падтрымаць нас

Артыкулы

Якія ініцыятывы найбольш карысныя для Беларусі?

Якія ініцыятывы найбольш карысныя для Беларусі?

Генадзь Коршунаў працягвае серыю артыкулаў, у якіх аналізуе стаўленне беларусаў да розных суб’ектаў беларускага дэмакратычнага руху.

Працуем далей над артыкуламі, якія мы прысвяцілі аналізу беларускага дэмакратычнага руху (гл. першы артыкул і другі). Гэтым разам давайце звернем увагу на тое, як прадэмакратычная частка беларускага грамадства ацэньвае дзейнасць найбольш публічных і вядомых ініцыятыў, праектаў і суполак.

Традыцыйна мы зробім гэта на базе звестак з двух даследаванняў, якія сумесна праводзіліся Цэнтрам новых ідэй ды ініцыятывай “Народнае апытанне” (цяпер “Ёсць пытанне”). Першае даследаванне праводзілася з 9-га да 17-га чэрвеня 2024 года (у ім прынялі ўдзел 975 чалавек). Другое даследаванне праводзілася за год да першага – з 18-га да 29-га чэрвеня 2023 года (выбарка склала 1226 рэспандэнтаў).

І ў адным, і другім даследаванні задавалася некалькі аднолькавых пытанняў, датычных той тэмы, што мы сёння ўздымаем. Адно з такіх пытанняў тычылася таго, якія грамадскія ініцыятывы і суполкі рэспандэнты ведаюць. Атрымалася наступная градацыя:

Некаторых пазіцый летась не было ў спісе ініцыятыў і арганізацый, таму даныя за 2023 год адсутнічаюць.

Першыя тры месцы, як і ў мінулым годзе і фактычна з тым жа самым узроўнем вядомасці, займаюць Полк імя Кастуся Каліноўскага (у якога, дарэчы, днямі змянілася кіраўніцтва), кіберпартызаны і праваабарончы цэнтр “Вясна”. Іх ведаюць практычна 9 з 10 апытаных і нават больш. Адзначым, што гэтыя ініцыятывы і арганізацыі часцей адзначалі рэспандэнты з дыяспары, чым з Беларусі.

За імі ідуць “Беларускі Гаюн”, ByPol, BySol і план “Перамога” – іх ведаюць два з трох апытаных. І як у папярэднім выпадку, асноўную долю ведаў тут дэманструюць прадстаўнікі беларускай дыяспары.

Адносна другой групы варта звярнуць увагу на тое, што цягам года “Беларускі Гаюн” стаў крыху больш вядомы (+6 п.п.). Распазнавальнасць BySol засталася на практычна тым жа ўзроўні, што і была. А вось ByPol згубіў 10 п.п. Хутчэй за ўсё, казаць менавіта пра тое, што пра іх забыліся, не выпадае. Тут мы маем выпадак не “забыцця”, а “адмаўлення” праз падзеі з электаральнай рассылкай у плане “Перамога”. Пра гэта кажа ў тым ліку і “забыццё” пра план “Перамога”, які за год згубіў 6 п.п. Больш ніводная з ініцыятыў ці арганізацый свой узровень вядомасці цягам года не панізіла.

Трэцяя група – BelPol, ByHelp, дадатак “Новая Беларусь”, “Сумленныя людзі” і платформа Politzek.me. Іх ведае палова ці крыху болей апытаных. У гэтай групе адзначым платформу “Новая Беларусь”, якая дзякуючы арганізацыі выбараў у Каардынацыйную раду 3-га склікання падвысіла сваю пазнавальнасць на 22 п.п.

У чацвёртую групу, прадстаўнікі якой вядомыя меней чым палове апытаных, трапілі NeedHelpBY, “Стоп Прапаганда” і рух “ДвижБот”.

Другі момант, на які мы звярнулі ўвагу, – гэта пытанне аб карыснасці гэтых арганізацый і ініцыятыў для Беларусі. Тут мы маем нешта даволі падобнае да градацыі вядомасці ініцыятыў, але з важнымі асаблівасцямі.

Першая група – Полк імя Кастуся Каліноўскага, кіберпартызаны і ПЦ “Вясна” – застаюцца і лідарамі паводле карыснасці для Беларусі.

А вось у другой групе, карыснасць прадстаўнікоў якой прызнае больш за палову апытаных, адносна мінулага года мы маем значныя змены. Па-першае, тут застаюцца “Беларускі Гаюн” і BySol, у якіх ацэнкі карыснасці падвысіліся на 9 і 11 п.п. адпаведна. Па-другое, сюды трапляюць ByHelp і BelPol, пра якія не пыталі ў мінулым годзе. Па-трэцяе, з групы выпалі ByPol і план “Перамога”. У ByPol’а ацэнкі карыснасці для Беларусі ўпалі ў 2 разы, у плана “Перамога” – на траціну.

Ацэнкі астатніх ініцыятыў і арганізацый – INeedHelpBY, “Сумленныя людзі”, “Стоп Прапаганда”, рух “ДвижБот” – бачныя на малюнку.

Напрыканцы ўзгадаем яшчэ адно пытанне, хаця яно і не з ліпеньскага, а з чэрвеньскага даследавання (вось тут апісаная яго методыка). Гэта пытанне пра беларускіх ветэранаў расейска-ўкраінскай вайны (і з Палка імя Кастуся Каліноўскага, і з іншых баявых адзінак УСУ). Мы пацікавіліся, ці трэба аказваць падтрымку былым беларускім добраахвотнікам.

Як мы бачым, пераважная большасць апытаных (амаль 90%) выказваецца за неабходнасць дапамогі былым ваярам. Прычым так лічаць і рэспандэнты з Беларусі, і з дыяспары.

А што датычна пытання аб тым, якая менавіта дапамога патрэбная, то тут, паводле меркаванняў апытаных, мусіць быць комплекс, куды варта ўключаць перадусім псіхалагічны, медычны, юрыдычны і фінансавы складнікі. А ў дадатак да іх пажадана ўлічваць пытанні працаўладкавання і адукацыі.

Фота: spring96.org

Падпісвайцеся на рассылку, каб кожны тыдзень новы выпуск «Што думаюць беларусы» прыходзіў прама на пошту!

* indicates required

Intuit Mailchimp