падтрымаць нас

Артыкулы

Як ставяцца да беларусаў і беларускай дыяспары?

Як ставяцца да беларусаў і беларускай дыяспары?

Аналізуючы звесткі шэрага даследаванняў, Генадзь Коршунаў разважае пра асаблівасці стаўлення да нас суседніх краін, іх грамадстваў і ўладаў.

Беларускія медыя пільна адсочваюць інфармацыю пра стаўленне да нас нашых суседзяў. Так, напрыклад, увосень шырока разышліся дадзеныя апытання польскай арганізацыі SW Research. Увесну абмяркоўвалі вынікі літоўскага даследавання пра стаўленне да ўкраінцаў, беларусаў і расейцаў. Было яшчэ ўкраінскае даследаванне з падобнымі пытаннямі. Такая цікаўнасць зразумелая: шмат хто з нас цяпер залежны ад стаўлення да беларусаў у чужых краінах. Да таго ж вельмі адчувальныя змены ў стаўленні да Беларусі і беларусаў, што адбыліся адразу ў 2020-ым, а потым пасля 2022-га года.

Здзіўляе толькі, што нас бянтэжаць лічбы, якія дэманструюць недавер альбо нелюбоў з боку краін-суседак. Бо ў аўтараў даследаванняў выклікае здзіўленне іншае: тое, што рэспандэнты да беларусаў ставяцца больш станоўча, чым таго чакалі даследчыкі.

Тут акурат не трэба блытаць боб з гарохам. Часам спрацоўвае розніца ў стаўленні да Беларусі як краіны, якой кіруе Аляксандр Лукашэнка, і да беларусаў – як да тых, хто застаецца ў краіне і не падтрымлівае расейскай агрэсіі, так і да тых, хто знаходзіцца ў замежжы і выступае супраць Лукашэнкі. Беларусы самі заўсёды падкрэсліваюць гэтае адрозненне, і такія высілкі даюць плён – суседзі збольшага гэтую розніцу ўсведамляюць (мы пра гэта пісалі ў справаздачы “Беларусы замежжа: уплыў на вобраз Беларусі”).

Але давайце кінем вока на даследаванні суседзяў. Вось агрэгаваныя дадзеныя з Украіны ад Цэнтра Разумкова. Гэтыя звесткі дэманструюць стаўленне да Беларусі як краіны без аптымізму, але і без негатыўнай дынамікі, а можа, нават з невялічкім намёкам на аптымізм.

А вось звесткі пра стаўленне палякаў ужо да саміх беларусаў. Гэтыя дадзеныя сабраў польскі Цэнтр даследавання грамадскай думкі, а запрэзентаваў “Позірк”.

І ў першым, і ў другім выпадку мы бачым, што “правал” у стаўленні да нас быў у 2023-ім годзе, пасля сітуацыя, здаецца, пачала пакрысе выпраўляцца. У Літве тэндэнцыя крыху адрозніваецца, хаця, падаецца, апошнім часам хваля ўвагі да тэмы беларускага ліцвінізму ў Літве пайшла на спад.

На жаль, падобных літоўскіх дадзеных для параўнання па гадах знайсці не ўдалося. Але тут можна выкарыстаць вынікі даследавання Асацыяцыі беларускага бізнесу за мяжой (АВВА). Яны кажуць, што ў 2023-ім годзе ўмовы для беларускага бізнесу ў краінах Балтыі пагоршыліся. Гэта не сведчыць наўпрост пра стаўленне да беларусаў і Беларусі, але сувязь відавочная – і з вядомымі прычынамі.

З аднаго боку, сек’юрытызацыя некаторымі літоўскімі палітыкамі пытання пра беларускую дыяспару, з другога, – пэўнае раздражненне расейскамоўнасцю. Апошняга ў краінах Балтыі і так было шмат, а дзякуючы як беларусам, так і ўкраінцам стала яшчэ болей. Што ні кажы, але пасля 2022-га года расейская мова мае статус мовы агрэсара і з’яўляецца магутным маркерам раздзялення на сваіх і чужых. Асабліва гэта адчуваецца менавіта ў Літве і часткова ва Украіне (у апошнім выпадку гэта, хутчэй, тычыцца далучэння да расейскай інфармацыйнай прасторы).

Яшчэ важны момант. Мы не першы год праводзім даследаванні беларускай дыяспары. Але апошнім часам усе адзначаюць збольшага ветлівае стаўленне да сябе на побытавым узроўні. Калі і здараецца нейкі эксцэс, то, хутчэй, праз тое, што беларуса ці беларуску з кімсьці блытаюць, найчасцей – з украінцам ці ўкраінкай (прыклад). Дарэчы, у тым жа апошнім даследаванні SW Research пра недавер палякаў да прадстаўнікоў іншых нацый беларусы і ўкраінцы стаяць побач, на трэцім і чацвёртым месцах.

Калі мы аналізуем даследаванні з пытаннямі пра стаўленне да беларусаў і ўкраінцаў, то трэба браць пад увагу наступны феномен: людзі схільныя адказваць так, як на іх думку адказвае большасць. Гэта называецца “спіраль маўчання” (Schweigespirale) – феномен, апісаны даследчыцай Элізабэт Ноэль-Нойман. Праз гэты феномен становіцца зразумела, што казаць пра давер да беларусаў – цяпер маветон, гэта сацыяльна непажаданы адказ. Тое ж самае, але цалкам наадварот, працуе адносна ўкраінцаў. На гэта, зразумела, моцна ўплываюць пазіцыі палітыкаў, медыяў і лідараў меркаванняў.

На жаль, уплыў афіцыйнай пазіцыі на грамадскую думку можа быць даволі моцным. Напрыклад, мы можам яго назіраць ва ўзаемадачыненнях беларусаў і ўкраінцаў па-за межамі сваіх краін, паміж украінскай і беларускай дыяспарамі.

Нашыя даследаванні дазваляюць канстатаваць існаванне гэткай сітуацыі:

  • міжасабовыя стасункі паміж беларусамі і ўкраінцамі ў экзылі развіваюцца амаль без праблем, асабліва пасля давядзення да прадстаўнікоў украінскага боку пазіцыі беларускай дыяспары адносна вайны, адносна рэжыму Лукашэнкі. Каля 59% апытаных беларусаў адказалі, што з той ці іншай перыядычнасцю стасуюцца з украінцамі;
  • стасункі паміж дыяспаральнымі суполкамі ці паміж НДА – гэта ўжо больш праблемны момант. Украінскія арганізацыі пераважна пазбягаюць якіх-небудзь афіцыйных адносінаў з беларускімі структурамі, нават дыяспаральнымі ці апазіцыйнымі. На пытанне “калі супраца прадстаўнікоў беларускай і ўкраінскай дыяспар ёсць, дык ад каго ў асноўным зыходзіць ініцыятыва?” 25% рэспандэнтаў адказалі “з беларускага боку”, 17% – “з абодвух бакоў у аднолькавай ступені”, а “з украінскага боку” – 0% (яшчэ 57% устрымаліся ад адказу на гэтае пытанне);
  • стасункі на палітычным узроўні – паміж беларускім дэмакратычным рухам і ўкраінскай уладай – развіваюцца, дыпламатычна кажучы, без вялікага аптымізму ці ўздымнай для духу дынамікі [1].

Між тым, нягледзячы на такую прахалоду з украінскага боку, беларуская дыяспара схільная лічыць супрацу з украінскімі суполкамі і структурамі перспектыўнай і карыснай.

Праўда, цяжка разлічваць на эфектыўнасць супрацы ў тым выпадку, калі імкненне да яе ёсць толькі з аднаго боку.

Фота: Karol Stańczak


[1] Даследаванне праводзілася ў межах праекта “Новыя дыяспары Усходняй Еўропы”.

This project has been produced with the financial assistance of the EU („Support for Advanced Learning and Training – EU4Belarus-SALT II”). The content of this project are the sole responsibility of the Henadz Korshunau and can under no circumstances be regarded as reflecting the position of the EU.

Як ставяцца да беларусаў і беларускай дыяспары?

Падпісвайцеся на рассылку, каб кожны тыдзень новы выпуск «Што думаюць беларусы» прыходзіў прама на пошту!

* indicates required

Intuit Mailchimp