На сённяшні дзень Еўрапейскі саюз і Рэспубліка Беларусь ажыццяўляюць чатыры сумесныя энергетычныя праекты з агульным бюджэтам больш за 3 млн. еўра. Дзякуючы ініцыятыве EU4Energy, у Беларусі развіваецца ветраэнергетыка, школы становяцца ўсё больш энергаэфектыўнымі, у Чавусах была распрацавана разумная сістэма кантролю водаспажывання, Браслаўскі раён імкнецца стаць першым кліматычна-нейтральным муніцыпалітэтам у Беларусі, і больш за 40 беларускіх гарадоў далучыліся да сусветнага руху Пагаднення мэраў па пытаннях клімату і энергетыкі.
Пры падтрымцы ЕС цягам апошніх шасці гадоў у беларускіх гарадах праводзяцца так званыя “Дні энергіі” ў мэтах папулярызацыі ідэі энергаэфектыўнасці сярод насельніцтва. У гэтым годзе яны адбыліся ў 27 населеных пунктах. Па ўсёй краіне было праведзена ў агульнай колькасці 400 мерапрыемстваў, у якіх узялі ўдзел 16 000 чалавек. Мясцовыя ўлады запрашаюць грамадзян задумацца пра спажыванне энергіі з дапамогай хакатонаў, фестываляў, майстар-класаў, выстаў і экскурсій па ГЭС.
Апошнія шэсць год “Дні энергіі” штогод ладзіліся ў Полацку, а сёлетняе святкаванне адбывалася ў форме фестывалю святла. Такія святы ўжо даўно ладзяцца ў Еўропе, прыцягваючы тысячы наведвальнікаў. Найбуйнейшыя імпрэзы ладзяцца штогод у Ліёне, Лондане і Берліне.
Полацкі фестываль святла адбыўся ў рамках праекту “Гарсвятло” (PubLiCity), які з’яўляецца часткай праграмы “Пагадненне мэраў – Узорныя праекты”, якая фінансуецца Еўрапейскім саюзам у рамках ініцыятывы EU4Energy. У рамках праекту звычайныя лямпачкі вулічнага асвятлення на 16 вуліцах Полацка будуць замененыя на энергаэфектыўныя адпаведнікі.
Марына Барысава, арганізатарка Полацкага фестывалю святла:
“Мы думалі пра тое, каб паказаць нашым жыхарам, што сучасныя тэхналогіі асвятлення дапамагаюць мяняць горад і адначасова ашчаджаць энергію. Менавіта так нарадзілася ідэя правесці “Дні энергіі” ў форме фестывалю святла. Дзякуючы падтрымцы Еўрапейскага саюза і праекту “Гарсвятло”, мы наведалі Фестываль святла ў французскім Ліёне і прывезлі досвед сусветна знакамітага фестывалю ў Полацк”.
У рамках Полацкага фестывалю святла, на вуліцах горада з’явілася дзесяць светлавых інсталяцый, а ў горадзе і анлайн, прайшло больш за тузін тэматычных мерапрыемстваў. Інсталяцыі былі распрацаваны навучэнцамі мясцовых школ і каледжаў, для якіх быў праведзены адмысловы конкурс. Яны імкнуліся паказаць, што святло можа быць не толькі прыгожым, але і энергаэфектыўным.
Таццяна Цяпко і Аляксандра Кулакова, стваральніцы светлавой інсталяцыі “Азонавы шар”:
“З дапамогай нашай інсталяцыі, мы хацелі прыцягнуць увагу людзей да праблемы кліматычных змен. Мы зрабілі купал у выглядзе азонавага слою, які свеціцца па начах. Аднак часткі, якія сімвалізуюць дзюркі ў азонавым слоі, не загараюцца. Унутры шару ёсць датчыкі, якія рэагуюць на рухі рук. Калі вы падносіце руку бліжэй да дзюркі, тая загараецца, і чалавек “лечыць” азонавы слой. Гэтым мы хацелі паказаць, што будучыня планеты ў нашых руках”.
Настасся Нікіціна, стваральніца інсталяцыі “Зоркі”:
“Я родам з Віцебску, але радая узяць удзел у Полацкім фестывалі святла. Лічу, што для далейшага развіцця гарадоў важна праводзіць такія мерапрыемствы ў рэгіёнах. Важна таксама падтрымліваць ініцыятывы людзей, якія хочуць спрыяць зменам ў сваіх гарадах і стварэнню там новых арт-аб’ектаў.
Я думаю, у нашай інсталяцыі у нас атрымалася спалучыць тэму экалагічнай і энергетычнай эфектыўнасці з элементамі беларускай культуры. Мы зрабілі яе выключна з экалагічна чыстых матэрыялаў, і святло ідзе ад святлодыёдных лямп, што спажываюць у сем разоў менш энергіі, чым звычайныя лямпачкі”.
Аляксандр Станкевіч, Валерыя Кашнікава і Андрэй Касякоў, стваральнікі інсталяцыі “Кола часу”:
Мы аб’ядналі дзве праблемы: змяненне клімату і страчаныя помнікі архітэктуры Полацка. Сапраўдныя арт-аб’екты, якія спажываюць вельмі мала энергіі і могуць дапоўніць стыль горада, можна зрабіць з экалагічна чыстых матэрыялаў і святлодыёдных стужак. Мы спадзяемся, што гэты фестываль будзе праводзіцца ў Полацку штогод, бо самы просты спосаб ілюстраваць ідэю – праз мастацтва. Людзі імкнуцца да прыгожага, а святло сімвалізуе жыццё і надзею”.
Полацк стаў першым горадам Беларусі, які далучыўся да Пагаднення мэраў у 2012 годзе. Пасля Полацка яшчэ чатыры дзясяткі гарадоў далучыліся да ініцыятывы. Гэтыя гарады добраахвотна абавязаліся скараціць свае выкіды CO2 на 20% да 2020 году і на 30% да 2030 году. Кожны трэці беларус жыве на тэрыторыі горада-падпісанта пагаднення.
Сяргей Лейчанка, першы намеснік старшыні Полацкага раённага выканаўчага камітэта:
“Для таго, каб папулярызаваць ідэю энергаэфектыўнага ладу жыцця, трэба працаваць з жыхарамі ўсіх узростаў: дзецьмі, школьнікамі, дарослымі. Каб дасягнуць гэтую мэту мы праводзім масавыя мерапрыемствы, у тым ліку дні энергіі. Мы бачым, што жыхарам горада падабаецца сёлетні фестываль святла, і цалкам магчыма, што горад будзе арганізоўваць яго кожны год. Некаторыя светлавыя інсталяцыі застануцца на вуліцах горада і пасля фестывалю”.
Фестываль святла ў Полацку – прыклад не толькі для беларускіх рэгіёнаў. Украінскі ўдзельнік “Пагаднення мэраў” горад Чарнаўцы таксама рэалізуе праект па мадэрнізацыі вулічнага асвятлення і плануе праводзіць “Дні энергіі” у такім жа фармаце, як яны праходзілі сёлета ў Полацку.
Полацкі фестываль святла быў уключаны ў анлайн-каляндар фестываляў святла LUCI (Lighting Urban Community International), міжнароднай арганізацыі, якая працуе ў вобласці вулічнага асвятлення. Дзякуючы гэтаму, Полацкі фестываль святла стаў у адзін шэраг з сусветна вядомымі фестывалямі святла ў Ліёне, Берліне, Парыжы і Бруселі.
Полацк стаў першым горадам, які праводзіць “Дні энергіі” ў фармаце фестывалю святла ў рэгіёне Усходняга суседства. Для іншых беларускіх гарадоў гэта прыклад, як прымяняць еўрапейскі вопыт і прыцягнуць увагу шырокай грамадскасці да ідэі энергазберажэння з дапамогай светлавога мастацтва.
Дадзены артыкул быў падрыхтаваны пры падтрымцы Еўрапейскага саюзу ў рамках ініцыятывы EU4Energy. Меркаванні, прадстаўленыя ў тэксце, належаць выключна аўтару і ніякім чынам не адлюстроўваюць пазіцыю Еўрапейскага саюзу.