• Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Спецпраекты
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Спецпраекты
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Кірыл Руды памыляецца наконт “дзяржаўнага капіталізму” і вось чаму

    “Фінансавая дыета”, кніга пад рэдакцыяй памочніка кіраўніка Беларусі,  прапануецца чытачу як праграма ліберальных рэформ для Беларусі. Але ці не прапануе яна імітацыі зменаў?

    “Фінансавая дыета” яшчэ не паспела патрапіць у кніжныя крамы, як ужо стала шырока вядомай. Шмат прагучала водгукаў пра кнігу, у большасці яны станоўчыя як з боку чыноўнікаў, так і з боку медыяў. Але каму прызначаная “Фінансавая дыета”, і ці дапаможа яна стварыць нам новую Беларусь?

    Па-першае, трэба адзначыць, што “Фінансавая дыета” – гэта праца не асабіста Кірылы Рудага, але цэлага шэрага аўтараў. Але паколькі Руды з’яўляецца яе навуковым рэдактарам, будзем лічыць, што ён згодны з асноўнымі тэзісамі кнігі.

    Пры разглядзе асноўных праблем, якія паўстаюць перад эканомікай пераходнага перыяду (у тым ліку і ў нашай краіне), Кірыл Руды  слушна вызначае негатыўны ўплыў высокай інфляцыі, неэфектыўнае дзяржаўнае кіраванне, накапленне даўгоў і іншых фактараў.

    Прапанаваныя спосабы выйсця з сітуацыі таксама добра ўсім вядомыя, і не аднойчы мы іх чулі ад дзяржаўных чыноўнікаў. Гэтак аўтар прапануе забяспечыць адкрытасць эканомікі для замежных інвестыцыяў, стымуляваць прыватныя капіталаўкладанні, павялічваць ролю прыватнага сектара ў эканоміцы. Але нас найбольш павінны цікавіць не канчатковыя сцверджанні, а шлях, якім гэта прапануецца рабіць.

    Рэформы дзяржаўных фінансаў ад Рудага

    Бюджэтаванне, скіраванае на вынік. Гэта проста сістэма бюджэтавання, пры якой сродкі выдаткоўваюцца паводле праграмаў, але з патрабаваннем дасягнуць вызначаныя вынікі. Тут мы сутыкаемся з адной праблемай: адкуль узяць чыноўнікаў, якія ў адзін момант перастануць маніпуляваць паказнікамі ў выкананні праграм.

    Самастойнасць мясцовых бюджэтаў. На меркаванне Рудага, мясцовыя бюджэты мусяць фармавацца гэтак, каб іх прыбытковая частка адпавядала выдаткам. Гэта добры крок – гэтак мясцовыя органы ўлады будуць мець больш паўнамоцтваў і будуць самі вырашаць, куды накіраваць сродкі ў межах рэгіёна. Але трэба зазначыць, што без вяртання магчымасці выбіраць кіраўніцтва ў раёнах і гарадах, прапанаваная рэформа будзе фікцыяй, бо мы проста перанясём карупцыю ў рэгіёны.

    Удасканальванне падатковых паслуг і выдаткаў. Аўтар добра зазначае на пачатку, што далейшы рост падатковых ставак не прывядзе да росту прыбыткаў бюджэту, а хутчэй павялічыць ценявы сектар эканомікі. Таму, на сцверджанне Кірыла Рудага, патрэбна збалансаваць прыбыткі і выдаткі, перагледзець палітыку падатковых ільгот, праводзіць прапаганду, скіраваную на адказнасць плацельшчыкаў.

    Але пры тым, што аўтар прызнае высокую падатковую нагрузку на насельніцтва, няма і гаворкі пра змяншэнне падаткаў.

    Наконт падатковай амністыі Руды не прапануе амаль нічога, сцвярджаючы, што дадзеная мера мае двухбаковы эфект.

    Рэфармаванне сістэмы сацыяльнай абароны. Прапануецца павышэнне пенсійнага ўзросту, індэксацыя пенсіі да ВУП. Пераход да назапашвальнай сістэмы разглядаецца як немагчымы ў сённяшніх умовах, таму прапануецца як мера для маладых пакаленняў у будучыні. У дэмаграфічнай сферы прапануецца змяншэння адпачынку для жанчын па даглядзе за дзіцём, рэфармавання сістэмы дапамогі беспрацоўным шляхам пераходу да сістэмы страхавання беспрацоўя. І, канешне, прапануецца пераход на 100 % аплаты паслуг ЖКГ за кошт насельніцтва.

    Тэрміналагічная пастка Кірыла Рудага

    Разглядаючы беларускую эканамічную мадэль, аўтар дае ёй назву “дзяржаўны капіталізм” і апісвае яе сем пастак. Пад “дзяржаўным капіталізмам” Руды разумее эканоміку, у якой дзяржава выконвае асноўную ролю прадпрымальніка, працадаўцы, уладальніка сродкаў вытворчасці, распарадчыка прыбыткаў. Пры тым сам тэрмін “капіталізм” застаецца нераскрытым. Але правільная ацэнка эканамічнай мадэлі Беларусі з’яўляецца прынцыпова важнай для выяўлення сапраўднай праблемы нашай эканомікі.

    Капіталізм – гэта сістэма добраахвотнага дэцэнтралізаванага прыняцця эканамічных рашэнняў спажыўцамі, інвестарамі і прадпрымальнікамі ў межах іх прыватнай уласнасці для дасягнення сваіх суб’ектыўных мэтаў у сістэме адкрытай канкурэнцыі і міжнароднага падзелу працы.

    Сацыялізм – гэта сістэма цэнтралізаванага прыняцця рашэнняў палітыкамі і чыноўнікамі ў межах дзяржаўнай уласнасці ў сістэме абмежаванай канкурэнцыі і міжнароднага пратэкцыянізму. (крыніца вызначэнняў)

    Беларуская эканоміка з яе пераважным дзяржаўным сектарам, слаба развітымі інстытутамі прыватнай уласнасці, рэгуляваннем цэн і пратэкцыянісцкай палітыкай дзяржавы хутчэй з’яўляецца краінай з сацыялістычнай мадэллю развіцця. Таму і тэрмін “дзяржаўны капіталізм” у дадзеным выпадку не можа ўжывацца.

    Гэта тэрміналагічная блытаніна прыводзіць да прынцыповай памылкі, пры якой Кірыл Руды становіцца на падтрымку праціўнікаў свабоднага рынку, а ва ўсіх праблемах сучаснай Беларусі вінаватым аказваецца капіталізм, якога, дарэчы, у нас і не было.

    Такая недаацэнка беларускага дзяржаўнага “левіяфана” прыводзіць да таго, што выйсце нам зноў прапануецца праз узмацненне рэгулятарных функцыяў дзяржавы і павышэння яе ролі ў жыцці індывіда. Гэта і падатковая сістэма, і павышэнне пенсійнага ўзросту, і розныя формы дзяржаўнага патэрналізму, якія падаюцца нам як клопат дзяржавы пра грамадзянаў, аднак на справе ўсё гэта з’яўляецца спосабам захаваць статус-кво сённяшніх уладаў.

    Насамрэч, калі дзяржава клапоціцца пра грамадзянаў, яна робіць усё магчымае, каб даць ім выбар. Замест гэтага клопатам пра беларусаў чамусьці называецца падатак на дармаедства, павышэнне пенсійнага ўзросту, скарачэнне тэрміну адпачынку па даглядзе за дзіцём ды іншае.  

    Гэтакі лібералізм падаюць нам як «Фінансавую дыету».

    Каб быць больш дакладным,  варта ўвесці тэрмін «дзяржаўны лібералізм», як метад  легалізацыі “Вялікага ўрада” шляхам імітацыі ліберальных рэформ у эканоміцы.

    Чаму улады Беларусі не вераць грамадзянам і бізнесу, і лічаць, што толькі дзяржава можа быць сумленнай і толькі яна ў стане вырашыць нашыя праблемы? Напэўна, на інтэлектуальным узроўні мы яшчэ не прайшлі шлях ад савецкасці да сапраўды свабоднай капіталістычнай парадыгмы мыслення ў эканоміцы, таму і лібералізм «Фінансавай дыеты» атрымаўся крыху крывым.

    ПаказацьСхаваць каментары