Калі большую частку краін СНД ліхаманіць, адна Грузія цягам апошніх гадоў паказвае стабільныя тэмпы эканамічнага росту. Заробкі ў прыватным сектары складаюць каля $ 450, турыстаў прыязджае больш, чымся ёсць саміх жыхароў (5,6 млн наведнікаў у 2015-ым), а ў рэйтынгах Economic Freedom і Doing Business краіна займае 22-ое і 23-яе месцы адпаведна.
Пры гэтым краіна перажыла агрэсію з боку Расіі, здолела дыверсіфікаваць свой экспарт і амаль цалкам адмовіцца ад расійскіх энерганосьбітаў. Хоць з сыходам экстравагантнага Саакашвілі ўвага да Грузіі зменшылася, новыя ўлады ажыццяўляюць не менш глабальныя рэформы.
Дзе хаваецца поспех Грузіі (і можа быць выратаванне для Беларусі)?
Якасна новы дзяржаўны апарат
Перад прыходам Саакашвілі краіна фактычна з’яўлялася failed state. У Грузіі не было незалежных судоў, усе дзяржаўныя службы працавалі толькі праз хабар. Новая ўлада пачала праводзіць імклівыя, адначасовыя і балючыя рэформы. Новы кабінет міністраў быў сфармаваны з маладых прафесіяналаў, часта ўзростам да 30 гадоў, пераважна з заходняй адукацыяй. Пры гэтым шмат новых чыноўнікаў прыйшло з сектара недзяржаўных ці міжнародных арганізацыяў.
У 58 % справаў з удзелам дзяржавы перамагаюць прыватныя асобы. Гэта называецца незалежны суд
Бадай усе чулі пра рэформу паліцыі, калі ў адзін дзень былі звольненыя 40 тыс. афіцэраў, а служба была пабудаваная нанова (і выглядае цяпер як у амерыканскіх фільмах). Судовая сістэма таксама абнавілася, сёння ў 58 % справаў з удзелам дзяржавы перамагаюць прыватныя асобы, а давер да судоў і паліцыі складае больш за 85 %. Праўда, такая радыкальная барацьба з карупцыяй прывяла да імгненнага росту затрыманых, калі ў Грузіі ў турмах (якія застаюцца праблемным пытаннем) знаходзілася больш чалавек, чымся ў вязніцах Францыі – больш за 20 тыс. грамадзянаў.
Па бюракратыі таксама быў нанесены ўдар. Палова дзяржаўных службоўцаў была звольненая, дзякуючы гэтаму астатнія атрымалі вышэйшыя ў некалькі разоў заробкі. Колькасць міністэрстваў была зменшана з 18 да 13, дзяржаўных агенцтваў з 54 да 34, а непатрэбныя ліцэнзіі ды дазволы адмянілі – з 905 пакінулі толькі 145. Падатковую сістэму таксама спрасцілі – з 21 сёння засталося толькі 6 падаткаў.
Забыць пра “дзяржаўныя прадпрыемствы”
У краіне адбылася татальная прыватызацыя. Фактычна адзіным буйным працоўным дзяржпрадпрыемствам краіны з’яўляецца чыгунка. Усё іншае, ад выпрацоўкі да продажу электрычнасці, універсітэты і лякарні належаць прыватным асобам. Відавочна, гэта прываблівае і замежныя прамыя ды партфельныя інвестыцыі, якія ў 2014 годзе склалі $ 1,78 млрд. Дзяржава пры гэтым займаецца толькі буйнымі інфраструктурнымі праектамі як пабудова хуткасных дарог і мастоў, на што з 2012-га выдаткавала $ 1,4 млрд.
Пры дапамозе EС і Арганізацыі эканамічнай супрацы і развіцці (OECD) краіна распрацавала стратэгію развіцця малога і сярэдняга бізнесу. Праграма скіраваная на яшчэ большае паляпшэнне бізнес-клімату, спрашчэнне доступу да сродкаў, спрыянне экспарту, навуковым распрацоўкам, а таксама павышэнню бізнес-навыкаў грамадзянаў.
Ужо сёння працуе праграма “Зроблена ў Грузіі”, якая дапамагае адкрыць ці развіць існы бізнес праз палёгку доступу да сродкаў і зямлі. Для вытворчасці краіна бярэ на сябе абавязкі па выплаце працэнтаў з крэдыту – у выніку бізнес можа прыцягнуць сродкі пад 1-3 %. А ў сельскай гаспадарцы бізнес можа ўзяць дзяржаўную маёмасць за 1 лары (каля $ 0,5) ці атрымаць міні-грант на $ 8 тыс. Турыстычнаму бізнесу дзяржава яшчэ пакрывае выплаты на пакупку замежных франшыз. Пры гэтым праграма паляпшае сітуацыю ў рэгіёнах – палова заявак павінны быць адтуль. У выніку з 2014 года было ўжо створана каля 10 тыс. новых канкурэнтаздольных працоўных месцаў. Гэта вам не шыльдачкі “Зроблена ў Беларусі” ў “Еўраопце”.
Паслядоўнасць рэформаў
Нягледзячы на паразу Саакашвілі і прыход да ўлады “Грузінскай мары”, краіна працягвае ісці курсам, абраным у 2004-ым. Пры гэтым новыя ўлады толькі ліквідуюць перакосы лібертарыянскіх рэформаў Саакашвілі (напрыклад, пенсійная рэформа), працягваючы еўрапейскі кірунак развіцця.
У 2014 годзе краіна падпісала Пагадненне аб асацыяцыі і далучылася да зоны свабоднага гандлю з ЕС (DCFTA). А ўжо з гэтага года грузіны змогуць ездзіць у ЕС без візаў.
Толькі ў межах плана па візавай лібералізацыі краіна ратыфікавала 7 міжнародных канвенцыяў, прыняла 8 стратэгіяў, унесла 60 паправак у заканадаўчыя акты і адмяніла каля 70 рэгуляцыяў ды інструкцыяў.
Якасць кадраў вырашае. Кожны чыноўнік свабодна валодае англійскай моваю, а заходняя адукацыя з’яўляецца нормаю
Канешне, у краіне застаецца шмат праблемаў. Малы і сярэдні бізнес дае толькі 6 % ВУП, а сельская гаспадарка, дзе працуе амаль палова насельніцтва, – 10 % ВУП. Краіна мае дэфіцыт гандлёвага балансу, які вымушаная кампенсаваць вялікім прытокам замежных інвестыцыяў і грашовымі пераводамі з-за мяжы (каля $ 1млрд штогод). Таксама ёсць праблемы з энергаэфектыўнасцю і недафінансаваннем інфраструктуры.
Але гэта той выпадак, калі якасць кадраў вырашае. Калі кожны чыноўнік свабодна валодае англійскай моваю, заходняя адукацыя для яго з’яўляецца нормаю, а не выключэннем, прычым гэта ўсё адбываецца ў дэмакратычнай сістэме – хвалявацца за лёс краіны не выпадае. Грузія перайшла на шлях устойлівага развіцця, не спыняецца ў правядзенні рэформаў (з 2004-га!) і рыхтуецца праз 5-7 гадоў стаць новай Польшчаю рэгіёна. А Беларусь жа пакуль рыхтуецца да чарговага Народнага сходу, які нібыта нешта вырашыць.
Аўтар матэрыялу дзякуе Школе маладых менеджараў публічнага адміністравання SYMPA за магчымасць узяць удзел у адукацыйным візіце ў Грузію.