Таццяна Чарнавол, упаўнаважаная ўкраінскага ўраду ў справе антыкарупцыйнай палітыкі, пазнала шмат няшчасця за апошні час. Прарасейскія баевікі забілі яе мужа на ўсходзе Украіны, а саму яе ў часе Еўрамайдану збілі ледзь не да смерці. Чарнавол першая распачала ўласнае раследаванне адносна Межыгор’я, супраць яе судзіўся Рынат Ахметаў і наагул цяжка назваць палітыка, якому б яна падабалася.
Калі пасля пабегу Віктара Януковіча ў Расею Таццяна Чарнавол стала адказваць за антыкарупцыйную палітыку ва Украіне, гэта выглядала добрым шанцам перамагчы галоўную хваробу краіны. Аднак, 19 жніўня Чарнавол падала прашэнне аб адстаўцы, бо “сённяшні ўрад не мае палітычнай волі для бескампраміснай барацьбы з карупцыяй”.
Краіна шэрых схемаў
Карупцыя, не вайна на ўсходзе, з’яўляецца найбольш балючай тэмай Украіны. Змагаючыся ў Данбасе ўкраінцы ведаюць ворага і ведаюць, як з ім змагацца. Карупцыя ж робіць гнілою ўсю краіну знутры. У 2000-ым годзе Украіна займала 87-ае месца ў Індэксе ўспрыняцця карупцыі Transparency International. Да 2013 году краіна пагоршыла свой вынік, апусціўшыся на 144-ую пазіцыю. Згодна з даследаваннем Сусветнага банку, больш чым палова фірмаў вымушаная даваць хабары ва Украіне. 99,1 % фірмаў кажуць, што для таго, каб атрымаць дзяржаўны тэндар, трэба даць хабар (звесткі за 2013 год).
Пры Януковічу карупцыя дасягнула неверагодных памераў. Прадстаўнікі сённяшняга ўраду кажуць, што гаворка ідзе пра $ 100 млрд – гэта тры бюджэты Украіны. “Сям’я Януковіча” рабіла ўсё: махінацыі са сплатаю падаткаў, прыватызацыя дзяржаўнай маёмасці, захопы іншых кампаніяў і, вядома, пастаянныя перамогі дзяржаўных тэндараў. У судах перамагаў той, хто больш заплаціць: калі заплаціў менш, чым апанент, то твая стаўка згарае.
Таму Украіна для шматлікіх беларусаў асацыюецца з карупцыяй, хоць мы знаёмыя з ёю пераважна на нізавым узроўні ў выглядзе хабараў ДАІ. Але і ў нас за тое, каб аддаць дзіця ў садок, часам трэба заплаціць, проста ва Украіне гэта мае масавы характар. Нават аўтар гэтых радкоў плаціў хабар толькі адзін раз у жыцці і рабіў гэта ва Украіне.
Чаму Майдан пакуль не перамог
Сённяшні палітычны клас не хоча наступаць на свой хвост. Большасць дэпутатаў Вярхоўнай Рады гэтага склікання так ці інакш звязаная з бруднымі справамі. Таму Парламент не прыняў прапановы Чарнавол стварыць сілавы орган барацьбы з карупцыяй, а праваахоўныя органы не заводзяць крымінальныя справы супраць алігархаў, чые шэрыя схемы ўжо вядомыя грамадскасці. Выйсце ў гэтай сітуацыі адно – змена палітычнай эліты, што можа часткова адбыцца на бліжэйшых парламенцкіх выбарах.
Адначасова варта аддаць належнае ўраду Яцанюка, які наладжвае ўкраінскую гнілую падаткавую сістэму. Болей за тое, прэм’ер шляхам шантажу аб уласнай адстаўцы дамогся падвышэння падаткаў на газ і нафту – гэта наўпрост б’е ў эканамічныя інтарэсы Рыната Ахметава і Ігара Каламойскага. Перайсці дарогу адным з найбольш уплывовых людзей Украіны дарагога варта, але гэтага недастаткова.
Украіна патрэбны сапраўдны крымінальны пераслед карупцыянераў, з’яўленне эфектыўных органаў барацьбы з карупцыяй і часам нават нацыяналізацыі кампаніяў, якія зарабілі свае грошы на шэрых схемах. Сёння Украіна не мае грошай, але ўжо цяпер урад мусіць даць зразумець прафесійным чыноўнікам, што іх заробкі неўзабаве павысяцца.
Злучаныя Штаты і Еўрапейскі Звяз мусяць адыграць сваю станоўчую ролю. Барацьба з карупцыяй мае стаць адной з умоваў далейшых крэдытаў. Захад мусіць паскорыць працэс замарожвання грошай былых украінскіх чыноўнікаў у сваіх банках і вяртання іх ва Украіну. Падтрымліваючы следчых журналістаў і праваахоўныя органы Украіны Захад мусіць караць уласныя кампаніі, якія былі замешаныя ў карупцыю ва Украіне.
Калі ў 2005-ым годзе ў выніку дэмакратычнай рэвалюцыі Юшчанка стаў прэзідэнтам Украіны, то шмат хто ўскладаў на яго вялікую надзею, якая аднак не спраўдзілася. За пяць гадоў кіравання Юшчанкі карупцыя толькі павялічылася, а большасць украінцаў глядзела на яго з пагардай. Сённяшнія кіраўнікі Украіны мусяць вывучыць урок сваіх дэмакратычных папярэднікаў, каб пазбавіць сваю дзяржаву ад карупцыйнага пракляцця.