падтрымаць нас

Артыкулы

Ці засталіся апалітычныя беларусы ў 2022? Канспект першага дня Reshape 2022

Ці засталіся апалітычныя беларусы ў 2022? Канспект першага дня Reshape 2022

Цэнтр новых ідэй падрыхтаваў канспект першага дня анлайн-канферэнцыі “Reshape 2022 – Framing the Future of Belarus”. Леся Руднік абмеркавала з экспертамі Юрыем Дракахрустам, Пятром Рудкоўскім, Аксанай Шэлест і Генадзем Коршунавым узровень палітызаванасці ў беларускім грамадстве.

Апалітычныя ці дэпалітызаваныя

Фундаментальнай розніцы няма, хаця можна сказаць, што апалітычныя – гэта тыя, хто заўсёды займае такую пазіцыю, а дэпалітызаваныя – тыя, хто заняў такую пазіцыю часова па пэўных прычынах, але раней яны былі іншымі. Грэбліва да іх ставіцца не трэба, бо гэта – выбар кожнага.

Можна ў прынцыпе прыгадаць і старажытнагрэцкае слова “ідыёт”, якім абазначалі грамадзян поліса, што жылі ў адарванні ад грамадскага жыцця, не ўдзельнічалі ў агульных сходах грамадзян ды іншых формах дзяржаўнага дэмакратычнага волевыяўлення, у вырашэнні важных спраў.

Ёсць яшчэ і такі трапны тэрмін, як “абыякавыя”, якіх характарызуе ступень уключанасці ў грамадскія і палітычныя працэсы. Дэпалітызацыя ж – гэта працэс падвышэння ці паніжэння градусу настрояў у грамадстве, змены ў яго полюсах.

Апалітычныя грамадзяне бываюць і ў ЗША, і гэта нармалёва

Быць апалітычным не заганна. Можна прыгадаць кнігу “Палітычная культура” Алманда Габрыеля ды Верба Сіднея, у якой яны на прыкладзе ЗША, прынятых лічыць дэмакратычнай краінай, разглядаюць пытанні палітызацыі грамадства. Амерыканцам задалі пытанне: ці павінен грамадзянін актыўна ўдзельнічаць у дзейнасці сваёй грамады?  З усіх апытаных 51 % адказаў “так”, а на пытанне “а вы асабіста ўдзельнічаеце?” станоўчы адказ далі толькі 10 %.

Дэпалітызаванасць – гэта, хутчэй, норма, чым палітызаванасць, бо грамадства не знаходзіцца ўвесь час у маршы, у стане мабілізацыі. Цяперашняя сітуацыя з рэпрэсіямі і ўціскам любой актыўнасці ў Беларусі ўражвае, але ў часы “перабудовы” нашае грамадства было вельмі палітызаванае – людзі чыталі ўлёткі БНФ, мільённымі накладамі выходзіў часопіс “Аганёк”. Здавалася б, куды ўсё гэта падзелася? А проста мінуў пэўны перыяд і людзі заняліся іншымі справамі.

Ці можа існаваць палітычны чалавек у сённяшняй Беларусі

Палітычны сацыёлаг Сеймур Марцін Ліпсэт у сваёй кнізе “Палітычны чалавек. Сацыяльныя асновы палітыкі” разбіраў панятак homo politicus і ставіў пад сумнеў магчымасць існавання палітычнага чалавека ў любой іншай грамадска-палітычнай сістэме і дзяржаве, акрамя дэмакратычнай. Да Беларусі гэта трапна пасуе, бо якія могуць быць палітычныя ці апалітычныя грамадзяне, калі няма палітыкі?

Беларускі філосаф і метадолаг Уладзімір Мацкевіч у 1997-ым годзе падсумаваў свае развагі ў даследаванні “Палітыка: сродак або мэта”, дзе разглядаў пытанні стварэння таго, чаго няма ў краіне. І ў пэўным сэнсе мы самі да 2020-га года ўсе былі апалітычнымі, па вялікім рахунку, бо калі няма сапраўдных партый, то няма і палітычнай барацьбы. Сістэма ў дзяржаве адмыслова выбудоўвалася гэтак, каб для палітыкі не было месца. Таму і мы падзяляліся толькі паводле інтэнцыі на тых, хто імкнуўся да аднаўлення палітыкі, і тых, каму было ўсё адно.

Апошнія дзесяць гадоў назіраўся рост аўтаномнасці, змяншэнне патэрналісцкіх настрояў у грамадстве. Беларусы ў пэўным сэнсе захацелі права выбару, дараслі да яго не толькі ў прыватным жыцці. Адсюль і карані палітызацыі ў 2020-ым годзе.

Сёння ўлады робяць усё, каб задушыць любую прастору для публічнай палітыкі, і знішчаюць усе інструменты для яе. Пэўны час мы яе можам не пабачыць. Але змены, якія прывялі да суб’ектывізацыі і эмансіпацыі грамадства, засталіся. Дадзеныя Chatham House гэта паказваюць – 60-70 % грамадства падтрымлівае патрабаванні, якія высоўвае пратэст. Глыбінная палітызацыя застаецца, а для знешняй проста пакуль няма ўмоваў.

Пернік або бізун: якія каштоўнасці ў беларускага грамадства

У 2018-ым годзе праводзілася апытанне сусветнага агляду каштоўнасцяў, і ў беларусаў запытваліся, ці далучыліся б яны да страйку ці мірных дэманстрацый. І абсалютная большасць, больш за 80 %, падкрэслівалі, што не цікавяцца палітыкай наогул і ні ў чым бы не ўдзельнічалі. На тым этапе апалітычнасць грамадства можна было патлумачыць пачуццём бяспекі ды эканамічнымі перспектывамі. Гэта быў перыяд, калі Мінск стаў перамоўнай пляцоўкай, назіралася эканамічная лібералізацыя і стабільнасць нацыянальнай валюты.

Фактары бяспекі і эканамічнага дабрабыту і сёння адыгрываюць вялікую ролю, але да 2020-га быў фактар пернікаў, былі пазітыўныя моманты, а цяпер фактар бізуна грае ўсё большую ролю. Пры гэтым варта памятаць, што апалітычнасць, здабытая метадам бізуна, у разы менш трывалая, чым здабытая шляхам перніка. Таму ў пэўны момант гэта можа паспрыяць выбуховай мабілізацыі.

Але з гэтым згодныя не ўсе, бо відавочна, што нашае грамадства шмат у чым перарасло ніжэйшыя пласты піраміды Маслоў, у якіх базісам з’яўляецца прага бяспекі і дабрабыту. Беларусы цяпер хочуць большага.

Палітычны крызіс напрыканцы 2020-га года перайшоў у плашчыню этычнага, дзе ў кожнага з’ўяляеццца выбар. Можна па-рознаму ставіцца да гвалту, да прынцыпу “сродак апраўдвае мэту”, да спосабаў вырашэння грамадскіх пытанняў не шляхам вынішчэння, а шляхам дыялогу. У такім выпадку апалітычнасць – гэта пазбяганне этычнага выбару, сыход у пазіцыю “я нічога не ведаю”.

Як перацягнуць апалітычных на свой бок

Усё, што адбылося ў 2020-ым, засталося. З боку дзяржавы няма новых прапаноў, старонка не перагорнутая. Напружанне нарастае, а не сціхае, проста цяпер няма магчымасцяў для дзеянняў.

Але палітызацыя не такая важная задача, бо неразумна лічыць, што цяпер нешта вырашаецца воляй большасці. Тут дзейнічаюць іншыя механізмы, і такія крызісы, як наш, вырашаюцца актыўнасцю меншасці. Значна больш важная сінхранізацыя дзеянняў тых, хто выбірае перамены.

Пры гэтым важна развіваць грамадзянскую і палітычную адукацыю. Калі ў 2020-ым была палітызацыя, мы не здолелі арганізаваць палітычнае поле, не здолелі дамаўляцца. І цяпер мы праходзім тэст на палітычную самастойнасць і пісьменнасць.

І поваду не трэба: у грамадстве расце напружанне

З рэферэндумам нічога не зменіцца, а тое, што будзе адбывацца потым, залежыць ад рэжыму. Сацыяльная напружанасць расце, напятасць у грамадскай сістэме павялічваецца на ўсіх узроўнях, ва ўсіх інстытутах,  пачаўшы ад зачыстак і закончыўшы нават адміністратыўнымі працэдурамі. Чым больш шчыльна закрытая накрыўка, тым больш магутна яе можа сарваць.

Але да пераменаў трэба быць гатовымі. Трэба ўзмацняць супольнасці, распрацоўваць карту ўзаемадзеяння, быць гатовымі да акна магчымасцяў, а не проста да масавага ўсплёску ці выхаду на вуліцы. Трэба працаваць над паляпшэннем камунікацыі ўсіх з усімі – наладжваць узаемадзеянне ўнутры грамадства ды між інстытутамі.

Даведка:

  • Юры Дракахруст – палітычны аглядальнік
  • Пётр Рудкоўскі – філосаф, акадэмічны дырэктар Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў
  • Аксана Шэлест – сацыёлаг
  • Генадзь Коршунаў – старшы даследчык Цэнтра новых ідэй
  • Леся Руднік – даследчыца Цэнтра новых ідэй.

Глядзіце цалкам першы дзень Reshape 2022 на YouTube

Фота: TUT.BY