Прэзідэнцкія выбары ў Малдове і рэферэндум пра ўступленне ў Еўрасаюз адлюстравалі глыбокі падзел між прыхільнікамі еўраінтэграцыі і прарасейскага шляху. Гэты можа стаць каштоўным урокам для Беларусі, дзе першаму дэмакратычнаму лідару прыйдзецца шукаць баланс паміж Захадам і Расеяй.
З невялікай перавагай на прэзідэнцкіх выбарах у Малдове перамагла праеўрапейская кандыдатка Мая Санду. У другім туры яна набрала 55%, а яе супернік Аляксандр Стаяногла, якога часта называюць прарасейскім кандыдатам, атрымаў 45% галасоў. Перамога Маі Санду, хоць і важная, не была ашаламляльнай, як і вынікі рэферэндуму па пытанні ўступлення ў Еўрасаюз (50,46% – за; 49,54% – супраць). Чаму ж амаль палова насельніцтва падтрымала прарасейскі варыянт і што можа вынесці Беларусь з гэтага досведу?
Цэнтр за Еўрасаюз, памежныя рэгіёны – за Расею
Вынікі выбараў адлюстроўваюць глыбокую палярызацыю ў грамадстве. Яна адбываецца ўздоўж мяжы паміж гарадскім і сельскім электаратам: першы аддаў перавагу еўрапейскаму выбару, а другі – супрацоўніцтву з Расеяй. Падзел прайшоў таксама па рэгіёнах.
Цікава, што жыхары непрызнанага Прыднястроўя, якія не могуць галасаваць на сваёй тэрыторыі, але маюць малдаўскі пашпарт, прагаласавалі за еўраінтэграцыю і праеўрапейскую прэзідэнтку.
Пры гэтым рэгіёны, якія мяжуюць з краінай-чальцом Еўрасаюза – Румыніяй, выступілі супраць еўраінтэграцыі і падтрымалі Стаяногла. Асобнае месца займае Гагаузія – аўтаномная тэрыторыя з моцным расейскім уплывам. У гэтым рэгіёне выбарцы адназначна галасавалі за Стаяногла і нават пагражалі выйсці з Малдовы, калі краіна ўступіць у ЕС.
Універсальны запыт на “моцную руку”
Чаму ж так шмат малдаван не падтрымліваюць еўрапейскі шлях, нягледзячы на значную фінансавую падтрымку краіны з боку ЕС? Шмат малдаван пакутуюць з-за высокай інфляцыі, адсутнасці працы і цэн на камунальныя паслугі. Апошнія асабліва выраслі ў мінулым годзе, калі Расея зменшыла экспарт газу ў краіну. Жыхары краіны не адчуваюць падтрымкі Еўрасаюза, але ж пры гэтым Еўрапейская камісія выдзеліла месяц таму € 1,8 мільярда на эканамічнае развіццё краіны.
Хоць электарат Стаяногла і выказвае прарасейскія настроі, але сам палітык не выступае супраць уступлення Малдовы ў Еўрасаюз. Тым не менш ён лічыць, што краіне не варта імкнуцца да статусу кандыдата цяпер, і падтрымлівае ідэю гарманічнага эканамічнага супрацоўніцтва як з Еўропай, так і з Расеяй. Насельніцтва Малдовы часта праектуе незадаволенасць праеўрапейскімі ўладамі на сам Еўрасаюз.
Акрамя таго, не ўсе малдаване падтрымліваюць ідэю жанчыны на пасадзе прэзідэнта і хочуць бачыць “моцную руку” аўтарытарнага лідара, як у Беларусі, на галоўнай кіроўнай пасадзе. Тым самым яны фактычна пагаджаюцца с Аляксандрам Лукашэнкам, які часта кажа, што жанчына не можа быць прэзідэнтам.
“Ну вот какая чистота, какой порядок в Беларуси! Почему здесь такого сделать нельзя? Там выходит Лукашенко, один раз кулаком по столу стукнул, и все сделано. Вот просто всех держит в кулаке. А у нас, вы же видите, баба…” – выказалася адна з выбарцаў Стаяногла.
Падзеленае беларускае грамадства
Як і ў Малдове, у Беларусі грамадства моцна падзеленае ў адносінах да геапалітычнага шляху краіны. Паводле апытанняў, 41% беларусаў лічаць, што краіне лепей мець саюз з Расеяй, 26% – з Расеяй і ЕС адначасова, 20% падтрымліваюць статус па-за саюзамі і толькі 13% хацелі б інтэграцыі з ЕС. Апроч таго, апошняя хваля апытанняў Chatham House паказвае, што беларускае грамадства ў цэлым хоча, каб краіна мела моцных эканамічных партнёраў, без якіх ёй не справіцца з выклікамі сучаснага свету.
Падзел галасоў у Малдове паміж горадам і вёскай можна праектаваць і на Беларусь. Жыхары гарадоў атрымліваюць больш эканамічных і культурных магчымасцяў, чым жыхары вёсак. Таму гарадское насельніцтва патэнцыйна можа атрымаць больш бенефітаў ад еўрапейскіх інстытутаў. Сельскае насельніцтва звычайна больш кансерватыўнае, а таксама часта спажывае значную колькасць расейскага інфармацыйнага кантэнту, асабліва праз тэлебачанне.
У такіх умовах нават пасля дэмакратызацыі складана чакаць татальнай падтрымкі заходняга курсу. Праеўрапейскую арыентацыю будуць мець тыя беларусы, якія нават сёння, калі атрымаць візу складана, маюць магчымасць выехаць за мяжу, а таксама, вядома ж, тыя, хто вернецца ў краіну пасля пераменаў. У любым выпадку рэформы, асабліва эканамічныя, будуць няпростымі, таму можна прадказваць працяг масавай эміграцыі. Імаверна, ад тых, хто будзе з’язджаць у ЕС, таксама можна чакаць жадання праеўрапейскага шляху для будучай Беларусі. Падобнае мы маглі назіраць і ў выпадку Малдовы: большасць дыяспары прагаласавала за еўрапейскі шлях.
Аднак для большасці беларусаў, якія не маюць доступу да віз і еўрапейскага рынку працы, адсутнасць магчымасці наведаць ці жыць у ЕС будзе вымушаць іх з’язджаць на заробкі ў Расею і там жа адпачываць. Гэта будзе замацоўваць эканамічную і сацыяльную арыентацыю на Расею, што ўскладніць пераход да еўрапейскага курсу.
Такім чынам, вынік выбараў у Малдове наглядна дэманструе магчымы сцэнарый для Беларусі ў выпадку дэмакратычных перамен.
Беларускае грамадства, імаверна, будзе падзеленае паміж Захадам і Расеяй, з жаданнем наладжваць добрыя стасункі адначасова ў абодвух напрамках. Спатрэбіцца значная і доўгатэрміновая праца, каб забяспечыць большасць галасоў у падтрымку еўрапейскага шляху.
Аднак у Малдове, нягледзячы на падзел у краіне, абодва палітыкі абяцалі быць лідарамі для ўсёй нацыі. Аляксандр Стаяногла заяўляў, што будзе “апалітычным прэзідэнтам”, а Мая Санду пасля перамогі дэкларавала, што будзе прэзідэнткай для ўсіх грамадзян. Адпаведна, першы дэмакратычны прэзідэнт Беларусі сутыкнецца са складанай задачай быць прэзідэнтам для ўсіх і непазбежна супрацоўнічаць як з Захадам, так і з Усходам.
Першае фота: Vadim Ghirda/AP