Беларусы ўперліся ў сценку. Трэба разабрацца, як яе пераадолець
Рэвалюцыі пакуль не адбылося. Галоўны фактар, які ўплывае на транзіт улады, – гэта ціск грамадства, а адзіны механізм, які ёсць у грамадства, – гэта вуліца. Цяпер гэтага чынніка фактычна няма і невядома, ці з’явіцца, бо для гэтага патрэбны пэўны збег абставінаў, як тое было летась.
Трыгерам пратэсту ў мінулым годзе стала электаральная кампанія. Улада гэта зразумела, і будучыя мясцовыя выбары ўвогуле адмяніла. Ці стане такім трыгерам рэферэндум аб новай Канстытуцыі – невядома. Кажуць, што Лукашэнку важна легітымнасць гэтага рэферэндуму, але яго гэта цяпер мала цікавіць, яму ў дадзены момант не да “жыравання”. Наконт унутранай і знешняй легітымнасці Аляксандр Рыгоравіч наогул не будзе пераймацца, бо стаўка зроблена на голую сілу.
У апазіцыйным асяроддзі абсалютна не абмяркоўваюцца варыянты ціску. Да чаго заклікаць людзей? Галасаваць за новую Канстытуцыю? Дык Лукашэнка яе робіць пад сябе, яна яшчэ менш дэмакратычная за папярэднюю, там ствараецца нявыбарны орган улады – Усебеларускі народны сход. Прычым гэты Сход набывае вялізныя паўнамоцтвы. Дзейная Канстытуцыя прадугледжвала, што галоўныя органы ўлады – выбарныя. Нельга сказаць, што яны і цяпер да канца выбраныя, але яны прынамсі былі абазначаныя як такія.
А калі заклікаць галасаваць супраць новай Канстытуцыі, то тады прэзідэнцкі тэрмін можа скончыцца толькі ў 2025-ым годзе. А калі галасаваць за новую, то ёсць надзея, што будуць новыя выбары.
Яшчэ адзін варыянт – заклікаць да байкоту. Але такі заклік забаронены беларускім заканадаўствам. Важна памятаць, што кампанія за байкот – гэта актыўнасць, якая дэмабілізуе, з яе не вырастае пратэсту. Праблемы эканомікі, ціск Захаду праз санкцыі, ціск Расіі – усе яны менш важныя за вуліцу. Калі яе няма, то застаецца спадзявацца на транзіт, прапанаваны ўладай.
Ківач так адхіліўся ў бок дыктатуры, што незваротны яго рух у адваротны бок
У мінулым годзе, калі былі вялікія вулічныя пратэсты, канстытуцыйная рэформа паводле задумкі Лукашэнкі мела імітаваць ролю механізма транзіту ўлады. Але потым пратэст як фактар палітыкі знік і ад зімы сэнс гэтай рэформы змяніўся. Цяпер яна закліканая захаваць кіроўны рэжым без Лукашэнкі.
І тут ёсць варыянты:
1) Пасля рэферэндуму праходзяць датэрміновыя выбары
Лукашэнка не балатуецца, а кіруе Усебеларускім народным сходам, да якога пераходзіць ільвіная роля паўнамоцтваў ад прэзідэнта. Але шмат хто прагназуе ў такім выпадку двоеўладдзе, якое прывядзе да расколу эліт, а гэта выкліча эрозію рэжыму і яго крах.
Гісторыя дае шмат прыкладаў, калі аўтарытарны лідар, не займаючы фармальна ніякіх кіроўных пасад, утрымлівае поўную ўладу над краінаю. Гэта Дэн Сяапін у Кітаі ў 1970-90-ыя гг. мінулага стагоддзя, Слабадан Мілошавіч у Югаславіі ў 1990-ыя ці Уладзімір Пуцін падчас прэзідэнцтва Мядзведзева, або той жа Назарбаеў у Казахстане.
2) Пасля прэзідэнцкіх выбараў Лукашэнка сыходзіць зусім, аддаючы ўладу пераемніку
Гэта быў бы самы аптымальны варыянт для Беларусі, бо любы пераемнік будзе вымушаны логікай палітычнага працэсу пачаць працэс дэлукашэнізацыі. Толькі на гэтым шляху можна ўтрымаць уладу, легітымнасць у грамадстве і сярод наменклатуры і пачаць дэмакратызацыю ды рух у бок рынкавых рэформаў. Ківач так адхіліўся ў бок дыктатуры, што незваротны яго рух у адваротны бок.
Можна тут прыгадаць працэс дэсталінізацыі пасля смерці Сталіна, калі кожны наступнік – Берыя, Малянкоў, а потым і Хрушчоў прапанавалі свае варыянты адыходу ад папярэдніх таталітарных практык.
Але ж падобна, што Лукашэнка не вызначыўся пакуль па трох пытаннях:
1) змест Канстытуцыі і канфігурацыя розных органаў улады;
2) сваё месца ў будучай сістэме ўлады;
3) у якой меры трэба ўлічваць меркаванне Расіі. Ён усё яшчэ выгадвае, манеўруе, вылічвае розныя варыянты.
Зацягванне часу па максімуме
Сам Лукашэнка не дэманструе ніякай візіі будучыні, ён не ведае, як усё можа функцыянаваць па-іншаму. Нават арганізацыю праўладнай партыі ён жа сам і прытарможвае. Яму зручней захаванне ўсяго, як ёсць, з адсутнасцю рэальных рэформаў. Гэта і будзе базавы сцэнар.
Баланс паміж рознымі групамі, які існаваў да 2020-га года быў разбураны ў жніўні. Таму трэба размаўляць пра тэрміны і пра тое, што мы разумеем пад кіроўнымі класамі. Пэўна, большасць з іх марыць аб тым, каб Лукашэнка знік і з’явіўся новы лідар, які перазапусціць сістэму.
Але цяпер баланс паміж рознымі групамі парушаны. Ёсць праблемы ў эканамічнага блока, рост уплыву сілавікоў, таму, каб думаць пра трансфармацыю самастойна, мае ўсталявацца баланс, нейкі ўзаемны давер паміж рознымі групамі.
Чыноўнікі без рэальнай улады
Беларускі аўтарытарны рэжым – сістэма абсалютнай персаналісцкай улады, і ў яе межах наменклатура не з’яўляецца суб’ектам палітыкі. Цяжка казаць пра нейкія агульныя інтарэсы гэтага класа. Ён, хутчэй, атамізаваны, раздзелены па нейкіх кланавых, ведамасных інтарэсах. Няма нейкай арганізацыі, якая магла б акумуляваць інтарэсы гэтай партыі.
Але нейкі працэс, відаць, пачаўся. Працэс набыцця нейкай палітычнай вагі, перадусім для сілавікоў. Першым сімптомам гэтага стала надзяленне Рады бяспекі дадатковымі паўнамоцтвамі. Фактычна апошнія месяцы мы толькі пра гэта і чуем.
Захаваць лукашызм, але не Лукашэнку
Яшчэ некалькі гадоў мы будзем рухацца ў межах перарывістага “транзіту”, які будуць ажыццяўляць зверху. Але такія адэпты, як Пятроўскі ці Давыдзька, спрабуюць уводзіць дыферэнцыяцыю: ёсць Лукашэнка, а ёсць лукашызм. Вы “сабачцеся” з Лукашэнкам, а мы захаваем лукашызм.
Лукашэнка ж заўжды схільны вяртацца да сыходнага. Яму цяжка мірыцца з думкай, што нешта трэба мяняць, нават фармальна. Уся яго палітыка – гэта тактыка на год, на паўгода, не больш.
Галоўнае пытанне: як сябе ў транзіце будуць бачыць апаненты ўлады.
Пратэст у галовах або вечны пракрастынатар
Нават калі пратэсту няма на вуліцах, то ў галовах сілавікоў і чыноўнікаў ён існуе, нібы Дамоклаў меч. Таму Лукашэнка і не можа вырашыцца на шматлікія рашэнні праз фобію, што калі трохі расслабіцца, то будзе толькі горш.
Таму найбольш верагодны сцэнар – пракрастынацыя. Вечнае знаходжанне прычын, каб нічога не рабіць. Можна правесці рэферэндум, але пры гэтым бясконца адкладаць мясцовыя выбары.
Калі транзіт зацягваецца, то з кожным месяцам больш верагодным робіцца нейкі спантанны і хаатычны зрыў, сітуацыя, якая будзе бескантрольнай.
Немагчымасць выйграць выбары як рухавік рэформаў
Пратэст як фактар уплыву на палітычную рэформу працуе апасродкавана. Праз вялікую колькасць людзей на вуліцах Масква падштурхоўвала Лукашэнку на рэформу. Але пратэст сышоў і рэформа затармазілася.
Лукашэнка робіць выснову: трэба ўсіх душыць, не даваць ніякіх слабінак. Таму немагчыма правесці ніякіх імітацый дыялогу з грамадствам. Нават з праекта Васкрасенскага нічога не атрымалася.
Мала прызначыць пераемніка…
Цяпер пытанне прызначэння пераемніка не галоўнае, больш важна: ці здолее той утрымаць уладу, бо ў працэс можа ўмяшацца грамадства, якое пратэставала летась. Калі Лукашэнка сыдзе, то будзе фрустрацыя ў сілавых ды іншых органах. Калі выйдуць людзі, то як рэагаваць тым жа амапаўцам? Іх лёс будзе ўжо не такім пэўным, як раней.
Застацца ў жывых
Беларускі дэмакратычны рух займаецца зборам людзей, ідэй і чакае акна магчымасцяў. Гэтым займаюцца ўсе дэмакратычныя ініцыятывы пры аўтарытарызме.
Калі ў Эмануэля Жазэфа Сіеса, аднаго з палітычных дзеячаў Французскай рэвалюцыі, спыталі, чым ён займаўся ў эпоху Вялікага тэрору, то ён адказаў вельмі проста: “Я выжыў”.
Таму гэтым зараз усе і займаюцца.
Варта рыхтавацца да дня “Ч” або гадзіны “Х” і распрацоўваць планы пераўтварэнняў на будучыню.
Беларусь ужо стала краінай-ізгоем, выкідваецца з міжнародных арганізацый, працягваюцца санкцыі. У 1990-ых гадах супраць Мілошавіча таксама былі пратэсты, але толькі калі ён увязаўся ў вайну з усім светам, пратэсты ў выніку перамаглі. І цяпер складаецца ўражанне, што чынавенства разумее: Лукашэнка таксама прайграе, ваюючы з усім светам. Відаць, сам Аляксандр Рыгоравіч таксама цяпер гэта разумее.
Фота: Павел Крычко