падтрымаць нас

Палітыка·Эканоміка/Бізнес

Правы чалавека ды дэмакратыя не цікавяць інвестараў

Правы чалавека ды дэмакратыя не цікавяць інвестараў
Як Беларусі прыцягнуць інвестыцыі і куды ідуць вялікія грошы, тлумачыць дырэктар аналітычнага Цэнтра Астрагорскага Яраслаў Крывой.

Восьмая лекцыя праекта “Новыя ідэі для Беларусі” была цалкам прысвечаная інвестыцыйнаму клімату Сінявокай. Наш выступоўца – Яраслаў Крывой – апрача кіравання Цэнтрам Астрагорскага і анлайн-часопісам Belarus Digest спецыялізуецца на вырашэнні спрэчак паміж інвестарамі і дзяржавай, міжнародным праве і арбітражы. Таму мы папрасілі Яраслава, каб ён распавёў, што шукаюць інвестары і чаго не хапае Беларусі.

Інвестыцыі прыносяць нават незалежнасць

Акрамя новых тэхналогій, сучасных метадаў кіравання і дадатковых працоўных месцаў інвестыцыі ўмацоўваюць незалежнасць невялікіх краін. Сінгапур здолеў выжыць, пераўтварыўшыся ў сусветны фінансавы і бізнес-цэнтр. У іншым выпадку яго маглі б лёгка праглынуць Малайзія, Інданезія ці нават Кітай.

Інвестыцыі паказваюць наколькі краіна развітая. Сінгапур – адна з першых краінаў у свеце па ўзроўні інвестыцыяў на душу насельніцтва, а таму і адна з самых паспяховых краін Азіі. Зусім без інвестыцыяў жывуць толькі Паўночная Карэя ды краіны Цэнтральнай Афрыкі. Сярод краін-суседзяў Беларусь самая апошняя ў прыцягненні інвестыцыяў. Вялікабрытанія мае ў дзясяткі разоў больш інвестыцыяў на душу насельніцтва, чымся мы.

Мы даем доступ да вялікага рынку. Аднак Расiя і Казахстан таксама

Калі апыталі менеджараў кампаній з абаротам больш за $ 1 млрд адносна фактараў, найбольш істотных пры выбары краін для інвеставання, то самай важнай прычынай стаў доступ да новых рынкаў. Доступ да мясцовых прыродных рэсурсаў стаў толькі другім чыннікам. Трэці – змяншэнне аператыўных коштаў (аўтсорсінг). Калі ўсе тры фактары супадаюць, інтарэс інвестараў максімальны.

Беларусь мае выхад да вялікіх рынкаў праз Мытны саюз, але Расія і Казахстан таксама. І ва ўсіх нас падобныя палітычныя рэжымы, таму рашэнні будуць прымацца на падставе іншых крытэраў. Гэтак жа праз аўтсорсінг у нас добра развіваецца рынак ІТ. Але буйныя замежныя карпарацыі не адчыняюць тут сваіх прадстаўніцтваў, а проста замаўляюць працы па кантрактах. На адкрыццё прадстаўніцтва таксама ўплываюць дадатковыя фактары.

Інвестары абіраюць стабільнасць, але і яе ў нас няма

Паводле апытання, паміж стабільнасцю і вяршэнствам права інвестары абіраюць стабільнасць. Але стабільнасць – гэта не толькі адсутнасць рэвалюцый. Гэта таксама прадказальнасць заканадаўства і адміністратыўных працэдур, а ў нас з гэтым праблемы.

Наступны важны крытэр – лёгкасць вядзення бізнесу: якім чынам выконваюцца кантракты, як хутка выконваюцца судовыя рашэнні. І ўжо потым ідуць падатковае заканадаўства, кваліфікаванасць працоўнай сілы, развітасць інфраструктуры і інавацыяў.

Толькі менш за 2% апытаных цікавяць правы чалавека і дэмакратычныя свабоды. Інвестарам важна зарабіць грошы ў краіне і адвесці іх акцыянерам. Гэта ўніверсальнае правіла, якое датычыць і амерыканскіх, і расійскіх, і кітайскіх інвестараў.

Карупцыя – гэта не проста даць хабар

Вяршэнства права шмат у чым звязана з адсутнасцю карупцыі. Інвестараў цікавіць не бытавая карупцыя, а на больш вышэйшым узроўні: ці падчас прыватызацыі маёмасць атрымаў той, хто прапанаваў найлепшыя ўмовы; ці выдаюць ліцэнзіі не тым, хто выйграў, а проста набліжаным да ўлады людзям.

Найбольш частыя праблемы ў галіне вяршэнства права: складанае і непразрыстае прыняцце рашэння дзяржаваю, неабгрунтаванае і дыскрымінацыйнае стаўленне, слабая абарона правоў на інтэлектуальную ўласнасць, недахоп незалежных судоў.

Беларусь яшчэ не мела інвестыцыйных спрэчак у міжнародным арбітражы

Калі ж у інвестара ўзнікла спрэчка з дзяржаваю, ён можа паспрабаваць яе вырашыць у мясцовых судах альбо ў кантрактным (на падставе дамовы паміж дзяржавай і інвестарам) ці інвестыцыйным (на падставе дамовы паміж краінамі па абароне інтарэсаў інвестараў) арбітражах. Нягледзячы на ўсе праблемы з вяршэнствам права, Беларусь пакуль не мела спрэчак у міжнародных арбітражах.

У нашай усходняй суседкі вопыт у гэтых справах куды большы. Аднак звычайна пасля накладання арышту на маёмасць, усе гэтыя рашэнні паспяхова аспрэчваюцца. Гэтак было ў апошнім выпадку са справай “Юкас”, калі маёмасць у Бельгіі і Францыі арыштавалі, а потым вызвалілі. Прычына ў тым, што ў міжнародным праве дзейнічае імунітэт на маёмасць дзяржавы.

Што зрабіць Беларусі?

Імкнуцца да стабільнага заканадаўства. Нельга за паўгода змяняць законы – прынялі новы і ўсё. У развітых краінах гэты працэс займае шмат гадоў і ўключае абмеркаванне ўсімі зацікаўленымі бакамі. У выніку інвестар мае дакладную карціну таго, куды ён укладае грошы і што будзе адбывацца далей.

Будаваць незалежныя суды. Важна, каб суды выносілі рашэнні не з пункту гледжання таго, наколькі гэта карысна для дзяржавы ў пэўны момант, але з пункту гледжання права. Нечаканая нацыяналізацыя прадпрыемства можа прынесці $ 200 млн акурат цяпер, але стратэгічна гэта будуць згубленыя некалькі мільярдаў інвестыцыяў. Адным з першых крокаў Сінгапура было стварэнне незалежных судоў. Яны прымалі рашэнні і супраць дзяржавы, і супраць сінгапурскіх кампаній, і супраць інвестараў.