падтрымаць нас

Артыкулы

Якія дэмаркацыйныя лініі ёсць сёння паміж тымі, “хто з’ехаў”, і “хто застаўся”. І што з гэтым рабіць

Якія дэмаркацыйныя лініі ёсць сёння паміж тымі, “хто з’ехаў”, і “хто застаўся”. І што з гэтым рабіць

Генадзь Коршунаў звяртаецца да даследавання ліній канфліктнасці сярод беларускіх прадэмакратычных актывістаў і фіксуе як аўсноўныя высновы даследавання, так і прапановы, якія з іх можна зрабіць.

Даследаванне “Лініі канфліктнасці сярод беларускіх прадэмакратычных актывістаў (Беларусь, Польша, Літва)” мы рабілі з “Формулай чалавечнасці” увесну бягучага года. Базай сталі глыбінныя інтэрвью, якія праводзіліся як у Беларусі, так і сярод беларускай дыяспары.

Звычайна, калі вывучаюць пытанні канфліктнасці, то сама тэма вымагае фіксацыі на адмоўных аспектах. Калі мы кажам пра дэмаркацыйныя лініі паміж тымі, “хто з’ехаў”, і “хто застаўся”, то мне не хацелася, каб адбывалася хайповая генералізацыя праблемы – накшталт “ёсць супер-раскол, гэта катастрофа і ўсё прапала”. Таму што гэта не зусім так: ёсць тое, што раз’ядноўвае, але ёсць і тое, што працягвае аб’ядноўваць.

Тая частка пратэстнага руху 2020-2021 гадоў, якая захоўвае ўстаноўку на дасягненне перамен у Беларусі, аб’яднана сёння, па-першае, першапачатковай каштоўнаснай базай супрацьстаяння дыктатуры і непрымання гвалту, а па-другое – новымі выклікамі: неабходнасцю вызвалення палітвязняў, пагрозай паглынання Беларусі, вайной Расіі і Украіны.

Якія дэмаркацыйныя лініі ёсць сёння паміж тымі, “хто з’ехаў”, і “хто застаўся”. І што з гэтым рабіць
Фота: Jana Shnipelson, Unsplash

У той жа час, шэраг прычын прыводзіць да размывання адчування адзінства, расчаравання і выгарання людзей, актуалізацыі назапашаных супярэчнасцей і з’яўлення новых дэмаркацыйных ліній унутры калісьці салідарнай (хай і сітуатыўна) супольнасці. Канфлікты ўзнікаюць на глебе рэфлексіі чыннікаў паразы пратэстнага руху ў 2020 годзе, на ідэалагічных падставах і прыхільнасці тым ці іншым палітычным сілам або лідарам, па моўным пытанні, па адстойванні правільнасці тых ці іншых метадаў барацьбы з рэжымам, вызвалення палітвязняў і т.п.

Адной з базавых ліній дэмаркацыі становіцца падзел беларусаў на тых, хто пакінуў краіну, і тых, хто працягвае ў ёй жыць.

Гэты падзел і першапачаткова быў не толькі геаграфічным, аднак калі спачатку ён успрымаўся як часовы, то чым больш нявызначанымі становяцца тэрміны палітычных змен у краіне, тым больш адчувальнай становіцца лінія дэмаркацыі паміж беларусамі па розныя бакі мяжы.

Якія дэмаркацыйныя лініі ёсць сёння паміж тымі, “хто з’ехаў”, і “хто застаўся”. І што з гэтым рабіць
Фота: Карына Пашко, Belsat

Пры гэтым, калі ў 2020-2021 годзе абмеркаванне пытанняў, ці варта з’язджаць з Беларусі / ці трэба заставацца ў краіне, насіла распаўсюджаны і часта канфліктны характар, то прыкладна пачынаючы з сярэдзіны 2022 года гэтае пытанне перастае быць канфліктагенным фактарам. З абодвух бакоў адбываецца прыняцце сітуацыі і розных індывідуальных выбараў. Аднак дыстанцыя паміж гэтымі дзвюма групамі павялічваецца. І менавіта гэта адзін з выклікаў беларускаму дэмакратычнаму руху сёння, на які трэба шукаць адказ.

Асноўнымі фактарамі павелічэння дыстанцыі паміж беларусамі ўнутры і па-за краінай з’яўляюцца:

  • Розніца ў ладзе жыцця і характарыстыках штодзённасці, якая павялічваецца, а таксама ў індывідуальных выкліках і праблемах, з якімі сутыкаюцца беларусы па розныя бакі беларускай мяжы.
  • Комплекс псіхалагічных фактараў: траўматычны досвед — як індывідуальны, так і калектыўны; боль, віна, страх за сябе і за іншых.
  • Паслабленне (аж да знікнення) дзейнасных сувязей і разбурэнне агульнасці палітычнай павесткі.
  • Адсутнасць агульнага “экрана”, інфармацыйнай прасторы, у выніку чаго кожная з груп мае свой вобраз “Беларусі” і свой вобраз “замежжа”.
  • Адсутнасць выразнай перспектывы на будучыню і нават сярэднетэрміновых арыенціраў.

Абапіраючыся на дадзеныя даследавання, мы можам акрэсліць некалькі магчымых напрамкаў дзеянняў у надзеі, што яны пакладуць пачатак дыскусіі і далейшаму пошуку практычных хадоў:

  • Уніканне (як у міжасабовай, так і ў публічнай камунікацыі) генералізацыі ў ацэнках; адмова як ад стыгматызацыі, так і ад гераізацыі выбару на карысць любога рашэння (з’язджаць ці не з’язджаць) у агульным выглядзе; прэзумпцыя разумнасці людзей і іх права прымаць рашэнні адносна свайго жыцця. Прасоўванне норм дыялогу, узаемнай павагі і адказнасці ў камунікацыі.
  • Улік калектыўнай траўмаванасці беларусаў, якая, хаця і мае агульны першапачатковы генезіс (рэальнае ці патэнцыйнае сутыкненне з рэпрэсіўнай машынай беларускага рэжыма), істотна адрозніваецца па кірунках і асаблівасцях наступнай рэтраўматызацыі (“траўма ўцекача”, “траўма пакінутых”).
  • Падтрыманне міжасабовых кантактаў і стварэнне прастор для камунікацыі як анлайн, так і афлайн. Пошук адэкватных форм, якія могуць дазваляць такую камунікацыю з захаваннем неабходных пратаколаў бяспекі.
  • Пераадоленне “асіметрыі публічнасці”. Праблема немагчымасці публічнага выказвання свайго меркавання, абмеркавання працэсаў, што адбываюцца ў краіне, — гэта не толькі (і нават не столькі) праблема беларусаў унутры краіны. Адсутнасць такой публічнасці фармуе прынцыпова няправільнае ўяўленне аб сітуацыі ў краіне для ўсіх зацікаўленых у пераменах. Праз адмысловую непублічную працу з беларусамі ўнутры краіны беларусы замежжа могуць быць іх “голасам”, фармуляваць павестку з улікам іх поглядаў і ведаў пра тое, што адбываецца ў краіне. Праз гэта беларусы і ўнутры, і звонку Беларусі маглі б мець больш адэкватнае ўяўленне пра сучасны стан у краіне, арыентавацца ў магчымасцях, выпрацоўваць больш адэкватныя стратэгіі дзейнасці.
  • Адмысловая інфармацыйная і медыйная праца, накіраваная на стварэнне агульнай прасторы сэнсаў, аналітыку сітуацыі, выпрацоўванне ці падтрымку агульных падставаў для захавання адзінства і ідэнтычнасці, уцягванне лідараў меркаванняў і маральных аўтарытэтаў у дыскусіі па вострых і балючых пытаннях.
  • Безумоўны ўлік пытанняў бяспекі для беларусаў у дзейнасці розных суб’ектаў — ад арганізатараў розных імпрэз да журналістаў і рэдакцый медыя.

Ёсць тое, што раз’ядноўвае, але ёсць і тое, што працягвае аб’ядноўваць. І мы вырашаем, на чым рабіць акцэнт і на што працаваць.

Падпісвайцеся на рассылку, каб кожны тыдзень новы выпуск «Што думаюць беларусы» прыходзіў прама на пошту!

* indicates required

Intuit Mailchimp