Першага красавіка да працы прыступіць новы прэзідэнт М’янмы: ім стаў паплечнік Аун Сан Су Чжы, лідара дэмакратычнай апазіцыі і лаўрэата Нобелеўскай прэміі. І гэта ў краіне, дзе больш за 20 гадоў кіравала ваенная хунта, якая нават цяпер захоўвае ўплыў. Аднак яшчэ на леташніх выбарах у парламент апазіцыя змагла атрымаць большасць, а потым правесці свайго кандыдата на галоўную пасаду ў краіне.
А вось у Венесуэле праціўнікі ўлады толькі вырашаюць, як пазбавіцца ад прэзідэнта-сацыяліста Нікаласа Мадура і абраць дэмакратычнага кіраўніка дзяржавы. Сярод магчымасцяў – абвесціць рэферэндум пра адстаўку Мадура, бо пасля выбараў 2015-га ў апазіцыянераў ёсць канстытуцыйная большасць у Нацыянальнай асамблеі: 112 месцаў з 167.
Галасаванне ў абедзвюх краінах было адносна сумленным. Гэта адзначыла нават Freedom House, мабыць, самая вядомая з арганізацыяў, што вымяраюць узровень дэмакратыі. У цэлым Венесуэла разглядаецца экспертамі як часткова свабодная краіна, а М’янма – як несвабодная, аднак з лепшымі паказнікамі, чымся ў Беларусі.
Выбары ў беларускі парламент, што пройдуць у верасні, наўрад ці атрымаюць вельмі добрую ацэнку ад назіральнікаў. Аднак беларускай апазіцыі варта паўтарыць некаторыя ўрокі з лацінаамерыканскага і азіяцкага прыкладаў. Хаця б дзеля таго, каб спыніць серыю параз, выйсці з гета і, магчыма, перамагчы ў перспектыве.
Магчымасці выкарыстоўваюць, а не глядзяць на іх
Галасуючы за апазіцыю, венесуэльцы перш за ўсё хацелі сказаць “не” Нікаласу Мадура і сацыялістычнай палітыцы “чавізму” (яе пачаў менавіта Уга Чавес). У краіне даўно не хапае базавых прадуктаў, нават туалетнай паперы: дзяржава кантралюе кошты, па якіх ніхто не хоча гандляваць. Таксама існуюць белы і шэры абменныя курсы, што вельмі знаёма беларусам.
Па першым – вялікая ўпакоўка прэзерватываў (36 штук) у 2015-м каштавала $ 755, а па другім – каля $ 25.
Найбуйнейшы экспарцёр нафты – Венесуэла – стала яшчэ і ахвярай нечакана нізкіх коштаў на сыравіну. За два апошнія гады ВУП Венесуэлы скараціўся больш чым на 12 %, а інфляцыя ў 2015-м афіцыйна дасягала 140 %. Наўрад ці венесуэльцы могуць назваць сябе шчаслівымі.
Людзі хацелі пераменаў – апазіцыя не пабаялася іх паабяцаць і правесці выбарчую кампанію нават у самых бедных кварталах, якія раней падтрымлівалі Чавеса і Мадура. Прычым многія кандыдаты хадзілі туды пешшу, нягледзячы на пагрозы мясцовых “лос колектывос” (los colectivos), паўлегальных згуртаванняў кшталту ўкраінскіх “цітушак”, якіх часцяком спансуе дзяржава.
Хуткасць, з якой “беларускі эканамічны цуд” ператвараецца ў сумную рэчаіснасць, яшчэ адстае ад венесуэльскага падзення. Але і беларуская апазіцыя не робіць сур’ёзных намаганняў, каб давесці людзям, што менавіта яна дапаможа пераадолець крызіс. Верагодна ўсе чакаюць, што стане горш і што людзі самі выйдуць на вуліцы. Ну, а там ужо “паглядзім”.
Кааліцыя, кангрэс, круглы стол – аб’яднанне будзе карысным
Парламенцкія выбары і ў Венесуэле, і ў М’янме выйгралі апазіцыйныя аб’яднанні. У Венесуэле – больш слабое, дзе ёсць свае памяркоўныя кшталту Караткевіч і радыкалы кшталту Статкевіча. У М’янме – больш устойлівае аб’яднанне, якое існуе ў выглядзе адзінай партыі – Нацыянальнай лігі за дэмакратыю. Яна з’явілася ў канцы 80-ых, пасля дэмакратычных пратэстаў, і аб’яднала большасць нязгодных з ваеннай дыктатурай.
Кааліцыя дае больш рэсурсаў для прасоўвання ідэй, нават калі ў краіне блакуецца ці абмяжоўваецца праца незалежных медыяў. Агульныя дзеянні таксама асабліва эфектыўныя, калі дэпутатаў абіраюць паводле мажарытарнага прынцыпу, як гэта прынята ў Беларусі, Венесуэле і М’янме.
Пры такім раскладзе галасуюць не за партыі, а за іх канкрэтных прадстаўнікоў. Таму ў адной выбарчай акрузе прыхільнікі ўсіх апазіцыйных плыняў у кааліцыі могуць падтрымаць нейкага аднаго кандыдата, падвышаючы яго шанцы. Гэтая “хітрасць” дазволіла венесуэльскай апазіцыі займець дзве траціны месцаў у парламенце, хоць яе агульная падтрымка была толькі на 15 % вышэй, чымся ў праўладнай партыі.
Палітыка – гэта гульня на хітрасць, а не на сілу
Як часта здараецца ў несвабодных рэжымах, апазіцыя і ўлада становяцца зацятымі ворагамі, што імкнуцца знішчыць адзін аднаго. І ў Венесуэле, і ў М’янме рэпрэсіі дзяржавы і пратэсты апазіцыі не раз выходзілі за межы разумнага. Але на леташніх выбарах праціўнікі ўлады ў абедзвюх краінах пайшлі на тактычныя саступкі, каб наагул апынуцца ў спісе кандыдатаў.
Напрыклад, у М’янме апазіцыя не закранала бяспраўнага становішча мусульманскай меншасці, якую дзяржава нават не лічыць грамадзянамі.
А што больш важна – апазіцыя не ставіла на першае месца пытанне пра неадкладную змену дзяржаўнага ладу, пры якім вайскоўцы хоць і дазваляюць выбары, але ўсё роўна застаюцца галоўнай сілай у краіне.
У Венесуэле ж апазіцыя адмовілася ад тактыкі вулічных пратэстаў, якія пачаліся ў пачатку 2014-га і забралі некалькі дзясяткаў жыццяў. А лідарам стаў Энрыке Капрылес, палітык з памяркоўнымі поглядамі, які нават не адмаўляе некаторых заслуг Чавеса, якога венесуэльцы па-ранейшаму любяць і паважаюць.
Магчыма, беларускай апазіцыі, якая цяпер не можа сабраць і тысячы мітынгоўцаў, варта падумаць пра “мяккую дэмакратызацыю”. Пакуль рэжым застаецца мацнейшым, амаль не мае сэнсу патрабаваць ад яго ўсё і адразу.
Трэба быць палітыкамі: умець дамаўляцца, саступаць і адступаць, памятаючы пра канчатковыя мэты.
Тым больш што парламент у Беларусі амаль не мае паўнамоцтваў, таму і выбары туды не трэба разглядаць як “фінальны бой” за ўладу. Атрыманне хаця б аднаго-двух дэпутацкіх месцаў будзе ўжо мець для апазіцыі сімвалічнае значэнне.
Застаецца спадзявацца, што і дзяржава гатовая цвяроза ацаніць “вагу“ парламенцкіх выбараў і правесці іх адкрыта. Болей за тое, прапусціўшы апазіцыйных палітыкаў у парламент, яна з большай верагоднасцю атрымае крэдыт ад Захаду, а таксама зможа “падзяліць” адказнасць за актуальны эканамічны крызіс: вы нас крытыкуеце, мы далі вам шанец, але ж крызіс гэтак і не знік. Таму што насамрэч знікнуць ён можа толькі праз структурныя рэформы.