падтрымаць нас

Артыкулы

Люстраваць нельга забыць: як палітычныя механізмы могуць прадухіліць вяртанне да дыктатуры?

Люстраваць нельга забыць: як палітычныя механізмы могуць прадухіліць вяртанне да дыктатуры?

Вопыт краін, якія праводзілі люстрацыі, часта з’яўляецца не самым удалым. Аднак шэраг практык можа быць карысным для беларускай люстрацыі ў будучыні.

Нават калі да першых дэмакратычных выбараў у Беларусі яшчэ далёка, у грамадстве ўжо існуюць дыскусіі наконт правядзення люстрацыі над былымі суддзямі і сілавікамі. Гэты механізм можа дазволіць правесці справядлівы суд над удзельнікамі рэпрэсій і правесці прапрацоўку калектыўнай траўмы беларускага народа. Якія памылкі можа дапусціць будучае кіраўніцтва Беларусі падчас правядзення люстрацыі і як іх пазбегнуць? Разгледзім прыклады, у якіх альбо люстрацыі адсутнічалі ўвогуле, альбо былі праведзеныя з рознай ступенню паспяховасці.

Іспанія: адсутнасць люстрацыі не вырашае канфлікт

Пераход да дэмакратыі ў Іспаніі адбыўся адразу пасля смерці Франка, які кіраваў краінай амаль 40 гадоў. За 6 гадоў да яго смерці злачынствы рэспубліканцаў былі дэкрыміналізаваныя, частка палітзняволеных выйшла на волю, а таксама не было татальнай інфармацыйнай блакады. Улады нефармальна прынялі “пакт аб забвенні”, згодна з якім усе палітычныя сілы дамовіліся не “варушыць мінулае”. Фактычна, франкісты паступіліся ўладай, каб прадухіліць масавыя пратэсты, а палітычныя апаненты не правадзілі люстрацыі. 

Люстраваць нельга забыць: як палітычныя механізмы могуць прадухіліць вяртанне да дыктатуры?
Фота: EFE/VOLKHART MÜLLER

Эканамічны рост і перспектывы інтэграцыі ў еўрапейскі рынак, якія залажыў Франка, прывялі да кароткатэрміновага поспеху “пакта аб забвенні”. Аднак з пачатку 2000-х гадоў яго эфектыўнасць пачала слабець.

Іспанцы пачалі шукаць магілы ахвяраў (як франкістаў, так і рэспубліканцаў) грамадзянскай вайны і падымаць дыскусіі пра супрацьстаянне рэжыму падчас дыктатуры. Праз два пакаленні Іспанія вярнулася да пытанняў мінулага, якія доўга лічыліся закрытымі.

Але нават “Закон аб гістарычнай памяці” 2007-га, які прадстаўляў кампенсацыю ахвярам і адкрываў архівы, не стварыў механізма палітычнай люстрацыі над франкістамі. 

Польшча: спачатку перамовы, потым забарона 

Пачаткам дэмакратычнай трансфармацыі ў Польшчы стаў Круглы стол у  1988-1989-м, на якім прасавецкія ўлады і “Салідарнасць” амаль год шукалі кампраміс. У выніку камуністы дазволілі “паўсвабодныя выбары” у парламент з увядзеннем пасады прэзідэнта, замацаванай за камуністычным лідарам Войцехам Ярузэльскім.

Люстраваць нельга забыць: як палітычныя механізмы могуць прадухіліць вяртанне да дыктатуры?
Фота: picture-alliance/dpa

Аднак ужо ў 1990-м ён дазваляе правесці дэмакратычныя прэзідэнцкія выбары, на якіх перамог лідар апазіцыі Лех Валенса.

Закон аб люстрацыі быў прыняты амаль праз 10 гадоў пасля падзення камуністычнага рэжыму. Згодна з ім палітыкі і суддзі мусілі публічна дэклараваць сваю сувязь з камуністычнымі органамі. Аднак многія з іх працягнулі працу і не былі прыцягнутыя да адказнасці.

Эксперты лічаць, што як раз Круглы стол і перамовы з уладамі зрабілі люстрацыю ў Польшчы не вельмі паспяховай. Адным з эфектыўных спосабаў прадухілення вяртання да дыктатуры стала забарона на дзейнасць камуністычных партый, якая была фармальна ўведзена ў 1997 годзе з прыняццем канстытуцыі.

А з 2023-га за прапаганду камунізму можна трапіць у турму. 

Румынія: люстрацыі не працуюць?

Румынскі дыктатар Нікалае Чаўшэску кіраваў краінай 24 гады з дапамогай тайнай паліцыі Секурытатэ. Яго рэжым паў вельмі хутка і нечакана.  Пасля тыдня пратэстаў у канцы 1989-га і страляніны ў пратэстуючых дыктатара і яго жонку пакаралі смерцю без суда. 

Люстраваць нельга забыць: як палітычныя механізмы могуць прадухіліць вяртанне да дыктатуры?
Фота: EPA/ROBERT GHEMENT

Адначасова ўдзельнікі румынскай рэвалюцыі стварылі “Тымішаарскае абвяшчэнне”. Дакумент мусіў дапамагчы Румыніі перайсці да дэмакратыі  праз забарону былым лідарам камуністычнай партыі і тайнай паліцыі займаць палітычныя пасады на працягу 10 гадоў. Аднак апазіцыі не хапіла часу трансфармаваць дакумент у статус закона, і першыя выбары выйгралі камуністы, і яны вывелі пытанне люстрацыі па-за межы палітычнага дыскурса. 

Адзіным механізмам барацьбы з наступствамі дыктатуры стала Нацыянальная рада па вывучэнню архіваў. З дапамогай яе ў 2004-ым, напрыклад, адбылася рэформа судовай сістэмы. Цяпер дзеючыя суддзі не могуць займаць пасады, калі ў іх была сувязь з тайнай паліцыяй. Аднак люстрацыйныя меры зараз могуць прымяняцца  толькі да дзяржаўных службоўцаў, а палітыкі не лічацца такавымі. Таму ва ўладзе і буйным бізнесе Румыніі дагэтуль ёсць людзі з Секурытатэ, а былыя службоўцы тайнай паліцыі працягваюць давіць на Нацыянальную раду па вывучэнню архіваў. 

Адсутнасць сістэмнай люстрацыі прывяла да канфлікту ў грамадстве, які існуе дагэтуль. А ў 2014 годзе амаль 66% румынаў прагаласавалі б за дыктатара, калі б ён удзельнічаў у выбарах, а 69% лічаць, што пры камунізме жылося лепш.

Такім чынам, няўдалая люстрацыя ў Румыніі спрыяе грамадскаму канфлікту, які цягнецца нават 30 гадоў пасля смерці Чаўшэску. 

Люстраваць нельга забыць: як палітычныя механізмы могуць прадухіліць вяртанне да дыктатуры?
Фота: REUTERS

Верагодна, у Беларусі будзе таксама вельмі складана правесці люстрацыю. Ананімнасць сілавых структур, за выключэннем кіруючых пасад, зменшыць шанцы на справядлівы суд ці забарону займаць пасады канкрэтным асобам. Аднак варта засяродзіць увагу на тым, каб удзельнікі рэпрэсій не трапілі на дзяржаўныя пасады, ці зрабіць дакладны пералік пасадаў, якія ім забаронена займаць. Своечасовая дакладная люстрацыя разам з дакументаваннем злачынстваў і заахвочваннем публічных дыскусій пра мінулае можа не дапусціць да ўлады новага дыктатара ў Беларусі.