Індыя адносіцца да тых краін, якія знаходзяцца ад нас вельмі далёка, і таму ўспрымаюцца праз стэрэатыпы. Пра яе могуць сказаць як пра “бедную краіну, дзе голад і бруд”, “дзікія звычаі і каровы на вуліцах”, “неадукаваны народ” і г.д. Але насамрэч гэтая “бедная краіна” можа шмат чаго запрапанаваць Беларусі. Пра тое, што Індыя можа паўтарыць шлях Кітая і стаць эканамічнай супердзяржавай, гаворыцца ўжо даўно.
У той час, калі эканамічны рост у шмат якіх краінах свету запавольваецца, у Індыі ён набірае шпаркасці. Па росце ВУП гэтая краіна абагнала Кітай у апошнім квартале 2014-га, калі прырост Індыі склаў 7,5 %.
Вялікія змены надыходзяць пры новай уладзе ў асобе прэм’ера Модзі, які праводзіць актыўную эканамічную замежную палітыку. Цікавай падаецца тут ініцыятыва Make in India, мэта якой – прыцягненне як мага большай колькасці інвестараў і прамыслоўцаў.
Сёлета адбыўся першы за ўсю гісторыю візіт кіраўніка індыйскай дзяржавы ў Беларусь. Актыўныя сустрэчы на высокім палітычным узроўні цягам апошніх гадоў пацвярджаюць тое, што супраца будзе толькі ўзмацняцца – яшчэ больш індыйцаў будзе прыязджаць у Беларусь і яшчэ больш прадуктаў у Беларусі будзе мець індыйскую марку.
Беларусь для Індыі гучыць статусна
Далёкая адлегласць спрыяе добрым адносінам. Беларусь ды Індыя ніколі не мелі ніякіх канфліктаў ці непаразуменняў. Больш таго, у Індыі Беларусь успрымаецца як краіна з грандыёзным мінулым і вялікім патэнцыялам.
Былая рэспубліка СССР (з якім Індыю звязвалі вельмі прыязныя адносіны) ды на дадатак былая ядзерная дзяржава – для індыйцаў гучыць статусна.
Збліжаюць гэтыя дзве далёкія краіны таксама погляды на міжнародныя адносіны. Абедзве дзяржавы падзяляюць ідэю так званага шматпалярнага ўкладу са змяншэннем гегемоніі ЗША ў свеце.
У Беларусі прэзідэнту Індыі ўдалося атрымаць падтрымку для сталага чалецтва Індыі ў Савеце Бяспекі ААН. Узамен Індыя прызнала Беларусь рынкавай гаспадаркай, а гэта ахоўвае беларускі экспарт. Такі статус абмяжоўвае магчымасць ужывання супраць Беларусі антыдэмпінгавых мераў, якія выкарыстоўваліся ў аднясенні да гродзенскага прадпрыемства “Хімвалакно”.
Для Індыі Беларусь з’яўляецца мостам паміж Захадам і Усходам, а таксама карысным супрацоўнікам у Еўразійскім рэгіёне. Індыя бачыць Беларусь сваёй магчымасцю выйсця на яго рынак. Для Беларусі цесная супраца з Індыяй можа добра паўплываць на імідж: нашая краіна здолее паказаць, што сябруе не толькі з аўтарытарнымі рэжымамі, але і з найвялікшай дэмакратыяй на свеце.
Індыйцы ставяць на адукацыю
Ад індыйцаў мы маглі б шмат чаму навучыцца. Адукацыя ў гэтай краіне ў пашане, і ставяцца да яе вельмі сур’ёзна. Для індыйцаў адукацыя – гэта ўсё: статус у грамадстве, шанец на заможнае жыццё і карысны шлюб.
Вышэйшыя навучальныя ўстановы – платныя, а навучанне для еўрапейца можа падацца цяжкім. Ужо з пачатковых школ дзяцей прывучаюць да вялікіх аб’ёмаў навукі. Індыйцы – гэта народ, які апярэджвае ўсе іншыя па колькасці прачытаных кніг у год. Ва ўніверсітэце ў Маніпале – адной з найлепшых вышэйшых вучэльняў у Індыі, дзе мне давялося вучыцца паўгода, іспыты праходзяць тры разы ў семестры.
Цягам адной гадзіны студэнты пішуць каля васьмі-дванаццаці старонак А4.
Папулярнасць маюць тэхнічныя напрамкі і медыцына. Штогод з індыйскіх універсітэтаў выпускаецца 1,5 млн інжынераў. Большасць з іх знаходзіць працу, бо прамысловасць іх патрабуе. Аднак такіх добрых адмыслоўцаў магла б прывабліваць і Беларусь, асабліва калі ўзяць пад увагу, што наш рынак перапоўнены гуманітарыямі.
Мір і талерантнасць – аснова менталітэту
Рэлігійны фактар таксама прамаўляе на карысць Індыі. Індыйцы прызвычаіліся суіснаваць у культурнай і рэлігійнай разнастайнасці. Да той пары, пакуль іх прынцыпы не знаходзяцца пад пагрозай, у грамадстве пануе спакой ды талерантнасць. Індусы і мусульмане могуць, не выклікаючы здзіўлення, апынуцца ў касцёле на Вялікдзень і ніхто не прагоніць хрысціяніна, які прыйшоў паглядзець індуісцкую пуджу (адпаведнік хрысціянскай імшы).
Індуізм – гэта рэлігія прыняцця адрознасці, мірных адносінаў да ўсяго, што здараецца навокал. Таму ў Індыі можа падацца, што нават самыя бедныя людзі там – шчаслівыя. І сапраўды, гармонія з сабой – цэніцца вышэй за ўсё, а любая праца, нават калі гэта толькі чыстка абутку на вуліцы, калі выконваецца аддана і з душой, – гэта ахвяра богу.
Нас можа пужаць мноства багоў, якім пакланяюцца індусы, але, калі заглыбіцца ў асаблівасці іх светапогляду, нічога дзіўнага ў гэтым няма.
Для індуса не будзе грахом, застаючыся пры сваёй рэлігіі, пачаць верыць у Хрыста.
Усё таму, што для іх існуе Бог (Абсалют), а кожны чалавек можа ўшаноўваць тое Ягонае праяўленне, якое яму бліжэй і больш зразумелае.
Што нас дзеліць
Трэба памятаць пра культурныя адрознасці, якія для нас могуць быць незразумелымі, але яны маюць вялікае значэнне для вядзення бізнесу.
Як і ўсе паўднёвыя народы індыйцы не маюць пачуцця часу, але найгоршае, што можа дражніць дысцыплінаваных беларусаў, – гэта безадказнасць.
На самай справе індыйцы проста не могуць казаць “не”, таму яны заўсёды будуць згаджацца, а пасля проста не выконваць таго, што ім не падабаецца. Таксама не прынята прызнавацца ў няведанні чагосьці, таму індыйцы могуць гадзінамі распавядаць пра тое, чаго самі да канца не разумеюць.
Тым не менш, супрацу з Індыяй – краінай, якая ў будучыні зойме перадавое месца ў глабальнай гаспадарцы, варта ўзмацняць ужо цяпер. Варта выкарыстаць наш добры імідж, а таксама згодалюбнасць, якая прысутнічае ў менталітэце індыйцаў, каб пасябраваць з гэтай краінай – будучым лідарам.