• Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Даследаванні
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Спецпраекты
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Як Ізраіль (чарговы раз) прайграе вайну Хамасу

    Пакуль што толькі ў сусветных СМІ, але хутка можа і ў Сектары Газа.

    Калі 30 ліпеня журналіст навіннага каналу “Аль-Джазіра” запытаўся прадстаўніка ААН у Сектары Газа Крыстафэра Ганэса пра дваццаць забітых Ізраілем школьніц, Ганэс расплакаўся ў наўпроставым эфіры. Супрацоўнік Арганізацыі аб’яднаных нацый мае вялікі досвед працы ў баявых кропках, але нават для яго смерць столькіх дзяцей сталася пераборам. Вайсковая аперацыя Ізраіля ў Сектары Газа ўжо забрала жыцці паўтары тысячы чалавек. Абсалютная большасць гэта мірныя жыхары, пятая частка ‑ дзеці.

    Хоць тэрарысты Хамасу, якія часта выкарыстоўваць людзей як жывы шчыт, таксама нясуць адказнасць за гэтыя смерці, свет з усё большай нянавісцю глядзіць на Ізраіль. Акцыі пратэсту супраць дзеянняў габрэйскай дзяржавы пракаціліся па ўсім свеце, а ў Францыі перараслі нават у пагромы сінагогаў. Антысемітызм вяртаецца ў Еўропу.

    Глабальная кампанія байкоту, дэінвестыцыяў і санкцыяў супраць Ізраіля (BDS) толькі ў 2014 годзе каштавала краіне дзясяткі мільёнаў долараў. Калі Еўропа здаўна негатыўна ставіцца да палітыкі Ізраіля, то ўсё больш амерыканцаў таксама бачаць вінаватымі габрэяў. Згодна з апытаннем інстытуту Гэлапа, больш чым палова маладзёнаў у ЗША лічаць дзеянні ізраільскага войска неабгрунтаванымі. Калі гэты трэнд захаваецца, то праз 10-20 гадоў ізраільскае лобі будзе з цяжкасцю ўплываць на рашэнні ў Вашынгтоне.

    Чым болей будзе павялічвацца прорва, тым менш лагодна будуць глядзець на Ізраіль блізкаўсходнія саюзнікі ЗША. Джордж Фрыдман, кіраўнік выведчай кампаніі Stratfor, у сваім апошнім артыкуле піша пра асіметрыю магчымасцяў паміж Ізраілем і Палестынаю. Калі Ізраіль наўрад ці здольны палепшыць сваю пазіцыю, то Палестына можа, заангажаваўшы з цягам часу ў вайну Хізбулу, Егіпет, Сірыю, Турцыю ці Іярдан. Сёння некаторыя з іх занятыя сваймі справамі, некаторых стрымліваюць пагаданенні з ЗША. Але ці будзе так праз 10-20 гадоў?

    Ізраіль мае рацыю, калі кажа што тэрарысты здабываюць усё больш сучасныя ракеты. Магчыма, што аднойчы Хамас здолее здабыць нешта больш страшнае. Менавіта таму Ізраіль праводзіць ужо трэцюю аперацыю за шэсць гадоў. І як кожная дзяржава, Ізраіль мае права на барацьбу з тэрарызмам, але аперацыя ў Сектары газа мае хутчэй адваротны вынік. Пасля паўтары тысячы смерцяў, пераважна сярод мірных жыхароў, колькасць ахвотных далучыцца да Хамасу толькі павялічыцца.

    Да гэтага дадаецца і дэмаграфічны выклік – арабаў у Ізраілі становіцца ўсё больш. Таму ўлады мусяць як мага хутчэй вынайсці мадэль супольнага пражывання народаў. Гэта нашмат цяжэй, чым думаюць левыя ў ЗША і Еўропе.

    Заходняя мантра аб утварэнні дзвюх дзяржаваў сёння выглядае малаажыццяўляльнай. Значная частка палестынцаў прагне знікнення Ізраіля, тэрыторыі Палестыны застаюцца падзеленымі і наўрад ці здольныя забяспечваць сябе эканамічна. Болей за тое, Ізраіль баіцца, што ў выпадку атрымання незалежнасці Палестына зробіць знішчэнне Ізраіля сэнсам свайго існавання. Габрэям усё адно прыйдзецца ваяваць, як і сёння, але з большымі прававымі праблемамі. Ці ёсць тады сэнс даваць незалежнасць Палестыне?

    Наўрад ці сёння існуе добрае вырашэнне канфлікту, але дакладна вядома, што Ізраілю варта знайсці нейкі кампраміс у бліжэйшыя гады, пакуль Егіптам кіруюць людзі, якія не любяць ісламістаў, пакуль Хізбула і Сірыя занятыя сабою, пакуль Іярдан і Турцыя звязаныя моцным саюзам са Злучанымі Штатамі. Ды і пакуль Штаты разам з Ізраілем. Час працуе супраць габрэяў.

    ПаказацьСхаваць каментары