падтрымаць нас

Грамадства

33 панчы з апошняй кнігі Юваля Харары

33 панчы з апошняй кнігі Юваля Харары

Найлепшае з “21 урока для 21 стагоддзя”.

Юваль Харары – адзін з найбольш вядомых мысляроў сённяшняга свету, усе кнігі якога хутка робяцца бестселерамі. Першая была прысвечаная мінуламу, другая – далёкай будучыні, трэцяя – апошняя – нашаму стагоддзю. З яе мы і выбралі самыя цікавыя цытаты, каб вы маглі даведацца, што адбываецца ў сённяшнім свеце паводле аднаго з галоўных яго інтэлектуалаў.  

  • Упершыню ў гісторыі інфекцыйныя хваробы забіваюць менш людзей, чым старасць, голад забірае жыцці меншай колькасці людзей, чым атлусценне, і гвалт зводзіць са свету менш людзей, чым здарэнні.
  • Звычайныя людзі могуць не разумець штучнага інтэлекту ці біятэхналогій, але адчуваюць, што будучыня праходзіць міма іх.

Мы можам у будучыні атрымаць горшае з двух светаў, пакутуючы ад высокага беспрацоўя і недахопу кваліфікаваных кадраў.

  • Калі б дэмакратыя была справай рацыянальнага прыняцця рашэнняў, то не існавала б ніводнай прычыны даваць роўныя правы да галасавання.
  • Сапраўдная праблема з робатамі не ў іх штучным інтэлекце, але ў натуральнай тупасці і жорсткасці іх людзей-кіраўнікоў.
  • Дыктатар, можа, не ў стане даць людзям роўнасць і якасную ахову здароўя, але ён можа навучыць іх любіць яго і ненавідзець яго апанентаў.
  • Няма прычын, каб лічыць, што штучны інтэлект займее свядомасць, таму што інтэлект і свядомасць – гэта вельмі розныя рэчы. Інтэлект – гэта здольнасць вырашаць праблемы. Свядомасць – гэта здольнасць адчуваць такія рэчы, як боль, любоў ці злосць.
  • Алгарытмы Big Data могуць стварыць лічбавыя дыктатуры, у якіх уся ўлада будзе сканцэнтраваная ў руках маленечкай групы эліты. У той жа момант  большасць людзей будзе пакутаваць не ад эксплуатацыі, а ад чагосьці горшага – ад нерэлевантнасці.
  • Самая заможная сотня людзей у свеце мае больш, чым найбяднейшыя чатыры мільярды.
  • Нават калі ты не ведаеш, як зарабіць на звестках сёння, то лепш іх усё адно мець, таму што яны могуць быць ключом кантралявання і фармавання жыцця ў будучыні.

Людзі пражываюць усё больш самотныя жыцці ва ўсё больш узаемазвязаным свеце.    

  • Калі адбываецца нешта цікавае, карыстальнік “Фэйсбука” інстынктыўна дастае свой смартфон, каб зрабіць фотку, апублікаваць яе і чакаць падабаек. Падчас гэтага ён нават не заўважае, што насамрэч адчувае, калі гэта робіць. Тое, што ён адчувае, залежыць, хутчэй, ад анлайн-рэакцый.
  • Гарачая спрэчка пра сапраўдную сутнасць ісламу абсалютна бессэнсоўная. У ісламу няма ўстойлівага ДНК. Іслам – гэта тое, чым яго бачаць мусульмане.
  • Вера ў долар і мудрасць Федэральнай рэзервовай сістэмы настолькі цвёрдая, што яе падзяляюць і ісламскія фундаменталісты, і мексіканскія наркабароны, і паўночнакарэйскія тыраны.

Гэта небяспечная памылка думаць, што без нацыяналізму мы жылі б у ліберальным раі. Хутчэй, мы жылі б у племянным хаосе.

  • Хоць нацыяналізм прывёў да страшэнных і велізарных канфліктаў, сучасныя нацыянальныя дзяржавы таксама пабудавалі масавыя сістэмы аховы здароўя, адукацыі і сацыяльнай бяспекі.
  • У пытаннях клімату краіны не з’яўляюцца суверэннымі. Яны залежаць ад дзеянняў людзей на іншым баку планеты.
  • У XXI-ым стагоддзі нацыі аказаліся ў той жа сітуацыі, што і старажытныя плямёны: яны больш не найлепшая структура для таго, каб адказваць на выклікі свайго часу.
  • Няма розніцы, якую эканамічную палітыку абяры Хамэнэі: ён заўсёды зможа звесці яе з Каранам. Такім чынам Каран зводзіцца з узроўню крыніцы сапраўдных ведаў да крыніцы абгрунтавання рашэння ўлады.
  • У XXI-ым стагоддзі рэлігіі не прыносяць дождж, не лечаць хваробы, не ствараюць бомбы – але яны вызначаюць, хто “мы” і хто “яны”, каго мы павінны лячыць, а каго бамбіць.
  • Няма розніцы, наколькі архаічнай можа выглядаць рэлігія, але крыху фантазіі і рэінтэрпрэтацыі і яна амаль заўсёды можа спалучацца з апошнімі тэхналагічнымі гаджэтамі і самымі сучаснымі інстытутамі.

Тэрарысты не думаюць як вайсковыя генералы. Замест таго яны думаюць як тэатральныя прадзюсары.

  • Калі мы хочам эфектыўна змагацца з тэрарызмам, то мы павінны ўсвядоміць, што тэрарысты не могуць нічога зрабіць, каб нас перамагчы. Толькі мы можам сябе перамагчы, калі мы няслушна зарэагуем на правакацыі тэрарыстаў.
  • У 1914-ым годзе вайна была папулярнай ідэяй сярод сусветных элітаў, таму што яны бачылі шмат паспяховых войнаў, якія ўмацоўвалі іх эканамічны дабрабыт і палітычную ўладу. У 2018-ым годзе сітуацыя адрозніваецца – паспяховыя войны сталі відам, які вымірае.
  • Чалавечая тупасць – адна з найважнейшых сілаў у свеце, але мы яе недаацэньваем.
  • Як хрысціянскія грамадствы і інстытуты часта далёкія ад хрысціянскага ідэалу, гэтаксама далёкія ад яго і секулярныя грамадствы ды інстытуты.
  • Калі ты хочаш, каб твая рэлігія, ідэалогія ці светапогляд дамінавалі ў свеце, то маё першае пытанне да цябе наступнае: “Якую найвялікшую памылку дапусціла твая рэлігія, ідэалогія ці светапогляд? Што пайшло не так?” Калі ты не можаш грунтоўна адказаць на гэтае пытанне, то я б табе не даверыўся.

Нацыі і рэлігіі – гэта футбольныя клубы на стэроідах.

  • Паводле найлепшых навуковых тэорый і самых сучасных тэхналагічных прыладаў, наш розум ніколі не пазбаўлены маніпуляцый. Не існуе ніякага “я”, якое чакае ўнутры нас, каб быць вызваленым ад маніпуляцый.
  • У нашым свеце апошняя рэч, якую настаўнік павінен даваць вучням, – гэта веды. Яны і так іх ужо зашмат маюць.
  • Каб заставацца рэлевантным – не толькі эканамічна, але і сацыяльна – людзям патрэбная здольнасць пастаянна вучыцца і перавынаходзіць сябе, прынамсі ў такім маладым узросце як 50.
  • Мы павінны ўсвядоміць, што мы не кантралюем сваіх жаданняў, нават рэакцыяў на свае жаданні.
  • Вы маглі чуць, што мы жывем у эры, калі займаюцца хакерствам камп’ютараў, але гэта нават не палова праўды. Насамрэч мы жывем у часах, калі квітнее хакерства  людзей.