• Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Спецпраекты
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Спецпраекты
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Чаму дзяржаўныя інвестыцыі – гэта марнаванне грошаў

    За 2011-2015 гады на фінансаванне дзяржаўных праграм у аграпрамысловым комплексе было накіравана прыблізна $ 13,6 млрд бюджэтных сродкаў. Але які ўплыў такія інвестыцыі аказваюць на эканоміку?

    Чаму ўвогуле тэма дзяржаўных інвестыцыяў павінна нас турбаваць? На гэта ёсць некалькі прычын:

    • за 2015 год прамыя замежныя інвестыцыі на чыстай аснове ў эканоміку Беларусі склалі $ 1,6 млрд (паводле Міністэрства эканомікі), а інвестыцыі паводле дзяржаўных праграмаў за 2015 год (толькі за кошт Банка развіцця) планаваліся на ўзроўні $ 0,7–1,0 млрд. Такім чынам, унутры краіны дзяржава гэта найбуйнейшы інвестар;
    • за апошняе пяцігоддзе нам абяцалі мадэрнізацыю і якасна новую эканоміку з сярэднім заробкам $ 1 тыс. (у выніку мы маем прыблізна $ 300 заробку, рост беспрацоўя і пастаўленую на мяжу банкруцтва вялікую колькасць дзяржаўных прадпрыемстваў);
    • праз загад № 513 дзяржава аказала альбо акажа невядомым прадпрыемствам падтрымку ў памеры Br 4 трлн рублёў ($ 191,3 млн), такім чынам, грошы беларускіх падаткаплатнікаў размяркоўваюцца тайна ад іх саміх;
    • стварэнне Банка развіцця як асноўнага агента дзяржавы ў фінансаванні дзяржаўных праграм, сведчыць пра тое, што дзяржава не плануе адмовіцца ад палітыкі дзяржаўных інвестыцыяў.

    Вышэй пералічанае выклікае пытанне пра эфектыўнасць дзяржавы як інвестара, бо дзяржава размяркоўвае не свае сродкі, а падаткаплатнікаў.

    Тым больш для нашай краіны пытанне аб эфектыўнасці дзяржавы як інвестара гэта пытанне аб эфектыўнасці эканомікі краіны.

    Некалькі фактаў пра дзяржаўныя інвестыцыі ў Беларусі

    Сродкі, якія выдзяляюцца па дзяржаўных праграмах і пад гарантыі дзяржавы, застацца асноўнай крыніцай інвестыцыяў для аграпрамысловага комплексу Беларусі. Да сённяшняга дня дзяржаўныя інвестыцыі ў Беларусі часта становяцца «мёртвым капіталам» і не вяртаюцца назад у бюджэт ні ў выглядзе прыбыткаў, ні нават у выглядзе выплаты доўгу.

    Улады заўсёды пазіцыянуюць дзяржаўныя інвестыцыйныя праграмы як сродак для стварэння канкурэнтаздольнай эканомікі, насамрэч час паказаў нам іншае.

    Дзяржава цягам выканання дзяржаўных інвестыцыйных праграм заўсёды абяцае нам павышэнне ўзроўню жыцця, стварэнне дыверсіфікаванай і высокатэхналагічнай эканомікі. Але ці прыводзяць праграмы да запланаваных паказнікаў?

    • месца Беларусі ў рэйтынгу ВУП паводле парытэту пакупніцкай здольнасці панізілася з 60-га ў 2011-ым да 69-га ў 2015-ым;
    • у краіне адбываецца дэіндустрыялізацыя за студзень- кастрычнік 2015 года фізічны аб’ём выпуску трактароў скараціўся на 38,1 %, камбайнаў – на 78,5 %, станкоў для апрацоўкі металаў – на 59 %, кар’ерных самазвалаў – на 45,2 %, аўтобусаў – на 51,2%, грузавых машын – на 57,6 %, грузавых вагонаў – на 82,7%;
    • адным з сімвалаў дэіндустрыялізацыі стала спыненне выпуску тэлевізараў у кастрычніку 2015 года;
    • сярэдні заробак у студзені 2016 года складаў прыблізна $ 312, што адпавядае ўзроўню 2006 года; фактычна мы аказаліся адкінутымі на 10 гадоў у мінулае.

    Праграма мадэрнізацыі апошняга пяцігоддзя цалкам праваленая, мы не толькі не дасягнулі пастаўленых мэтаў, але і страцілі тое, што было. Больш за тое, адказнасць за гэта ніхто не нясе.

    Чаму дзяржаве лепш не займацца інвестыцыямі

    Ніводная структура ў свеце (як прыватныя кампаніі, так і дзяржавы) не мае абсалютна дакладных дадзеных аб тым, што патрэбна ў гэты момант канкрэтна гэтаму індывіду альбо іх групе. Такім чынам, дзяржава размяркоўвае сродкі, але не мае глабальнага адэкватнага бачання прыярытэтаў грамадства.

    Укладанне сродкаў адміністрацыйным чынам прыводзіць да скажэння структуры капіталу і вытворчасці, што ў сваю чаргу прыводзіць да перавытворчасці ў асобных галінах гаспадаркі і, як вынік, да эканамічнага крызісу. Больш таго, атрыманне ільгот ды субсідыяў ад дзяржавы часта прыводзіць да зніжэння фінансавай дысцыпліны і стварэння неэфектыўных прадпрыемстваў.

    Добры прыклад такога падыходу машынабудаўніцтва. Укладанне значных сродкаў разам з іншымі фактарамі прывяло да зніжэння фінансавай дысцыпліны і адсутнасці ініцыятывы, а гэта, у сваю чаргу, да выпуску неканкурэнтаздольнай на сусветным рынку прадукцыі.

    Таксама варта ўзгадаць дрэваапрацоўчую прамысловасць, дзе дзяржаўная праграма інвестыцыяў была цалкам праваленая.

    У той жа час прыватныя прадпрыемствы, напрыклад, мэблевая фабрыка «Лагуна» альбо прадпрыемства па выпуску драўняных пліт «Kronospan», паспяхова працуюць і развіваюцца.

    Аднак Беларусь не задавальняе патрэб грамадзянаў у такой сферы як прадметы бытавога побыту, асабістай гігіены, дзіцячых тавараў і ўвогуле лёгкай прамысловасці, шмат імпартуючы. І гэта не толькі пытанне стварэння айчынных прадпрыемстваў (часта вельмі складана канкураваць з сусветна вядомымі брэндамі), але і пытанне прыцягнення ў краіну тых жа сусветна вядомых брэндаў. Тым больш, што нашым суседзям Расіі ды Украіне гэта ўдалося.

    Дзяржава ў асобе палітыкаў часта кіруецца дасягненнем кароткатэрміновага эфекту на шкоду стратэгічнаму развіццю, з мэтай захавання ўлады і лаяльнасці выбарнікаў.

    Адсутнасць асабістых інтарэсаў (у выніку поспеху праектаў) у тых, хто размяркоўвае дзяржаўныя сродкі, нароўні з размытай адказнасцю ў выпадку няўдачы праектаў прыводзіць да зніжэння дысцыпліны,  росту карупцыі і лабіявання інтарэсаў пэўных груп.

    Бюракратыя і дыктат з боку дзяржавы над тымі, хто атрымлівае грошы ў рамках дзяржаўных праграм, прыводзіць да страты прадпрымальніцкай ініцыятывы і часта тармозіць працэс асваення капіталаў, што прыводзіць да правалу праектаў (час – гэта таксама грошы).  Апрача таго, дзяржаўныя інвестыцыі ў буйныя праекты часта выціскаюць малы і сярэдні бізнес за кошт выкарыстання льготнага капіталу ды атрымання іншых прэферэнцыяў ад дзяржавы.

    Дзяржава ў мэтах простасці кіравання інвестыцыямі схіляецца да стварэння і падтрымкі буйных праектаў ды часта трапляе ў пастку «To big to fail» (стварэння фірм “занадта вялікіх, каб абанкруціцца”), замест стварэння шырокай праслойкі малога і сярэдняга бізнесу, які з’яўляецца больш устойлівым да трансфармацыяў на сусветным рынку.

    За памылкі дзяржавы як інвестара заўсёды разлічваецца грамадства  у адрозненне ад прыватнага інвестара, які сам нясе адказнасць за свае інвестыцыі (калі, канешне, не было папярэдняй дамоўленасці з дзяржавай).

    Шлях сапраўднага рэфарматара

    Калі назіраць за досведам краін, якія паспяхова прайшлі шлях рэформаў, можна вызначыць некалькі пунктаў, якія залежаць ад дзяржавы.

    На што лепш звярнуць увагу дзяржаве замест інвестыцыяў, каб стварыць канкурэнтаздольную эканоміку і моцнае грамадства:

    • стварэнне прававых інстытутаў, якія будуць абараняць права на прыватную ўласнасць (пры гэтым не трэба вынаходзіць кола – мы маем добры досвед, напрыклад, Сінгапура, які пераняў нормы з англійскага заканадаўства);
    • стварэнне рэальна незалежнай судовай сістэмы, скіраванай на абарону правоў грамадства і прадпрымальнікаў;
    • прыватная ўласнасць на зямлю, яе свабодная купля/продаж;
    • зніжэнне ролі дзяржавы як уласніка сродкаў вытворчасці ды іншых багаццяў, а таксама абмежаванне дзяржавы як рэгулятара эканомікі;
    • фінансавання навукі і навуковых даследаванняў, як прыкладных, гэтак і фундаментальных;
    • стварэнне празрыстай і простай падатковай сістэмы побач са стварэннем інстытута падатковых кансультантаў;
    • забеспячэнне адкрытай эканомікі шляхам удзелу ў міжнародных эканамічных блоках тыпу Сусветнай гандлёвай арганізацыі, каб павялічыць патэнцыйны рынак для вытворцаў, якія працуюць у нашай краіне.

    Калі дзяржава сапраўды клапоціцца пра сваіх грамадзянаў ды імкнецца павышаць іх дабрабыт, то найлепшае, што яна можа зрабіць, гэта стварыць прававую інфраструктуру, якая б забяспечыла і грамадству, і бізнесу абарону іх правоў ды інтарэсаў.

    Такім чынам, роля дзяржавы перадусім – не быць інвестарам, а зрабіць краіну прывабнай для прыватных інвестыцыяў і вядзення бізнесу, як для мясцовага капіталу, так і для замежнага.

    ПаказацьСхаваць каментары