• Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Спецпраекты
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Спецпраекты
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Рэйс МН17: як правесці суд насуперак расіі

    Арганізаваць міжнародны трыбунал у справе крушэння малайзійскага лайнера на ўсходзе Украіны аказалася няпроста. Аднак куды цяжэй будзе прыцягнуць вінаватых да фактычнага пакарання.

    На мінулым тыдні па сусветных медыях пракаціўся шквал абурэння – Расія, якую пры Радзе Бяспекі ААН прадстаўляе адыёзны Віталь Чуркін, перашкодзіла прыняць рэзалюцыю ААН пра стварэнне міжнароднага трыбунала, які б судзіў адказных за збіццё самалёта малайзійскіх авіяліній у ліпені мінулага года. Ініцыятары трыбунала прадбачылі гэты крок – напярэдадні галасавання Чуркін сумленна папярэдзіў, што збіраецца скарыстацца правам “вета”.

    Адразу пасля галасавання Галандыя абвясціла пра тры іншыя варыянты, якія цяпер імкліва распрацоўваюцца. Першая альтэрнатыва – гэта заснаванне міжнароднага трыбунала пяццю зацікаўленымі краінамі: Малайзія, Галандыя, Аўстралія, Бельгія і Украіна. Што праўда, такі суд будзе менш аўтарытэтны ў параўнанні з трыбуналам Рады Бяспекі ААН і наўрад ці зможа прымусіць іншыя краіны выдаваць меркаваных злачынцаў.

    Другая альтэрнатыва – гэта правядзенне праекта міжнароднага трыбунала праз Генеральную Асамблею ААН. Найбліжэйшая сесія ГА мае адбыцца ў верасні, аднак на ёй хутчэй за ўсё гэтае пытанне разглядацца яшчэ не будзе. Расія растлумачыла, што наклала “вета” на рэзалюцыю таму, што канчатковыя вынікі міжнароднага расследавання збіцця самалёта не падрыхтаваныя, а таму спяшацца з правядзеннем трыбунала не варта.

    Чакаецца, што выніковая справаздача расследавання будзе апублікаваная ў кастрычніку, пасля гэтага краіны-ініцыятары трыбунала паўторна звернуцца ў Раду Бяспекі з праектам рэзалюцыі. І толькі калі Расія другі раз праваліць прыняцце рэзалюцыі, гэтае пытанне будзе вынесена на разгляд Генеральнай Асамблеі. Верагодна, дзеля гэтага будуць склікаць спецыяльную сесію.

    Трэцім, самым непажаданым варыянтам, застаецца правядзенне нацыянальнага судовага працэсу ў адной з краін, грамадзяне якой загінулі ў гэтай авіякатастрофе.

    Трыбунал можа асудзіць нават прэзідэнта ды прэм’ер-міністра

    Ініцыятары трыбунала распрацавалі не толькі адпаведную рэзалюцыю, але і дадатак да яе – статут трыбунала. Гэты дакумент вызначае, з якіх структураў будзе складацца будучы суд, хто будзе абіраць суддзяў, якія катэгорыі крымінальных артыкулаў будуць разглядацца падчас трыбунала ды інш. Асаблівую цікавасць уяўляе 43-ці артыкул, у якім вядзецца гаворка пра пакаранне для вінаватых. Пакаранне, па беларускіх мерках, адносна сціплае – да 30-ці гадоў турмы альбо пажыццёвае зняволенне ў залежнасці ад ступені вінаватасці. Аднак чакаць смяротнай кары тут і не варта б было – ва Украіне, Галандыі, Аўстраліі ды Бельгіі гэты тып пакарання не ўжываецца, у Малайзіі смяротнае пакаранне можа быць вынесена толькі за захоўванне ці кантрабанду наркотыкаў альбо за адступніцтва ад ісламу (у некаторых штатах).

    Дарэчы, пад дзеянне трыбунала трапляюць не толькі непасрэдныя выканаўцы, але кожная асоба, якая мела хоць нейкае дачыненне да знішчэння малайзійскага боінга. Аўтары статута, відавочна, улічылі досвед міжнароднага трыбунала па генацыдзе ў Руандзе, які судзіў толькі галоўных арганізатараў. У выніку некалькі ключавых абвінавачаных атрымалі турэмныя тэрміны ў той час, як крымінальныя справы драбнейшых фігурантаў разглядаў нацыянальны суд, які прысудзіў ім смяротныя пакаранні.

    Паводле праекта статута, у лік асуджаных могуць трапіць афіцыйныя асобы, якія валодаюць імунітэтам. Да таго ж пры немагчымасці даставіць падазраваных у суд іх могуць судзіць завочна. У расійскіх праўладных медыях ужо гучаць абвінавачванні, што гэтыя артыкулы статута былі прапісаныя адмыслова для расійскіх службоўцаў, уключна з самымі высокімі чынамі.

    Вінаватыя будуць пакараныя, пытанне: калі?

    Ужо цяпер відавочна, што шляхі абыходу расійскага “вета” ёсць, і трыбунал будзе створаны, нават калі гэты працэс зойме больш часу, чым планавалася спачатку. Аднак з правядзеннем трыбунала паўстае новая, куды больш складаная праблема – як дамагчыся, каб вінаватыя былі пакараныя? Нават калі прарасійскіх сепаратыстаў атрымаецца прыціснуць, над механізмамі ўздзеяння на сучасную Расію ламаюць галовы палітыкі з усяго свету, і пакуль нічога дзейснага не прыдумалі.

    Хутчэй за ўсё сваякам загінулых у самалёце давядзецца чакаць справядлівасці не адзін год. Шмат якія родныя ахвяраў Асвенціма так і не дачакаліся красавіка 2015-га, калі арыштавалі 93-гадовага Оскара Грэнінга, бухгалтара канцэнтрацыйнага лагера. Зразумела, маштабы трагедыі рэйса МН17 і злачынстваў у Асвенціме параўноўваць цяжка Аднак кожны са сваякоў ды сяброў загінулых у самалёце мае права як мага хутчэй даведацца, па чыёй віне яны больш ніколі не ўбачаць любімых людзей.

    ПаказацьСхаваць каментары