапраўды, перад рэалізацыяй трэба вызначыцца з прынцыповымі момантамі, бо без гэтага праект не будзе паспяховым.

Для каго будзе гэты ўніверсітэт

Беларускасць мусіць быць элітарнай і паспяховай, а не прыгнечанай і гаротнай, як мы ўжо высвятлялі. У гэтым кантэксце няма сэнсу ствараць нейкую другарадную ВНУ, хай сабе і па-беларуску, ці ператвараць у беларускамоўны адзін з малапапулярных рэгіянальных універсітэтаў. Гэта не трэба краіне і, хутчэй, выглядала б ганьбай для беларушчыны.

Аднак не трэба і займацца пражэктарствам.

У найбліжэйшай перспектыве стварыць новы беларускамоўны ўніверсітэт памерам і ахопам з БДУ нерэалістычна.

На гэта спатрэбіліся б гіганцкія фінансы, якіх няма. Да таго ж складана будзе знайсці як патрэбную колькасць якасных беларускамоўных выкладчыкаў, гэтак і абітурыентаў, якія павераць у новы праект (для параўнання: у БДУ выкладчыкаў больш за 3 тысячы, навучэнцаў больш за 30 тысяч).

Такім чынам, праект “Нацыянальны ўніверсітэт” так ці інакш атрымаецца нішавым. Якім можа быць яго профіль? Выглядае, што ўсё ж гуманітарным, хаця б таму, што гуманітарыі відавочна пераважаюць у супольнасці прыхільнікаў беларушчыны. Тут варта знайсці баланс паміж цікаўнасцю абітурыентаў і марамі ініцыятараў. Не мае сэнсу прапаноўваць абстрактныя, апрыёры непапулярныя курсы, як і спаўзаць да таннай папулярнасці праз камерцыйныя прапановы без глыбіннага патрыятычнага складніка.

Да таго ж гуманітарныя дысцыпліны заўсёды ў пэўнай ступені грамадска-палітычна заангажаваныя, таму такі профіль Нацыянальнага ўніверсітэта можа выклікаць дадатковыя канфлікты з дзяржавай.

Хто будзе фінансаваць

Выглядае, што на сённяшні момант першапачатковая праблема праекта “Нацыянальны ўніверсітэт” знаходзіцца не ў глыбінных акадэмічных прынцыпах, а ў незразумелых крыніцах фінансавання.

Ніхто не спяшаецца матэрыяльна падтрымаць такі відавочна не танны і доўгатэрміновы праект.

Знайсці фінансаванне на такіх умовах заўсёды было цяжка, а цяпер да таго ж і час вельмі неспрыяльны. Фінансы для беларускай грамадзянскай супольнасці наагул скарачаюцца з розных прычынаў. Грамадскія актывісты цяпер асабліва не запускаюць буйных праектаў, а больш нагадваюць шляхту пасля рэвалюцыі: стыль і звычкі годнага класа засталіся, але паненкі ходзяць у строях – а цяпер і з гаджэтамі – пазамінулага сезона.

Калі меркаваць па больш-менш публічнай актыўнасці прыхільнікаў Нацыянальнага ўніверсітэта, дык фактычна размовы ішлі з Варшавай ды з Мінскам (ва ўзгаданым дыялогу Алены Анісім і Аляксандра Лукашэнкі).

Калі праект будзе рэалізаваны ў Беларусі пры падтрымцы Міністэрства адукацыі і агулам уладаў, то гэткі афіцыёз можа выпусташыць ідэю прасунутай беларускасці. Гэтак падчас “Вялікай размовы” Лукашэнка абяцаў: калі дзяржава створыць Нацыянальны ўніверсітэт, то прарэктарам ён туды прызначыць менавіта Алену Анісім.

Але рэктара мусіць выбіраць акадэмічная супольнасць праз дэмакратычны Сенат.

Што да падтрымкі з Варшавы, то ўлады Польшчы выглядаюць куды менш зацікаўленымі ў падтрымцы такога праекта, чым раней. Кейсы “Белсата” ды стыпендыяльнай праграмы імя Кастуся Каліноўскага яскрава дэманструюць, што выдаткоўваць значныя грошы на беларускія праекты Польша з розных прычынаў не імкнецца.

Як не паўтарыць лёс ЕГУ

Аляксандр Мілінкевіч спачатку спрабаваў балатавацца на пасаду рэктара Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта, а потым, калі не атрымалася, прыяднаўся да “ліста 57-мі”, дзе і канстатавалася неабходнасць ствараць новы Нацыянальны ўніверсітэт.

Гэтак можна сказаць, што і ўся ідэя выглядае крыху другаснай пасля ЕГУ, узнікае ўражанне, што плануецца стварыць яго новую версію – “ЕГУ 2.0”. Зноў закранаецца тэма, каб ратаваць Беларусь адукацыяй еўрапейскай якасці, выхоўваць “спецназ адраджэння”. Аднак з выразных адрознасцяў ад ЕГУ ў праекце “Нацыянальны ўніверсітэт” можна пабачыць, бадай, толькі дэкларацыю беларускамоўнасці ды аб’яднанне былых супрацоўнікаў ЕГУ, якія ў розныя гады зышлі з ЕГУ праз канфлікты з яго кіраўніцтвам.

Аднак, шчыра кажучы, галоўныя праблемы ЕГУ зусім не ў мове выкладання.

Беларускія выкладчыкі і студэнты цягнуць за сабой у еўрапейскую адукацыю савецкія практыкі і праблемы. Менеджмент, у тым ліку фінансавы, – неэфектыўны і непразрысты. Не стае акадэмічных традыцый: культуры самакіравання і ўнутранай дэмакратыі (ад студэнцкага самакіравання да Сената), акадэмічнай салідарнасці.

У праекта ЕГУ не атрымалася заставацца ў Беларусі і падтрымліваць баланс з уладамі, працуючы адначасова паводле еўрапейскіх і мясцовых стандартаў. Але міграцыя ў еўрапейскае памежжа стварае юрыдычныя калізіі ды ў выніку вядзе да выпустошвання беларускай ідэнтычнасці. Замест падтрымкі з боку дасведчаных заходніх акадэмічных прафесіяналаў атрымліваецца маяк для еўрапейскіх універсітэцкіх пенсіянераў і рознага кшталту міжнародных “Астапаў Бэндэраў”, якія не заангажаваныя ў беларускія справы і не надта імкнуцца да гэтага (прывітанне, Дэвід Полік!).

Зрэшты, разважанні пра высокакваліфікаваных выпускнікоў ЕГУ, якія калі не прынясуць у Беларусь дэмакратыю, дык прынамсі будуць шакаваць мясцовых маладых спецыялістаў сваім узроўнем прафесійнага майстэрства, таксама неяк не знайшлі рэальнага ўвасаблення.

Калі не разабрацца ва ўсіх гэтых праблемах і не знайсці годных адказаў на пытанні, то няма прычынаў спадзявацца, што лёс новага праекта будзе лепшы за ЕГУ.