Старажытная Персія, Ахмадзінежад, Саманд і знакамітыя дываны – вось, напэўна, асноўныя асацыяцыі з Іранам, якія ўзнікаюць у беларуса. Краіна, якую вуснамі амерыканскага прэзідэнта неаднаразова называлі часткай «восі зла», і якая шмат гадоў жыла пад заходнімі санкцыямі, толькі нядаўна дамаглася іх паступовага зняцця.
Ужо амаль чатыры дзясяткі гадоў асноўная ўлада ў Іране сканцэнтраваная ў руках састарэлага аяталы і яго атачэння. За гэты ж час вырасла не адно пакаленне моладзі, якая шчыра ненавідзіць сваё кіраўніцтва і хоча жыць як на Захадзе, ці прынамсі як у Турцыі. Ісламская Рэспубліка прымушае маладых людзей жыць адпаведна ісламу, хоць яны хочуць свабодна тусавацца, не азіраючыся на рэлігійныя нормы.
Ад Персіі да Ірана і Ісламскай Рэспублікі
Каб зразумець сучасны Іран, трэба азірнуцца на стагоддзе назад. У 1925-ым годзе шахам Ірана стаў Рэза Пехлеві, які ўзяў курс на маштабную мадэрнізацыю ды індустрыялізацыю. Краіна пачала імкліва адкрывацца на Захад.
Каб максімальна наблізіцца да тыпу еўрапейскіх дзяржаваў, на Захад масава адпраўлялі на вучобу маладых спецыялістаў, праводзілі рэформы інфраструктуры ды адукацыі, будавалі дарогі і чыгунку. Нават звярнуліся да міжнароднай супольнасці афіцыйна выкарыстоўваць саманазву краіны – Іран замест Персіі (нам у Беларусі гэта знаёма, праўда?).
Вельмі часта ў Іране мне распавядалі, як добра было пры шаху.
Таму склалася ўражанне, што самая прагрэсіўная частка грамадства вельмі сумуе па тых часах.
Але такія імклівыя рэформы не падабаліся традыцыйнай частцы грамадства, якая пад кіраўніцтвам шыіцкага духавенства зрынула шаха, адкрыўшы новую старонку ў гісторыі Ірана – Ісламскую Рэспубліку. Падчас рэвалюцыі адбыўся захоп амерыканскай амбасады і ўтрыманне 52-ух яе супрацоўнікаў у якасці закладнікаў. Разам з антыізраільскай рыторыкай гэта прывяло да рэзкага пагаршэння адносінаў з Захадам і ўвядзення супраць Ірана санкцыяў.
Тым не менш пасля Ісламскай рэвалюцыі эканоміка Ірана не пераставала расці: з 1979-га па 2007-ы ВУП краіны павялічыўся ў шэсць разоў, насельніцтва – у два разы, а ўзровень яго пісьменнасці – у тры разы.
Улада ў краіне належыць Вышэйшаму кіраўніку Ірана, шыіцкаму духоўнаму лідару – аятале. Першым аяталой стаў Рухала Хамейні, лідар Ісламскай Рэвалюцыі. Пасля яго смерці яго замяніў Алі Хаменеі, які кіруе краінай з 1989-га года. Партрэты абодвух можна пабачыць абсалютна ў любым месцы, таму міжволі складваецца ўражанне, што гэтыя «вялікія браты» сочаць за табою.
Прэзідэнт Ірана зʼяўляецца кіраўніком выканаўчай улады, то бок фактычна выконвае тыя ж функцыі, што і прэм’ер-міністр у часы перад Ісламскай рэвалюцыяй, пасля якой гэтая пасады была зліквідаваная.
Сінусоіды іранскай палітыкі
У адрозненне ад Беларусі выбары ў Іране адносна празрыстыя і дэмакратычныя, і нават стаўленікі аяталы далёка не заўжды становяцца прэзідэнтамі. Як вынік – прэзідэнты Ісламскай Рэспублікі Іран праводзілі розную вонкавую і ўнутраную палітыку.
Выбраны ў 1997-ым годзе Махамед Хатамі абвесціў палітыку рэформаў і паступовага збліжэння з Захадам. Нягледзячы на супрацьстаянне з падкантрольнай аятале Радай стражнікаў канстытуцыі, ён дамогся ўвядзення выбараў у гарадскія саветы, рэарганізаваў Міністэрства выведкі і ўсталяваў адносіны з краінамі Заходняй Еўропы (хоць дачыненні з ЗША засталіся на ранейшым узроўні).
Яго наступнік Махмуд Ахмадзінежад наадварот праводзіў антызаходнюю знешнюю палітыку, актыўна крытыкаваў ЗША і Ізраіль, а таксама пашыраў супрацоўніцтва з падобнымі рэжымамі ў свеце: Венесуэлай, Нікарагуа ці Эквадорам.
На гэтай жа глебе адбылося збліжэнне афіцыйных Тэгерана і Мінска. Дзякуючы яму паўстала некалькі інвестыцыйных праектаў, самым вядомым з якіх стаў у Беларусі завод па зборцы іранскіх аўтамабіляў “Саманд”. Праўда, за пяць гадоў на ім сабралі ўсяго тысячу аўтамабіляў, якія толькі з дапамогай адміністрацыйнага рэсурсу прадалі ў беларускія дзяржаўныя ведамствы.
Унутры краіны Ахмадзінежад запомніўся ўвядзеннем квотаў на бензін: 100 літраў у месяц, усё што вышэй – паводле павышанага кошту. Прычым зроблена гэта было ў найлепшых беларускіх традыцыях: насельніцтву паведамілі за дзве гадзіны да новаўвядзення. У выніку небывалага ажыятажу толькі ў Тэгеране падпалілі 12 заправак. Праз дзесяць месяцаў улады скасавалі квоты, але ўсенародная нянавісць да Ахмадзінежада засталася.
– З Беларусі.
– З Мінска? У вас самыя прыгожыя дзяўчыны! Пачакай, у нас жа з вамі добрыя адносіны, правільна?
– Ну, наш кіраўнік з вашым былым вельмі сябравалі
– А, гэты ідыёт Ахмадзінежад любіў сябраваць з такімі ж, як і ён сам.
– У нас нават вашыя машыны ёсць, “Саманды”.
– Што праўда?! – іранцы пераглянуліся між сабою, дружна зарагаталі і дадалі:
– Няхай жыве беларуска-іранскае сяброўства!
Наступны прэзідэнт Ірана – Хасан Рухані, выбраны ў 2013-ым годзе, вярнуўся да палітыкі лібералізацыі, рэформаў і дыялогу з Захадам. Напэўна, яго галоўным поспехам стала пагадненне аб іранскай ядравай праграме з сусветнымі лідарамі, якія абвесцілі паступовае скасаванне санкцыяў супраць Ірана. Гэта дазволіць краіне экспартаваць нафту на вонкавы рынак і прыцягнуць агромістыя інвестыцыі на ўнутраны.
Агромністыя багацці і беднае насельніцтва
Іран валодае другімі па велічыні ў свеце залежамі прыроднага газу і чацвёртымі – нафты, 45 % прыбыткаў бюджэту паступае з іх экспарту. Нягледзячы на такія багацці, іранская эканоміка пераважна нацыяналізаваная і не вылучаецца эфектыўнасцю. Больш за 80 % гаспадаркі знаходзіцца ў дзяржаўных руках, пры гэтым такі ж адсотак іранцаў працуе ў прыватным сектары.
Падобныя размовы мне даводзілася чуць даволі часта. Тэма ўдзелу Ірана ў вайне з “Ісламскай дзяржавай”, дзе ўжо загінула больш за 1,2 тыс. іранскіх жаўнераў, асабліва балючая: яшчэ жывая памяць пра жудасную ірана-іракскую вайну, у якой загінула каля 900 тыс. іранцаў.
Ісламская мараль і спосабы яе абыходу
Усе сферы жыцця і канстытуцыя краіны падпарадкаваныя ісламскім нормам, у краіне дзейнічае свой каляндар, паводле якога цяпер 1395-ы год. Людзі маюць толькі адзін выходны, святы для мусульманаў дзень – пятніца. Мне не падалося, што людзі настроеныя неяк вельмі рэлігійна ці антырэлігійна – хутчэй проста нейтральна.
Самае распаўсюджанае меркаванне: “Мая вера – гэта толькі паміж мной і Алахам, чаму гэтая дзяржава туды лезе?”
Пад суворай забаронай знаходзіцца алкаголь, у СМІ ды інтэрнэце дзейнічае сурʼёзная цэнзура, заблакаваныя Facebook, Twitter, YouTube і цэлы шэраг сайтаў. Пры гэтым моладзь усё розна сядзіць у інтэрнэце, актыўна цікавіцца тым, што адбываецца ў свеце, карыстаецца ананімайзерамі і абыходзіць усе блакаванні. Нават папулярная гульня Pokemon GO! заваёўвае ўсё больш і больш іранскіх карыстальнікаў, нягледзячы на блакаванне.
Кожны, хто можа хаця б пару словаў звязаць па-англійску, абавязкова паспрабуе паразмаўляць з турыстам і распытаць пра жыццё ў іншых краінах. Адносна алкаголю кожны ведае, каму трэба пазваніць, каб набыць тое, што трэба. Выпіваюць дома за зачыненымі дзвярыма ці недзе далёка на прыродзе, куды не дабярэцца пільнае вока дзяржавы. Забароненыя рок-гурты, але існуюць дзясяткі падпольных, якія можна знайсці і слухаць у інтэрнэце. Некаторыя з іх нават не баяцца спяваць на вострапалітычныя тэмы, хоць за гэта можа пагражаць нават смяротнае пакаранне.
Жанчыны ў Ісламскай Рэспубліцы
З пункту гледжання закону ў Іране, жанчына пазбаўленая тых правоў, што маюць мужчыны. Права на развод, на працу, на выхаванне дзяцей пасля разводу і нават на вольны выезд за мяжу – на ўсё гэта іранскім жанчынам неабходны дазвол мужчыны, чальца сямʼі, бацькі ці мужа.
Апроч гэтага, існуе цэлы шэраг бытавых абмежаванняў і абавязкаў. Напэўна самы вядомы з іх – абавязак хадзіць у адпаведнасці з «ісламскай формай адзення». Гэта азначае, што абавязкова мусіць быць пакрытая галава, а таксама рукі да локцяў і ногі да костачак. Мне неаднаразова даводзілася бачыць, з якім непрыхаваным задавальненнем іранкі распраналіся да кароценькіх шортаў і вузенькіх маек, як толькі прыходзілі дадому ці ў госці да сяброў.
Гэтая размова адбываецца ў Балуджыстане, адной з самых кансерватыўных правінцыяў Ірана. Марʼям – маладая дзяўчына, якая ў свае 29 усё яшчэ не замужам, што вельмі нетыпова для Ірана. Маючы невялікі бізнес, яна вядзе самастойны лад жыцця і прызнаецца, што гэта тут зусім не проста. У Тэгеране, маўляў, з гэтым значна прасцей.
Некалькі разоў я сутыкаўся і з зусім дзіўнымі абмежаваннямі для жанчын. Напрыклад, можна ездзіць на ровары, але нельга ўзяць яго на пракат, трэба прасіць, каб гэта зрабіў мужчына. Нельга хадзіць на футбол, таму што накал эмоцыяў нярэдка прымушае заўзятараў-мужчынаў нецэнзурна лаяцца, а гэта зневажае жаночы гонар.
Ну і, напэўна, самае дзіўнае для мяне: жанчыне ў Іране забаронена… спяваць! У горадзе Язд я патрапіў на birthday-party да творчай багемы (у кампанію, дзе былі рэжысёр-дакументаліст, нейкі мегапапулярны ў Іране спявак, а таксама фатографы, танцоры, графікі і гэтак далей). Усе елі торцік, пілі ліманадзік, зорка спяваў традыцыйныя песні, усе весяліліся, падпявалі і пляскалі ў далоні.
Але тут пачала спяваць жанчына – усе прыціхлі ад здзіўлення і пачалі аглядацца па баках. Як мне патлумачылі, я стаў сведкам хараму (парушэнне ісламскіх нормаў), бо ў ісламе жанчынам спяваць пры чужых мужчынах сувора забаронена. І таму, калі зараз сюды ўломіцца рэлігійная паліцыя, – не паздаровіцца ўсім. Праз гэта, дарэчы, усе папулярныя іранскія спявачкі былі змушаныя зʼехаць з краіны пасля перамогі Ісламскай рэвалюцыі.
Таксама жанчынам у Іране нельга танчыць у прысутнасці мужчынаў. Нават на вяселлях для гэтага адмыслова арганізуюць дзве розныя залы: жанчыны – асобна, мужчыны – асобна.
«Іслам можа вылечыць тых, хто хоча змяніць пол»
Гэтыя словы належыць прадстаўніку шыіцкага духавенства, які адказвае за вырашэнне гендарных праблемаў. Яшчэ ў 1979-ым годзе загадам лідара Ісламскай рэвалюцыі Аяталы Хамейні былі дазволеныя аперацыі па змене полу. Звязана гэта з тым, што за гомасексуальныя кантакты ў Іране прадугледжанае смяротнае пакаранне, таму адзінае выйсце для мясцовых геяў – ператварыцца ў жанчыну.
Каб атрымаць дазвол на аперацыю, грамадзяніну неабходна атрымаць дыягназ «транссексуал», што дазваляе насіць жаночую вопратку. У Іране кошт аперацыі па змене полу каштуе каля $ 5 тыс., і дзяржава можа пакрыць 50 % коштаў, калі ў пацыента няма такой сумы. Пасля аперацыі выдаецца новае пасведчанне аб нараджэнні і нават выдзяляецца крэдыт на развіццё ўласнага бізнесу, каб новая жанчына магла пазбегнуць цяжкасцяў з працаўладкаваннем.
Паводле некаторых дадзеных, колькасць чалавек, што прайшлі праз падобную аперацыю ў Іране, складае да 20 тыс. чалавек. Часам нават здараюцца спартовыя скандалы, калі высвятляецца, напрыклад, што ледзь не палова жаночай зборнай па футболе – мужчыны пасля аперацыі.
Загляне сонца…
Паміж дзядулямі на партрэтах і моднымі маладымі іранцамі міжволі адчуваецца агромістая прорва. За месяц у Іране ў мяне склалася ўражанне, што вышэйшыя ўлады тут забуксавалі ў мінулым і не зусім уяўляюць сабе настроі ў грамадстве.
Многія іранцы вераць, што прэзідэнт Рухані зможа паступова мадэрнізаваць краіну, а састарэлы аятала памрэ, а Іран зноў стане такім жа, як пры шаху. Так як і ў СССР, і ў сучаснай Беларусі – у іранскім грамадстве існуе надзея толькі на час, які мае ўсё расставіць на свае месцы.