Медыя-даследчык Яўген Марозаў павінен цікавіць беларускую аўдыторыю як мінімум па дзвюх прычынах. Па-першае, ён адзіны, хто прадстаўляе Усходнюю Еўропу ў рэйтынгу глабальных мысляроў часопіса Prospect. Марозаў піша доктарскую дысертацыю ў Гарвардзе і вядзе калонкі ў найлепшых медыях свету, такіх як Economist, Wall Street Journal, Foreign Policy, Financial Times і New York Times.
Па-другое, Марозаў – беларус, які паходзіць з Салігорска і з’яўляецца найбольш вядомым беларускім інтэлектуалам на Захадзе. Уласна ён прыдумаў тэрмін-канцэпт “Twitter-рэвалюцыя” і мае ўпэўненую пазіцыю, што інтэрнэт-свабода не робіць нас свабоднымі.
Усё пачалося з таго, што Марозаў, перапоўнены ідэалістычнымі памкненнямі, далучыўся да няўрадавай арганізацыі Transitions Online, якая выкарыстоўвае “новыя медыі” для прасоўвання дэмакратыі і рэформаў СМІ ў многіх краінах былога Савецкага Саюза.
Марозаў ездзіў па Сярэдняй Азіі, Каўказе і Беларусі, сустракаўся з інтэрнэт-актывістамі, блогерамі і апазіцыйнымі палітыкамі; агітаваў іх за “новыя СМІ”; паказваў, як выкарыстоўваць блогі, сацыяльныя сеткі і “Вікіпедыю” ва ўсіх яе варыянтах для выкрыцця злоўжыванняў у краіне.
Тады ён верыў, што менавіта інтэрнэт і сучасныя тэхналогіі могуць прывесці такія краіны, як Беларусь, да дэмакратычнай будучыні. Аднак, на яго здзіўленне, ён выявіў, што дыктатарскія рэжымы так проста не здаюцца. Больш за тое, некаторыя з іх перажылі гэтую пагрозу і сталі больш рэпрэсіўнымі.
У 2011-ым выйшла кніга Марозава The Net Delusion: How Not to Liberate The World (“Сеткавы падман: цёмны бок інтэрнэт-свабоды”), якая была ўключана газетай New York Times у спіс 100 адметных кніг 2011 года. У кнізе Марозаў 2011-га крытыкуе Марозава 2009-га, прагматык робіць вымову ідэалісту.
Азнаёміўшыся з яго калонкамі і працамі, мы вылучылі асноўныя тэзісы пра свабоду і сучасныя тэхналогіі. Аптымізму тут мала.
Наіўная вера ў анлайнавыя камунікацыі
Для Марозава вера ў вызвольную сілу слова – гэта нешта накшталт фальшывага культу часоў халоднай вайны, які дагэтуль жыве ў свядомасці тых, хто лічыць, што ЗША перамаглі дзякуючы распаўсюду ліберальных ідэй. На яго думку, “паводле гэтай логікі, інтэрнэт – гэта ўсё тыя ж свабодныя радыёстанцыі, джынсы і кока-кола, толькі на метадалагічнай пазіцыі: забяспечце працу адпаведных інтэрнэт-сэрвісаў у праблемных краінах, і іх грамадзяне самі сябе вызваляць”.
Падобныя ідэі Марозаў называе кібер-утапізмам, “наіўнай верай у прыроду анлайнавых камунікацый”. Прычым вера гэтая шкодная, бо аказвае “згубны ўплыў на дэмакратыю”. Рамантыкі сацыяльных медыяў не ўпільнавалі самага банальнага: інтэрнэт – гэта інструмент, даступны ўсім. У руках чыноўнікаў ён аказваецца больш магутным зброяй, яшчэ больш небяспечнай за іх уласнае тэлебачанне, таму што дазваляе сачыць за грамадзянамі, выяўляць і хутка адказваць на пагрозы рэжыму, ствараць бачнасць дыскусіі і больш эфектыўна займацца прапагандай.
Інтэрнэт не набліжае да дэмакратыі
Што з таго, што ў Венесуэле, Расіі ці Беларусі ёсць інтэрнэт, калі сам Уга Чавес вёў трансляцыі ў “Твітэры”, а Мядзведзеў мае больш за мільён падпісантаў у “Інстаграме”. Нават кіраўнік Чачэніі Рамзан Кадыраў мае свае профілі ў сацсетках. Гэта наблізіла гэтыя краіны да дэмакратыі? “Мы чакалі ўздыму лібералізму толькі таму, што недзе запрацуе пашукавік, – піша Марозаў. – Але ў рускім інтэрнэце найбольш папулярныя запыты, не “што такое дэмакратыя” і “абарона правоў чалавека”, а “што такое каханне” і “як схуднець”.
Гэта толькі здаецца, што анлайнавыя супольнасці аб’ядноўвае нейкая мэта, дзеля якой іх удзельнікі гатовыя ахвяраваць хоць бы сваім бытавым камфортам. Інтэрнэт расслабляе, прывучае да марнавання часу, безадказнасці, самалюбавання. Наяўнасць інтэрнэту не гарантуе, што маладыя людзі павальна пачнуць станавіцца новымі Чэ Геварамі.
iPod супраць дыктатуры
Падчас сваіх выступаў на канферэнцыях TED Марозаў кажа, што неразумна меркаваць, нібыта любы жыхар Ірана ці Кітая, які любіць свой iPod, гэтак жа палюбіць і ліберальную дэмакратыю.
Большай праблемай з’яўляецца логіка, што нам варта скідаць iPod’ы, а не бомбы. “Тым з вас, хто думае, што новыя сродкі ў інтэрнэце як-небудзь дапамогуць перадухіліць генацыд, варта зірнуць прынамсі на Руанду. Там у 90-ых дзве радыёстанцыі ў першую чаргу адказвалі за распальванне этнічнай нянавісці”.
Не варта недаацэньваць аўтарытарных кіраўнікоў
Марозаў раіць не спяшацца ацэньваць сваю ўладу як неразумную і непрадбачлівую. “Насамрэч ключавыя пасады часткова занятыя вельмі разумнымі людзьмі. У іх вельмі добрыя кансультанты, часта заходнія. Яны купляюць заходнія тэхналогіі і часта выдатна ведаюць, як выкарыстоўваць інтэрнэт у асабістых мэтах”.
Жыхары Сіліконавай даліны не хочуць пазбавіцца ўрада
Людзі ідэалізуюць новыя тэхналогіі. Многія тэорыі, згодна з якімі тэхналогіі будуць мець вырашальную ролю ў стварэнні ідэальнага грамадства, занадта расплывіста сфармуляваныя. Два гэтыя фактары, на думку Марозава, умацоўваюць папулярны зман пра тое, што тэхналагічныя гіганты хочуць зрынуць існыя ўрады.
“Памылкова думаць, што Сіліконавая даліна хоча, каб урада не існавала. Прадстаўнікі тэхналагічных кампаній не мараць пра маленькія лібертарыянскія дзяржавы, таму што маленькай дзяржаве не патрэбныя магутныя гаджэты або велізарныя дата-цэнтры. Яны хочуць шчыльнага супрацоўніцтва з ужо існымі ўрадамі, якія апантаныя інфармацыяй і вераць у тое, што паводзіны чалавека цалкам падкантрольныя”.
“Фэйсбук” запісвае вашыя думкі, нават калі вы іх не маеце
Усе смарт-тэхналогіі могуць быць выкарыстаны супраць нас з вамі. Асабліва гэта датычыць сацыяльны сетак. Вынікі даследаванняў пацвярджаюць, што з кожнай порцыяй асабістай інфармацыі, якую мы раскрываем у сацыяльнай сетцы, мы набліжаем сітуацыю, калі хто-небудзь можа скарыстацца ёю, каб даведацца, якія мы, а гэта – дакладны крок да ўсталявання кантролю над нашымі паводзінамі. “Я папярэджваю вас: “Фэйсбук” запісвае вашыя думкі, нават калі вы іх не маеце.
Пасля не дзівіцеся, адкуль адпаведныя органы ведаюць пра вас больш, чым вашая мама. Калі вы карыстаецеся “разумнай” зубной шчоткай, вы мусіце ўлічваць, што дадзеныя з яе могуць быць імгненна адасланы вашаму стаматолагу, але адначасова гэтыя дадзеныя можа атрымаць хтосьці са спецслужбаў, каб даведацца, што вы клалі ў рот тры тыдні таму”.
Дык што палегчыць пераход да дэмакратыі?
Не варта спадзявацца, што адкрыццё ўсіх сетак і апублікаванне ўсіх дакументаў палегчыць пераход да дэмакратыі. “Калі сумны вопыт 90-ых гадоў нечаму нас навучыў, дык гэта таму, што паспяховы пераход патрабуе наяўнасці моцнай дзяржавы і адносна ўпарадкаванага грамадскага жыцця”. Інтэрнэт, пісаў у 2010-ым годзе Марозаў, можа быць пагрозай і рэжыму, і змагару з ім. “Калі вы хочаце спланаваць рэвалюцыю, ніколі не рабіце гэтага публічна – улады пабачаць і арыштуюць кожнага”.