• Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Даследаванні
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Спецпраекты
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Нямеччына: лідар Еўропы ці траянскі конь Крамля?

    Берлін адною рукою ўводзіць санкцыі супраць Расеі, а другою дамаўляецца аб здачы Данбасу.

    Цяжка зразумець Нямеччыну ў расейска-ўкраінскім канфлікце. У адзін дзень нямецкія і французкія дыпламаты выступаюць медыятарамі ў перамовах паміж Расеяй і Украінаю. На другі Меркель знаходзіць з Пуціным кампраміс і замарожвае канфлікт ў Данбасе. На трэці Нямеччына, пераняўшы ад Злучаных Штатаў ролю лідара Захаду, уводзіць санкцыі супраць Расеі.

    Нямеччына і сама не разумее, што адбываецца. Усё тое, ува што верыў Берлін у дачыненнях з Масквою, аказалася няпраўдаю. Міжнароднае права і нормы не працуюць, эканамічная ўзаемазалежнасць не вядзе да дэмакратызацыі, нават сяброўства паміж палітыкамі прыносіць мала карысці.

    Берлін, якім яго не хоча бачыць усходняя Еўропа

    З самага пачатку канфлікту Нямеччына выступала за знаходжанне кампрамісу паміж Кіевам і прамаскоўскімі баевікамі. Меркель, як і ейны міністр замежных справаў, не раз казалі аб патрэбе федэралізацыі Украіны, за што ўкраінцы дзякавалі “фраў Рыбентроп” на ейнай старонцы ў фэйсбуку. Толькі пасля збіцця Боінга ўкраінцы атрымалі падтрымку на вайсковыя дзеянні ў Данбасе. І тое, на кароткі час.

    Першую хвалю санкцыяў ЕC і асуджэнне анексіі Крыму цяжка назваць саліднымі. Усё зводзілася да таго, што дачыненні з аўтарытарнаю Расеяй для Нямеччыны важнешыя, чым дэмакратычная Украіна.

    Як заявіла міністр абароны Нямеччыны ў нядзельным выданні Bild, ейная краіна не ў стане выконваць свае абавязкі перад НАТО. У практыцы гаворка ідзе пра тое, што калі Расея нападзе на балтыйскія краіны, то Нямеччына не здолее іх абараніць. Таму нядаўнія дамовы аб узмацненні Паўночнаатлантычнага саюзу ва ўсходняй Еўропе могуць напаткаць лёс Будапешцкага мемарандума.

    Праблема Нямеччыны яшчэ і ў тым, што яна не хацела быць лідарам Захаду ў канфлікце з Расеяй. Але Злучаныя Штаты пераключыліся на больш важныя для іх праблемы Бліжняга ўсходу, няўдачы Алянда, якія аслабілі Францыю, і еўраскептыцызм Брытаніі прывялі да таго, што толькі Берліну хапае моцы і часу для сур’ёзных перамоваў з Расеяй.

    Ці Нямеччына такая дрэнная?

    Замарожванне канфлікту ў Данбасе гэта не толькі жаданне любым коштам знайсці кампраміс. Нямеччына, як і шматлікія іншыя краіны Захаду, проста не бачыць каму пастаўляць зброю ва Украіну. Болей за тое, Берлін баіцца, што нават са зброяй Украіна не пераможа. Гэта азначае, што тады прыйдзецца ўсё адно шукаць паразумення з Пуціным – проста да гэтага загіне яшчэ болей людзей.

    Ды і Нямеччына гатовая ўводзіць болей санкцыяў. Берлін раней выступаў за іх паглыбленне, але тармозяць іх увядзенне пераважна краіны Цэнтральнай Еўропы, як Чэхія і Славаччына. Аднак, у Берліне таксама перакананыя, што эканамічныя санкцыі не прынясуць адразу жаданага выніку, гэта больш доўгатэрміновая стратэгія.

    Краіны Захаду проста не ведаюць, як вырашыць канфлікт. Таму і кіруюцца правілам лепш нічога не рабіць, чым наламаць дроваў. Так, нібыта, бяспечней.

    ПаказацьСхаваць каментары