падтрымаць нас

Палітыка

Чатыры выклікі перад дэмакратычнымі кандыдатамі

Чатыры выклікі перад дэмакратычнымі кандыдатамі

Гэты матэрыял з’яўляецца тэкстам выступу Рыгора Астапені на вебінары “Беларуская палітыка ўжо не будзе ранейшай?” Вебінар з удзелам Рыгора і Арцёма Шрайбмана прайшоў 18-га чэрвеня, а поўнае відэа дыскусіі даступна на Youtube-канале Цэнтра новых ідэй

Я скажу пра чатыры выклікі, якія цяпер стаяць перад альтэрнатыўнымі кандыдатамі. Ёсць яшчэ пяты – рэгістрацыя ў якасці кандыдатаў, але гэта справа ўжо не залежыць ад прэтэндэнтаў, таму яе прапусцім. 

Першы выклік – як вытрымаць рэпрэсіі і ўзмацніцца дзякуючы ім. 


Сёлета рэпрэсіі пачаліся досыць рана, таму не ўсе былі да іх падрыхтаваныя. Цяпер альтэрнатыўным кандыдатам трэба думаць, як скіраваць ціск з боку ўладаў на сваю карысць. Дакладна не трэба разглядаць рэпрэсіі як палку, адзін бок якой б’е іншы і застаецца сам у ідэальным стане. Гэтая сітуацыя называецца парадоксам рэпрэсіяў, калі бок, які б’е, насамрэч толькі ўзмацняе апанента. Самы блізкі нам прыклад – гэта Еўрамайдан, які стаў масавым акурат праз тое, што паліцыя пабіла студэнтаў. 

Я пра гэта пісаў у тэлеграм-канале, што рэпрэсіі і супраць Ціханоўскага, і Бабарыкі могуць больш знітаваць іх каманды і ўзмацніць дух іх прыхільнікаў. У сваю чаргу, рэпрэсіі могуць расчараваць вонкавых гульцоў (як, напрыклад, Расію ў выпадку пераследу “Белгазпрамбанка”), аслабіць упэўненасць сістэмы праз расчараванне грамадства яе дзеяннямі і падзяліць кіроўныя эліты, калі чыноўнікі будуць задаваць сабе пытанне, навошта ім усё гэта трэба. У нейкай ступені гэты бумеранг рэпрэсій вяртаецца ва ўладу сам па сабе, але альтэрнатыўныя кандыдаты могуць дапамагчы гэтаму бумерангу даляцець. 

Другі выклік – як дамагчыся адкрытага падліку галасоў.

Па сутнасці, у галаве кіраўнікоў выбарчых участкаў грамадскае жаданне сумленных выбараў павінна быць мацнейшым за загад, які яны атрымліваюць зверху. Сістэма фальсіфікацый, можа, доўгі час добра працавала, але ў прынцыпе сённяшні ціск для яе можа аказацца незвычайным, таму ў працэсе яна зламаецца. 

У прынцыпе, мы кампактная краіна, выбарчых участкаў у нас менш, чым шэсць тысяч. Калі людзі, якія падпісаліся за Бабарыку, Цапкалу, Ціханоўскага і нават “лідара” анлайн-галасаванняў Андрэя Дзмітрыева, пойдуць на выбарчыя ўчасткі назіральнікамі, то сістэма фальсіфікацый калі не зламаецца, то моцна расхістаецца.

Ва ўмовах, калі незалежныя назіральнікі ці назіральнікі ад альтэрнатыўных кандыдатаў змогуць дамагчыся адкрытага падліку на некаторых участках, калі нейкі альтэрнатыўны кандыдат (напрыклад, Бабарыка) пераможа на гэтых участках, і калі СМІ і новыя медыі данясуць людзям гэтую інфармацыю раней за ЦВК, то гэта створыць грамадскае меркаванне, што Лукашэнка прайграў. Калі ўсе будуць разумець, што гэта праўда, то дзеянні дзяржаўнай сістэмы не будуць такія рашучыя як цяпер. 

Да таго ж існуюць статыстычныя магчымасці падліку дадзеных па яўцы, сапсаваных бюлетэнях, якія ўскосна сведчаць, што з выбарамі нешта не так. Некалькі гадоў таму Андрэй Елісееў выпусціў серыю матэрыялаў аб тым, як у адным з раёнаў была абсалютна неадэкватная яўка ці ў некаторых раёнах зусім не псуюць бюлетэняў, а ў іншых – псуюць вельмі шмат. 

Выходзіць, калі масавыя фальсіфікацыі будуць, то цяпер выкрыць іх, паказаць, што Лукашэнка прайграў, будзе не так і складана праз тыя інтэрнэт-каналы камунікацыі, якія, здаецца, цяпер дамінуюць у Беларусі. 

Трэці выклік – гэта арганізацыя пратэстаў.

Тут трэба пазбегнуць масавых рэпрэсій і ўлічыць распаўсюд COVID-19. Гэта складаней, чым дамагчыся адкрытага падліку галасоў, бо тут рэй вядуць сілавікі: калі яны захочуць зладзіць правакацыю, яны зладзяць; калі яны захочуць брутальна разагнаць Плошчу, яны разгоняць. Свае здольнасці яны паказалі і ў 2010-ым годзе, і ў 2017-ым. Адпаведна, добрага варыянту для альтэрнатыўных кандыдатаў няма – застаецца толькі выбар сярод рызыкоўных варыянтаў, пры тым што агульная логіка падзей усё адно вядзе да Плошчы. 

Чатыры выклікі перад дэмакратычнымі кандыдатамі
Фота: Віялета Саўчыц

Геймчэйнджарам тут можа быць электаральная параза Лукашэнкі, калі яна стане відавочнай для ўсіх. Калі яна будзе, то, канешне, у сістэмы будзе меншая ўпэўненасць у сваіх дзеяннях, а ў пратэстоўцаў большая. 

Адным з найважнейшых элементаў падрыхтоўкі да пратэстаў з’яўляецца праца з сілавікамі. Складана ўявіць, што нейкія тайныя перамовы магчымыя, хоць, безумоўна, трэба імкнуцца дамаўляцца з сілавікамі, каб яны былі нейтральныя ў тым выпадку, калі стане зразумела, што Лукашэнка прайграў. Прынамсі да іх варта данесці пры сапраўднай электаральнай паразе цяперашняга кіраўніка Беларусі, што Лукашэнка прайграў, што народ хоча пераменаў. А калі сілавікі адважацца на рэпрэсіі, то яны за гэта могуць сесці ці пазбавіцца пенсіі, – калі не цяпер, дык праз пяць гадоў.

Думаю, што цяпер важна прынамсі не дапусціць, каб у найбліжэйшыя два месяцы ў беларускіх сілавікоў з’явілася кроў на руках. Калі яна з’явіцца, то 9-га жніўня яны будуць ісці на вайну не за Лукашэнку, а за сябе. Калі ж крыві не з’явіцца, а яны пераканаюцца ў паразе Лукашэнкі, то ёсць шанец, што яны пачнуць шукаць нейкі сітуацыйны нейтралітэт. Сярод сілавікоў далёка не ўсе з’яўляюцца прыхільнікамі Лукашэнкі, не ўсе вельмі прыбліжаныя да ўладаў. Большасць сілавікоў – гэта ўсяго толькі адносна заможныя бюджэтнікі.

Чацвёрты выклік – гэта патрэба альтэрнатыўных кандыдатаў выйсці з кампаніі мацнейшымі і з перспектывамі на будучыню.

Хоць шанец альтэрнатыўных кандыдатаў перамагчы ў жніўні ўжо вырас з адной тысячнай працэнта да некалькіх працэнтаў, агульная верагоднасць прыйсця да ўлады некага з іх пасля 9-га жніўня не такая і вялікая. Што можа альтэрнатыўны кандыдат? Набраць больш галасоў, чым Лукашэнка, паказаць грамадству, што ён перамог, пабудаваць і ўтрымаць інфраструктру для далейшай барацьбы. 

Апошні пункт даволі складаны, калі ўлічыць, што існуе імавернасць, што Бабарыка і Ціханоўскі могуць быць асуджаныя пасля выбараў. Гэтаксама, калі пратэсты будуць няўдалыя, то ў выніку разгону і пераследу штабы, каманды кандыдатаў будуць адчуваць істотныя шкоды.  

Фота на вокладцы ад https://www.instagram.com/klacayu_po_fotiku/