• Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Даследаванні
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Спецпраекты
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Акно ў свет. Як беларуская вайсковая прамысловасць разбудоўвае кантакты

    Не зважаючы на раздражненне Крамля, войска Беларусі праводзіць усё больш самастойную палітыку.

    Цягам доўгіх гадоў Беларусь часта паўставала ў заходніх і беларускіх незалежных медыях пастаўшчыком зброі “краінам-ізгоям” як Лівія, Ірак ці Іран, але мінулы год перакуліў многае. Цяпер абвінавачанні ідуць перадусім ад расійскіх медыяў – зусім не самыя маргінальныя з іх абвінавачваюць Беларусь ва ўзбраенні “Ісламскай дзяржавы” і падтрымцы ўкраінскага войска. Да гэтага дадаюцца матэрыялы, што Беларусь прадае зброю Злучаным Штатам для сірыйскіх паўстанцаў.

    Нягледзячы на тое, што і першыя, і другія абвінавачанні не заўсёды і не да канца праўдзівыя,

    замена адных абвінавачванняў другімі паказвае змену палітыкі Беларусі.

    Беларусь ідзе ў свет

    Яшчэ ў 90-ых беларуская вайсковая прамысловасць мела добрыя кантакты на міжнароднай арэне, але тады Беларусь працавала перадусім у рэжыме крамы зброі, распрадаючы ўсё, што засталося ў спадчыну ад Савецкага Саюза. Праз 20 гадоў той зброі амаль не засталося, змянілася форма дачыненняў і асноўныя партнёры.

    Хоць Расія, безумоўна, застаецца галоўным саюзнікам (да 70 % беларускай вайсковай прадукцыі прызначана на супрацу з Расіяй, адзначыў “Ідэі” вайсковы аналітык Аляксандр Алесін), Беларусь усё болей праводзіць палітыку, якая бянтэжыць Крэмль.

    У 2015-ым гэта стала найбольш заўважна на трох прыкладах: Кітай, Украіна і арабскія краіны.

    Супраца з Кітаем можа выклікаць у Расеі найбольшае раздражненне, бо Беларусь цягне Кітай ва ўсе магчымыя праекты, не хаваючы таго, што гэтыя праекты паўстаюць, бо Расія неахвотная да паглыблення супрацы з Беларуссю. Сістэма залпавага агню “Паланэз”, якая ў стане запускаць ракеты на адлегласць у 200 км, была распрацаваная Беларуссю і Кітаем і прэзентаваная ў маі 2015-га.

     

    “Паланэз” – бадай, найбольшае дасягненне, якое Беларусь мае ў вайсковай сферы за гады незалежнасці.

    Апроч таго, Беларусь і Кітай праводзяць супольныя вучэнні. Трэція практыкаванні дэсантнікаў за апошнія чатыры гады прайшлі летам пад Брэстам. Ды і тыя ж вераснёўскія вучэнні, калі вайсковыя самалёты прызямляліся на М1, таксама праходзілі пры ўдзеле кітайскіх вайскоўцаў.

    Хоць Беларусь заўсёды мела дачыненні з украінскай вайсковай прамысловасцю, за апошнія два гады ўсяго толькі пастаўкі дызельнага паліва для ўкраінскага войска ў зону Антытэрарыстычнай аперацыі выглядаюць як дапамога ў барацьбе з прарасійскімі баевікамі.

    Не так шмат вядома пра памеры вайсковай супрацы Беларусі і Украіны, але падобныя адзін да аднаго фрагменты інфармацыі з’яўляюцца ва ўкраінскіх, расійскіх і беларускіх медыях. Гаворка звычайна вядзецца пра мадэрнізацыю вайсковага абсталявання ці пастаўкі супрацьтанкавых комплексаў “Стугна”.

    Беларуская, ужо даволі традыцыйная, палітыка “і нашым, і вашым” займела свае прымяненне на Блізкім Усходзе.

    Там Беларусь цяпер супрацоўнічае не толькі са сваімі ранейшымі саюзнікамі, Сірыяй ды Іранам, але таксама з заможнымі праамерыканскімі рэжымамі як Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, Катар ці Саўдаўская Аравія.

    У верасні амерыканскі сайт Buzzfeed пісаў, што Беларусь прадала антытанкавыя ракеты ЗША, якія былі перададзеныя сірыйскім паўстанцам. Reuters і Intelligence Online пісалі, што Беларусь пастаўляла зброю лівійскім баевікам, якіх падтрымлівае Катар. Падобныя здзелкі выклікаюць вялікае раздражненне Крамля, якое выліваецца ў абвінавачанні з боку расійскіх экспертаў, што Беларусь узбройвае “Ісламскую дзяржаву”.

    Праз войска ў свет

    Мілітарныя кантакты і кантракты служаць не толькі войску ці вайсковай прамысловасці.

    Для Беларусі гэта, бадай, найлепшая магчымасць наладзіць даверлівыя дачыненні з тымі ж багатымі суніцкімі рэжымамі ці Украінай, якая магла б стаць адвакатам Беларусі на Захадзе.

    Усё гэта дзеецца пры тым, што беларуская вайсковая прамысловасць сталася адным з найлепшых тавараў, якія можна паказаць у свеце. Прапаноўваць МАЗы ніхто не перастае, але наладзіць супрацу куды прасцей, калі прадаваць нешта сапраўды добрае. Дарэчы, па выніках трох кварталаў 2015-ага тры, звязаныя з вайсковай вытворчасцю, прадпрыемствы ўваходзяць у лік найбольш прыбытковых ААТ Беларусі.

    Для шмат каго Беларусь ідэальны партнёр – добрая тэхніка па добрых коштах без дадатковых палітычных праблемаў і абавязальніцтваў, якія нясе супраца з тымі ж Злучанымі Штатамі ці Расіяй.

    Але і Беларусі няма куды падзецца, апроч як разбудоўваць кантакты.

    У вайсковай супрацы з Расіяй усе пакуль магчымыя вяршыні ўжо ўзятыя.

    Ды і далейшы лёс супрацы шмат у чым залежыць ад стварэння вайсковай авіябазы, якой так не хочуць беларускія ўлады. Таму ў Беларусі няма асаблівага выбару, апроч як прасякаць акно ў свет.

    ПаказацьСхаваць каментары