• Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Даследаванні
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Спецпраекты
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Карпенка едзе ў Парыж. Якой будзе будучыня Беларусі ў Балонскім працэсе?

    Рэформаў у беларускай адукацыі амаль не адбылося, але Еўропа ўсхваляваная сваімі праблемамі ды іншымі enfants terribles.

    Далучыўшыся да Балонскага працэсу, Беларусь выбрала еўрапейскі шлях вышэйшай адукацыі – прынамсі сімвалічна. Цяпер будучыня чалавечага капіталу Беларусі залежыць ад паспяховасці выканання Дарожнай карты і ад глабальнай канфігурацыі  Еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі (ЕПВА). Выкананне Дарожнай карты Беларусь пакуль праваліла, аднак у ЕПВА сёння хапае іншых праблем, сярод якіх нашай краіне важна не згубіцца.

    Дарожная карта: заблукалі ў трох соснах

    Набліжаецца май 2018 года, калі Беларусь на канферэнцыі міністраў адукацыі краін ЕПВА мусіць прадставіць даклад па выкананні рэформ у адпаведнасці з Дарожнай мапай. Такое патрабаванне замацавана ў камюніке мінулай аналагічнай канферэнцыі, на якой Беларусь і прынялі ў Балонскі працэс у 2015 годзе.

    Міністру Карпенку прыйдзецца папацець, бо прадстаўляць асабліва няма чаго.

    Выкананне Дарожнай мапы маніторыць Грамадскі Балонскі камітэт, і вынікі яго Справаздачы аб маніторынгу імплементацыі Дарожнай карты несуцяшальныя: “Ніводнае з абавязацельстваў, узятых беларускім бокам у 2015 годзе, не выканана цалкам і ў тэрмін”. А European Standards and Guidelines імплементаваныя хіба толькі на 30 %.

    Аднак статыстыка ў адсотках не адлюстроўвае галоўнага: рэформы ідуць у другасных і бязбольных сферах. Застаецца шмат прынцыповых пытанняў, дзе яшчэ конь не валяўся: акадэмічныя свабоды і аўтаномія, выбары рэктара, рэформа размеркавання і г.д. Варта заўважыць, што ўсё гэта актуальна для Беларусі незалежна ад сяброўства ў ЕПВА. Але папросту несумяшчальна з унікальнай мадэллю развіцця “хрустальнага сасуда”.

    Спробы эксперыментаваць з аўтаноміяй БДУ напачатку 2000-ых прывялі да вылучэння былога рэктара Аляксандра Казуліна кандыдатам у прэзідэнты, пратэстнага галасавання на выбарчых участках у інтэрнатах, актыўнага ўдзелу студэнтаў БДУ ў “Плошчы-2006”. Улады добра вывучылі гэты ўрок.

    “А у вас негров линчуют”

    Адпаведна маім прагнозам, у беларускім пытанні канферэнцыя ЕПВА акажацца ў складанай сітуацыі. Як Нацыянальны даклад міністра Карпенкі, гэтак і рэкамендацыі Кансультатыўнай групы (Advisory Group / Bologna Follow-up Group – AG / BFUG) будуць палавінчатыя: зафіксаваны пэўны прагрэс, праца ідзе, аднак шмат якіх сутнасных рэформ няма і Дарожная карта цалкам не выкананая. І што з гэтым рабіць?

    У рамках ЕПВА няма дзейсных механізмаў прымусу краін да выканання патрабаванняў Балонскага працэсу. Няма і выпадкаў выключэння краін-сябраў з ЕПВА (што праўда, да Беларусі не было і выпадкаў, каб краінам першы раз так адмаўлялі ва ўступленні).

    Зрэшты, Беларусь – далёка не самая дрэнная ўдзельніца ЕПВА за апошнія тры гады.

    Міністраў на канферэнцыі мусіць куды болей турбаваць прыклад Турцыі, дзе пасля леташняй няўдалай спробы вайсковага перавароту звольнілі 15000 выкладчыкаў ды настаўнікаў, 1500 дэканаў і чатырох рэктараў, зачынілі 15 універсітэтаў. Нават унутры ЕС, у Венгрыі, тлее канфлікт вакол Цэнтральна-Еўрапейскага ўніверсітэта, які кансерватыўныя ўлады на чале з прэм’ерам-еўраскептыкам Віктарам Орбанам імкнуцца зачыніць.

    На гэтым фоне ціск уладаў на беларускія ўніверсітэты выглядае досыць “траваядна”. Дзясяткі адлічаных пасля #студэнтысупраць не ідуць ні ў якае параўнанне з дзясяткамі тысяч пацярпелых турэцкіх студэнтаў ды выкладчыкаў.

    Гэты Балонскі працэс паламаўся, нясіце новы

    Такі стан напружвае і Еўропу. ЕПВА – адзін з самых паспяховых еўрапейскіх інтэграцыйных праектаў, аднак у ім няма інструментаў наўпроставага дзеяння, якія б дазвалялі вырашаць падобныя праблемы ў краінах-удзельніцах. Няма і поўнай задаволенасці вынікамі Балонскага працэсу ў краінах Еўрасаюза.

    Так, напрыклад, прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон, выступаючы ў Сарбоне, ахарактарызаваў еўрапейскія інстытуты як “павольныя і неэфектыўныя” і прадставіў свой план іх рэфармавання (на які заручыўся падтрымкай 22 краін ЕС). Ён базуецца на канцэпцыі “Еўропа на розных хуткасцях”: гатовыя да рэформаў краіны праводзяць іх сёння, а астатнія натхняюцца пазітыўнымі вынікамі і далучаюцца заўтра.

    Прэ гэтым адносна адукацыі Макрон ставіць не надта арыгінальныя мэты: узмацніць праграму Erasmus, каб кожны малады еўрапеец праводзіў мінімум шэсць месяцаў вучобы за мяжой і ў выніку размаўляў як мінімум на дзвюх еўрапейскіх мовах.

    То бок сённяшні стан ЕПВА, па меркаванні еўрапейскіх лідараў, не дазваляе дасягаць нават базавых мэтаў, закладзеных напачатку Балонскага працэсу.

    Адсюль у лідараў ЕС нараджаюцца ідэі Сарбонскага працэсу, які мусіць прыйсці на змену Балонскаму. Прэс-рэліз Еўракамісіі асабліва не дае канкрэтыкі, аднак Еўрапейскі студэнцкі саюз (ESU) мяркуе, што ён будзе сфакусаваны на транспамежным прызнанні дыпломаў і сертыфікатаў навучання, у тым ліку праз увядзенне Еўрапейскай студэнцкай карткі. Прэзідэнт ESU заявіў: “Нам здаецца, што Камісія адмовілася ад Балонскага працэсу. Яны справядліва адзначылі, што пагадненне, якое не абавязвае, не дасягнула сваіх мэтаў”.

    Пакуль ініцыятыва даволі аморфная, яе яшчэ мусяць абмеркаваць на брусельскім адукацыйным саміце ў студзені 2018 года і на той самай парыжскай канферэнцыі ЕПВА, куды ў маі паедзе беларускі міністр адукацыі Ігар Карпенка.

    Як Беларусі не застацца за бортам рэформаў

    Усё гэта нясе дадатковыя рызыкі для беларускай вышэйшай адукацыі.

    Даволі верагодна, што ЕПВА можа скурчыцца да межаў ЕС, не маючы магчымасці і жадання вырашаць праблемы вышэйшай адукацыі ў іншых краінах. Гэта можа адбыцца калі не дэ-юрэ, то дэ-факта, адпаведна канцэпцыі “Еўропа на розных хуткасцях”. Калі так, то дэкларатыўна ЕПВА будзе існаваць у ранейшых памерах, але фінансы ды амбіцыі засяродзяцца на вузкім коле развітых еўрапейскіх краін.

    Беларусь і так не ўлілася паўнавартасна ў механізмы ЕПВА (напрыклад, не працуе як след акадэмічная мабільнасць), а калі Еўропа абярэ шлях на ізаляцыю, то мы рызыкуем згубіць і рэшткі глебы пад нагамі.

    Адведзены на выкананне Дарожнай карты час скончыўся, як і тэрмін дзеяння Кансультатыўнай групы (AG / BFUG). Каб Беларусь не знікла з парадку дня ЕПВА, трэба прадоўжыць тэрмін дзеяння абавязкаў па Дарожнай карце ды мандат AG / BFUG. На рэгулярных сустрэчах Кансультатыўнай групы у Беларусі за круглым сталом абмяркоўваюць праблемы незалежныя эксперты, чыноўнікі, кіраўнікі ВНУ і лідары студэнцкіх арганізацый.  А еўрапейскія эксперты манітораць рэформы ў беларускай вышэйшай адукацыі. Гэтыя магчымасці нельга страціць.

    ***

    “Я б аддаў перавагу Слонімскаму працэсу – слон буйнейшая за балонку жывёла”, – прапаноўваў загадчык кафедры БДУ Валер Байнёў. Аднак варта было б не даводзіць усяму свету, што Беларусь – радзіма сланоў, а спачатку падцягнуць беларускую вышэйшую адукацыю да балонскіх стандартаў. А то наперадзе ўжо Сарбона маячыць.

    ПаказацьСхаваць каментары