• Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Даследаванні
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Спецпраекты
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Як польскі чорнарабочы стаў прэзідэнтам Еўрапейскай рады

    Профіль Дональда Туска, былога польскага прэм'ера, які 1 снежня узначаліць Еўрапейскую Раду. 

    Дональд Туск, як і шматлікія палітыкі ўсходняй Еўропы, сталеў не ў цяплічных умовах. У 1957 годзе, калі ён нарадзіўся, камуністы працягвалі нішчыць вальнадумства ў Польшчы, а ўсе 1970-ыя Гданьск перажываў забастоўкі і дэманстрацыі. Сям’я выхоўвала яго ў кансерватыўных нацыянальных традыцыях. Бацька не даваў спуску хлопцу і ў запасе заўсёды меў некалькі рамянёў рознай таўшчыні, каб хлопец сам мог абраць памер пакарання. Пазней у адным з інтэрв’ю Туск скажа, што з таго часу, ён зразумеў значэнне слова “выбар”.

    Будучы прэзідэнт Еўрапейскай Рады рос грамадскаактыўным падлеткам. Ужо ў студэнцкі час ён стаў адным з заснавальнікаў Незалежнага руху польскіх студэнтаў. Пасля вучобы Туск уладкаваўся на працу ў часопіс “Самакіраванне”, дзе ўзначаліў аддзел “Салідарнасці”. Паралельна з асноўнаю працаю ён выпускаў антыкамуністычныя ўлёткі і вёў падпольную дзейнасць.

    У снежні 1981 году кіраўніцтва Польшчы ўводзіць ваеннае становішча, лідары “Салідарнасці” трапляюць у турму. Туску, студэнту-нефармалу з даўгімі валасамі, пашчасціла і яго не пасадзілі, але ён губляе кватэру і працу. На той момант у яго ўжо ёсць жонка і двое малых дзяцей, аднак ён не кідае палітыку.

    Наступныя некалькі гадоў ён не можа ўладкавацца па спецыяльнасці і аж да 1989 году працуе чорнарабочым. Вера ў змены і ўласныя сілы дапамагае будучаму прэм’еру не апускаць рукі, здавалася, у тупіковых сітуацыях. У выніку “Салідарнасць” вызначае яго далейшае жыццё ‑ Туск трапляе ў Польскі Сейм, пазней становіцца прэм’ер-міністрам і за сем гадоў змяняе статус краіны ў Еўропе.

    Палітычныя заслугі

    Пад час сваёй дзейнасці ў Польшчы Туск імкнуўся прывесці краіну да вольнага рынку. Ягоная галоўная заслуга ў тым, што нягледзячы на невысокі ўзровень эканамічнага росту, Польшча стала адзінаю краінаю ЕС, эканоміка якой расла ўсе гады крызісу і цяпер пераадольвае яго наступствы. Урад Туска добра выкарыстаў € 67 млрд. з еўрапейскіх фондаў, пабудаваў хуткія аўтастрады і ў разы палепшыў рэпутацыю Польшчы ў свеце.

    Апаненты ж Туска часцей кажуць пра рост доўгу краіны і колькасці чыноўнікаў. Найбольш істотны ўдар па рэпутацыі Туска ‑ гэта нядаўні скандал звязаны з праслухоўваннем польскіх палітыкаў. На аўдыязапісах чуваць як міністры ўраду шукаюць для Туска кубінскія цыгары або дамаўляюцца аб таемным супрацоўніцтве з Нацбанкам, хоць той і мусіць прытрымлівацца незалежнасці.

    На чале Еўропы

    Прызначэнне Туска старшынёй Еўрапейскай рады для шмат каго стала нечаканаю навіною. Прэса нахвальвае палітыка, як прыхільніка адзінай Еўропы і жорсткага падыходу да Масквы. Туск, таленавіты і прагматычны, пабудаваў добрыя дачыненні з большасцю еўрапейскіх лідараў, а што найважнейшае – з Ангелай Мэркель. Ён прыклаў нямала намаганняў, каб адрадзіць “Ваймарскі трыкутнік” у складзе Польшчы, Нямеччыны і Францыі, які б мог вяршыць лёсы Еўропы. Пры гэтым, ён не забываўся пра шчыльныя дачыненні з ЗША.

    Мяркуецца, што прызначэнне Туска адлюструецца і на агульнай палітыцы Еўропы ў адносінах да Расеі. Масква не будзе радая бачыць на чале Еўропы лідара з такою прынцыповаю пазіцыяй у ўкраінскім пытанні. Некаторыя медыі пішуць, што Туск ураўнаважыць і будзе кантраляваць прарасейскае лобі ў ЕС. Відавочна, што з такім выбарам увага Еўрасаюзу будзе накіраваная на краіны Усходняй Еўропы.

    Іншыя ж медыі дадаюць, што значэнне пасады прэзідэнта Еўрапейскай Рады не варта перабольшваць. У рэшце рэшт, Гэрман Ван Ромпёй не стаў лідарам усёй Еўропы. Але кожны, хто хоча вырашыць пытанне ў Еўрапейскай Радзе, мусіць цяпер зайсці Туска і ветліва паразмаўляць, таму значэнне Польшчы ў ЕС будзе значным. Для Беларусі гэта таксама добра, што такую пасаду заняў чалавек, які калісьці прамаўляў па-беларуску.

    ПаказацьСхаваць каментары