Сёлета Беларусь чакае першы спад эканомікі за час праўлення Лукашэнкі. Не дзіва, што ўлады цяпер намагаюцца атрымаць новы крэдыт ад Міжнароднага валютнага фонду і гатовыя нават на правядзенне небывалых рэформаў. “Ідэя” запрасіла топ-чыноўніка МВФ Джэймса Роўфа распавесці, якіх рэформаў чакае ад нас фонд, ці праводзілі іх іншыя постсавецкія краіны і наколькі абраны нашай краінай шлях унікальны.
Паслухаць прэзентацыю даследавання “25 гадоў пераходу да рынку: посткамуністычная Еўропа і МВФ” прыйшло каля 100 чалавек. Памяшканне Imaguru ледзь вытрымлівала натоўп. Для тых, у каго не атрымалася трапіць на сустрэчу, мы абралі самае галоўнае пра беларускі эканамічны цуд.
Уплыў рэформаў на рост рэальнага ВУП
Большасць краін рэгіёна спачатку праводзілі рэформы і толькі пасля гэтага іх эканомікі пачыналі расці. Прычым глыбіня рэформаў цалкам звязаная з хуткасцю эканамічнага ўздыму – пад’ём на 1 пункт у рэйтынгу рэфармаванасці ЕБРР дае для краіны прыкладна 1,5% росту ВУП.
Толькі некалькі краін здолелі вырасці без істотных рэформ. У Расіі гэта, відавочна, было звязана з цэнамі на нафту, а Беларусь жа карысталася субсідыямі ад усходняй суседкі. Таму нават не рэфармуючы эканоміку наша краіна паказала фенаменальны рост. Вось такі ён, айчынны эканамічны цуд.
Цяпер кошты на нафту абваліліся, а з гэтага вынікае: калі Беларусь хоча захаваць эканамічны рост, ёй таксама прыйдзецца вярнуцца на шлях большасці постсавецкіх краін. Спачатку рэформы – потым рост.
Узмацненне нацыянальнай валюты
Пасля развалу СССР валютная палітыка большасці краінаў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы была даволі паспяховай – рэальны абменны курс іх валютаў павялічваўся. Яны здолелі стабілізаваць эканоміку і стрымаць інфляцыю.
Толькі адна Беларусь за гэты час ніколі па-сапраўднаму не кантралявала інфляцыю, а макраэканамічная палітыка не дапамагала абменнаму курсу беларускага рубля быць устойлівым. Раз за разам скачкі інфляцыі і абвал рубля паўтараліся, і ў выніку сярод усіх постсавецкіх краін мы лідаруем у дэвальвацыі нацыянальнай валюты. Такая ўстойлівая тэндэнцыя сведчыць аб тым, што ў эканоміцы назіраюцца праблемы з канкурэнтаздольнасцю.
Доля прыватнага сектара ў ВУП
Пасля развалу СССР доля прыватнага сектара ў краінах рэгіёна была вельмі абмежаванай, аднак за гэтыя гады сітуацыя цалкам змянілася. І хоць шмат дзе прыватызацыя адбывалася без адпаведнасці з законам і дзяржаўная маёмасць наўпрост пераходзіла да алігархаў, гэта ўсё роўна павялічвала эфектыўнасць эканомікі. У Цэнтральнай і Усходняй Еўропе ўсе правялі прыватызацыю, акрамя адной краіны – Беларусі.
З крызісам у Расіі і нізкімі цэнамі на нафту відавочна, што эпоха росквіту беларускай эканомікі скончылася. Цяпер краіне патрэбныя новыя крэдыты, а МВФ ды ЕБРР гатовыя іх прадставіць (пра што яны казалі ў тым ліку і на сустрэчах “Ідэі”). Але гэтым разам прыйдзецца падыйсці да рэформаў сур’ёзна. Час цудаў прайшоў.
Поўны тэкст даследавання чытайце тут.