Многія рэчы дзеляць Беларусь і краіны заходняй Еўропы. І любоў да канцэнтрацыі дзяржаўных органаў у сталіцы адна з іх. Калі ў Беларусі ўсе галоўныя сядзібы дзяржаўных агенцтваў знаходзяцца ў Мінску, то большасць заходніх дзяржаваў спрабуюць намазваць органы больш-менш роўным слоям на ўсю краіну.
Найбольш вядомы прыклад – гэта Цэнтрабанк Нямеччыны, які знаходзіцца ў Франкфурце-на-Майне, у Чэхіі ўсе найвышэйшыя суды вынесеныя за Прагу, многія дзяржаўныя органы працуюць у рэгіёнах у Паўночных краінах і Вялікабрытаніі. Болей за тое, заходнія краіны размяшчаюць ў рэгіёнах міжнародныя агенцтвы – “Інтэрпол” пераехаў з Парыжу ў Ліон яшчэ ў 1989-ым.
У Беларусі ж у сталіцы знаходзіцца ўсё.
І калі знаходжанне Міністэрства замежных спраў у Мінску лёгка абгрунтаваць, то добрую палову міністэрстваў можна размясціць у рэгіёнах. Органы ж, якія абавязаныя праводзіць незалежную палітыку, могуць пакінуць Мінск хоць заўтра – гаворка пра такія ўстановы, як Нацыянальны банк, Вярхоўны і Канстытуцыйны суды.
Існуе тры прычыны, чаму дзяржаўным агенцыям варта выехаць са сталіцы.
Па-першае, з’яўленне вялікага дзяржаўнага органу стала б штуршком для развіцця рэгіёну.
Фінансава Мінск, які і так атрымлівае 70% усіх беларускіх інвестыцыяў, гэтага не заўважыць. Але для Гомеля, дзе траціну гораду займае балансуючы на мяжы выжывання “Гомсельмаш”, з’яўленне некалькіх сотняў працоўных месцаў стала б дасягненнем.
Людзі кажуць, што “пакуль тоўсты сохне, худы здохне”. Беларускую сталіцу цяжка назваць тоўстай, але эканоміка рэгіёнаў больш балюча перажывае крызіс. Згодна з Белстатам, у 2015-ым рэальны заробак у Мінску не знізіўся, а ва ўсіх абласцях ён упаў прыкладна на 5% (апроч Мінскай, дзе падзенне склала 2,6%).
Пры тым, што перамяшчэнне міністэрства ў рэгіён прынясе не толькі эканамічнае паляпшэнне. Напрыклад, калі б Нацбанк пераехаў ў Пінск, то гэта б дало паляпшэнні ў многіх галінах – ад эканамічнай адукацыі да грамадскага сэрвісу.
Па-другое, перамяшчэнне міністэрстваў заашчадзіць бюджэтныя грошы і палепшыць дабрабыт супрацоўнікаў.
Функцыянаванне дзяржаўнага органу ў Мінску абыходзіцца даражэй, чым абыходзілася б у абласным горадзе. Перамяшчэнне з аднаго гораду ў іншы, безумоўна, каштавала б, але ў доўгатэрміновай перспектыве зменшыла б для бюджэту кошты функцыянавання гэтага органу.
Звычайныя супрацоўнікі таксама выйграюць, бо знізяцца кошты іх пражывання. Напрыклад, у Мінску квадратны метр жылля каштуе $ 1200 – у абласных гарадах у два разы менш, ды і прадукты ў Мінску звычайна даражэй.
Па-трэцяе, раўнамернае размяшчэнне дзяржаўных органаў палепшыць якасць дзяржаўнага кіравання.
Перамяшчэнне са сталіцы ў рэгіён прастымулюе тое, што так даўно абяцаюць улады Беларусі – развіццё электроннага ўраду. Міністэрствы не мелі б іншага выйсця апроч як аказваць паслугі грамадству і працаваць з іншымі дзяржаўнымі органамі праз інтэрнэт.
Апроч таго, прыбліжэнне дзяржаўных органаў да людзей патлумачыла б, што кіраванне з’яўляецца не толькі сталічнай справай. Калі выселіць палову міністэрстваў з Мінску, то гэта хоць крыху, але б зменшыла цывілізацыйны разрыў паміж сталіцай і рэгіёнамі.