“Цягам апошніх месяцаў Швецыя выказвае актыўную цікаўнасць у павышэнні падтрымкі беларускай грамадзянскай супольнасці. Future Forum стаў калабарацыяй Шведскага інстытуту і Цэнтра новых ідэй, якая дазволіла беларускім супольнасцям у Вільні і Варшаве абмеркаваць сучасныя выклікі і абмяняцца ідэямі для будучага развіцця, а таксама прыцягнуць увагу Швецыі да разнастайных і выдатных ініцыятываў, якія адбудавалі беларускі і беларусы замежжа “, — адзначыла арганізатарка форуму і дырэктарка ЦНІ Леся Руднік.
Журналісткі і журналісты з незалежных медыя, якія працуюць для аўдыторыі ў Беларусі, у дыскусіі падчас форуму агучылі праблемы, з якімі сутыкаюцца ў сваёй працы:
- абмежаванасць экспертнага кола і крыніц інфармацыі;
- аднатыпны кантэнт і пераарыентацыя на міжнародны парадак дня;
- пастаянны пошук новых тэхнічных рашэнняў для абыходу блакаванняў;
- пошук фінансавання ад донараў і спробы перайсці на фандрайзінг.
Тым не менш эксперткі і эксперты лічаць, што медыя змаглі захаваць сваю аўдыторыю ўнутры Беларусі.
Маладыя рэфарматаркі і рэфарматары таксама сутыкаюцца з цяжкасцямі:
- адчуваецца недахоп кадраў і стомленасць актыўных людзей;
- у грамадскім сектары нізкія заробкі;
- праз тое, што большасць працы адбываецца на валанцёрскіх пачатках, цяжка прыцягваць новых класных спецыялістак і спецыялістаў;
- актывісткі і актывісты не гатовыя на эксперыменты і новыя падыходы да працы;
- немагчыма гарантаваць бяспеку тых, хто праяўляе актыўнасць.
Пры гэтым на моладзевых панэлях у Вільні і ў Варшаве былі прадстаўлены праекты рознай накіраванасці.
Большасць з гэтых ініцыятыў распачатыя маладымі людзьмі ўжо ў эміграцыі, але іх аўтаркі і аўтары вельмі аптымістычна глядзяць на будучыню, імкнуцца выкарыстоўваць у сваёй дзейнасці новыя фарматы і падыходы.
Прадстаўніцы і прадстаўнікі дыяспар абазначылі праблемы, з якімі грамадзянкі і грамадзяне Беларусі сутыкаюцца пасля выезду за межы сваёй краіны:
- беларускі і беларусы намагаюцца асімілявацца, а не адаптавацца;
- дыяспарам не хапае лабізму сваіх інтарэсаў у іншых краінах;
- эмігранткі і эмігранты слаба ўдзельнічаюць у фінансаванні грамадзянскай супольнасці.
Прадстаўніцы і прадстаўнікі беларускіх кампаній гаварылі пра магчымыя калабарацыі бізнесу і грамадскай супольнасці, прапаноўвалі новыя рашэнні, якія даўно ўжываюцца бізнесе і могуць быць выкарыстаныя і ў грамадскім сектары.
Грамадскія і палітычныя актывісткі і актывісты назвалі фактары, якія ўплываюць на беларускую салідарнасць:
- людзі сыходзяць з палітыкі і засяроджваюцца на сваім звычайным жыцці і ўласных праблемах;
- ідзе разрыў паміж беларускамі і беларусамі ў Беларусі і ў эміграцыі;
- сем’ям палітвязняў патрэбна дапамога і візавая падтрымка.
Былі агучаны прапановы па вызваленні палітзняволеных, канвенцыйныя і неканвенцыйныя метады для гэтага, а таксама ідэі, якой можа быць падтрымка заходніх краін і як можна стымуляваць дыскусіі па праблемах Беларусі ва ўсім свеце.
Падчас форуму адбыліся воркшопы па ментальнай устойлівасці і лічбавай бяспецы. У ўдзельніц і ўдзельнікаў Future Forum была магчымасць у камерных закрытых групах паразмаўляць з эксперткамі і экспертамі пра тое, як клапаціцца пра сваё здароўе, дбаць пра бяспеку — сваю і калег па дзейнасці.
“На форумах у Вільні і ў Варшаве мы сабралі разам людзей з розных супольнасцяў — грамадзянскіх, медыя і экспертных. І розных генерацый — тых, хто ўжо даўно працуе ў грамадскім сектары, і тых, хто са свежымі сіламі пачынае свае праекты. Каб не проста чарговы раз абмеркаваць праблемы, але і паспрабаваць прадумаць нейкія рашэнні на будучыню, абмяняцца думкамі і падзяліцца адзін з адным вайбам крэатыўнасці. Мяркую, што на Future Forum у многіх удзельніц і ўдзельнікаў нарадзіліся свежыя думкі і з’явіліся новыя знаёмствы”, — перакананая арганізатарка форуму Леся Руднік.
Фота: Darya Dubrovskaya
Больш фотаздымкаў з Future Forum глядзіце на нашым Facebook — з Варшавы і Вільні.