падтрымаць нас

Палітыка

Асаблівасці беларускіх выбараў, якія навяваюць сум

Асаблівасці беларускіх выбараў, якія навяваюць сум
Галоўныя вынікі выбараў у мясцовыя Саветы ў Беларусі.

13-18 лютага ў Беларусі адбыліся выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў. Выбары, якія, нягледзячы на ​​падазрона высокую яўку ў 77 %, на самой справе былі мала каму цікавыя, – бадай, толькі экспертам, апазіцыі, уладзе і назіральнікам ад дыпламатычных місіяў.

Адсутнасць цікавасці звязаная ў першую чаргу з тым, што беларусы ў цэлым у апошнія гады палітычна даволі апатычныя і не вераць у сумленныя выбары. У другую, гэта вынікае з таго, што мясцовыя Саветы практычна не надзеленыя якімі-небудзь сур’ёзнымі паўнамоцтвамі.

Мабыць, галоўнай інтрыгай выбараў было пытанне: ці трапяць прадстаўнікі апазіцыйных сілаў у мясцовыя Саветы? Падсумоўваючы вынікі галасавання, можна сказаць, што чаканні тых, хто спадзяваўся на гэта, не спраўдзіліся. Адзіным незалежным дэпутатам у новых мясцовых саветах будзе Валер Білібуха, які ўжо другі раз запар перамагае на выбарах.

Гэта значыць, што нават гульня ў дэмакратыю ўладам занадта чужая, а эксперымент з незалежнымі дэпутатамі ў парламенце кіраўніцтву краіны не вельмі спадабаўся.

Не малую ролю адыграла і тое, што ў параўнанні з парламенцкімі выбарамі Захад цяпер збольшага не звяртаў увагі на выбары і не высылаў адпаведнага меседжа ўладам Беларусі.

Яўка выбарцаў

Сёлета ўлады яшчэ больш адказна падышлі да арганізацыі выбараў. Вялікі адсотак тых, хто прагаласаваў, ад агульнага ліку выбарцаў кажа сам за сябе. Пры тым, што 35 % выбарцаў прагаласавалі датэрмінова (для параўнання на выбарах у мясцовыя Саветы ў 2014 годзе яўка на датэрміновым галасаванні склала 32 %, а на парламенцкіх выбарах 2016 года 31 %).

Падобна на тое, што ўлады ўсё ж такі перастараліся.

Бо, натуральна, цяжка ўявіць, што ў дэмакратычнай дзяржаве пры адсутнасці абавязковага галасавання цікавасць з боку грамадзянаў да мясцовых выбараў будзе суадносіцца з цікавасцю да выбараў прэзідэнта (у 2015 годзе на прэзідэнцкіх выбарах яўка была 86 %, з іх 36 % выбарцаў прагаласавалі датэрмінова).

Для параўнання, у Бельгіі, дзе ўдзел у выбарах з’яўляецца абавязковым, на апошніх парламенцкіх выбарах прагаласавалі 89,4 % выбарцаў. У Польшчы на ​​апошніх прэзідэнцкіх выбарах яўка была 55,3 %, у Францыі на парламенцкіх 42,6 %, а сярэдняя яўка на апошніх выбарах у Еўрапейскі парламент была 42,61 %.

Што цікава, у апошнія дзесяцігоддзі ў краінах “вольнага свету” існуе тэндэнцыя падзення яўкі выбарцаў. З еўрапейскіх краінаў пасля заканчэння Халоднай вайны толькі ў Беларусі і Расіі адзначаецца яе рост. “Дзіўным чынам” гэта супадае з аўтарытарным рэжымам кіравання, які існуе ў гэтых краінах.

У Беларусі, калі верыць афіцыйнай статыстыцы, падчас выбараў жыхары надзвычайным чынам выконваюць свой грамадзянскі абавязак. Толькі пасля іх заканчэння чамусьці зноў упадаюць у грамадзянска-палітычную спячку да наступных выбараў. Сапраўды, краіна цудаў.

Дзе апазіцыя?

Больш за 22 тыс. кандыдатаў былі зарэгістраваныя для ўдзелу ў выбарах, якія павінны былі быць выбраныя ў 1309 мясцовых Саветаў. З іх апазіцыйныя сілы прадставілі прыкладна 400 кандыдатаў, г.зн. толькі 2 % ад агульнай колькасці кандыдатаў.

1051 кандыдат з’яўляўся чальцом палітычных партыяў. Прычым найбольшым прадстаўніцтвам, як ні дзіўна, маглі пахваліцца практычна нікому не вядомыя маргінальныя праўладныя партыі, такія як Камуністычная партыя Беларусі (409 кандыдатаў), Ліберальна-дэмакратычная партыя (228) і Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці (177). Найбольшае прадстаўніцтва ад апазіцыйных партыяў было ў Аб’яднанай грамадзянскай партыі – 71 кандыдат.

Варта адзначыць, што ў параўнанні з мясцовымі выбарамі 2014 года апазіцыйныя палітычныя партыі вылучылі меншую колькасць кандыдатаў у дэпутаты (209 супраць 238 у 2014 годзе), а праўладныя наадварот істотна  павялічылі іх колькасць (832 супраць 512).

Гэта зноў жа сведчыць аб добрай падрыхтоўкі ўладаў да выбараў.

У сувязі з гэтым з’яўляецца лагічнае пытанне да апазіцыі: дзе гэты немалы актыў, пра які не раз заяўлялі апазіцыйныя структуры? І як так атрымліваецца, што палітычныя партыі, якія падтрымліваюць дзейных уладаў і фактычна існуюць для галачкі, выстаўляюць на выбары ў разы больш кандыдатаў у параўнанні з апазіцыяй? На жаль, выбары, як лакмусавая паперка, паказваюць непрыкметную ролю апазіцыі ў краіне.

Змяненне выбарчага заканадаўства

Яшчэ пасля прэзідэнцкіх выбараў у 2015 годзе АБСЕ склала і прапанавала ўладам Беларусі рэалізаваць 30 рэкамендацыяў па паляпшэнні выбарчага працэсу. Як гэта часта бывае ў Беларусі, на словах улады паставіліся да гэтай прапановы з вялікім энтузіязмам.  Нават больш, у лютым 2016 года, была створаная спецыяльная экспертная група, якая праз год паклала на стол да Лукашэнкі адпаведныя прапановы.

У 2016 годзе ЦВК заяўляў: на жаль, да парламенцкіх выбараў не паспеем рэалізаваць прапановы АБСЕ, бо не хопіць часу. Але да выбараў 2018 года акурат усё паспеем зрабіць. Аднак, нягледзячы на ​​надзеі беларусаў і заходніх партнёраў, Лукашэнка вырашыў нічога не змяняць.

Маўляў, сістэма адточаная, працуе ідэальна, дык навошта нешта мяняць.

І гэта дрэнная навіна, бо відавочна, што без адпаведнага выбарчага заканадаўства шанцаў на правядзенне дэмакратычных выбараў няма.  Гэта пацвярджаецца незалежнымі назіральнікамі, якія на сёлетніх выбарах фіксавалі шматлікія парушэнні, падобныя да тых, што былі на прэзідэнцкіх выбарах у 2015 годзе і парламенцкіх у 2016 годзе. У цэлым вынік выбараў несуцяшальны. На жаль, у краіне па-ранейшаму адсутнічае празрысты, свабодны і сумленны выбарчы працэс.

Мінулыя выбары, як і шматлікія папярэднія, прадэманстравалі сітуацыю: нізы (апазіцыя і грамадства) не могуць паўплываць на сам працэс і вынік, а вярхі (улады) не хочуць нічога мяняць, бо “выбарчая сістэма наладжаная і не дае збояў”. Сёння ў Беларусі выбары з’яўляюцца інструментам для рэалізацыі волі ўладаў, а не волі народа. Але так хочацца, каб было наадварот.