• Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Даследаванні
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Спецпраекты
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Болей ільготаў для беларускіх праграмістаў: час будаваць для іх элітны раён

    Мінск павінен стварыць новы жылы і дзелавы цэнтр для працаўнікоў высокатэхналагічных кампаній. Гэта дазволіць замацаваць статус беларускай сталіцы як ІТ-хаба Усходняй Еўропы і павялічыць паток валюты ў краіну.

    Поспех Парка высокіх тэхналогій – адзін з нешматлікіх прыкладаў, напэўна, удалай эканамічнай палітыкі кіраўніцтва Беларусі. Рост экспарту практычна з нуля да болей чым $ 500 млн уражвае. Прычым дасягнуты ён без укладанняў з боку дзяржавы – толькі пэўныя падатковыя ільготы, але найперш высокае майстэрства нашых спецыялістаў ІТ-індустрыі сталі яго прычынай.

    Але сёння сітуацыя вакол ІТ-індустрыі ў Беларусі насцярожвае.

    Сам факт падрыхтоўкі ў лютым гэтага года Мінфінам праекта дэкрэта прэзідэнта, які меў змяніць рэжым падаткаабкладання працаўнікоў фірм-рэзідэнтаў ПВТ, сведчыць, што шмат хто ў грамадстве не да канца разумее важнасці ІТ-сферы для краіны. У пагоні за кароткачасовай выгадай некаторыя гарачыя галовы ў Мінфіне з энтузіязмам, які заслугоўвае лепшага ўжытку, прапанавалі адным махам знішчыць тое, што было створана цягам мінулых гадоў. Першая такая спроба была спыненая, але няма гарантый, што гісторыя не паўторыцца.

    Не дадаюць аптымізму і дзеянні праваахоўных структур. Арышт вядомага прадпрымальніка Віктара Пракапені з даволі дзіўнай інтэрпрэтацыяй фактаў і адсутнасць зразумелай інфармацыі для грамадскасці прымушаюць думаць, што ўлады дагэтуль недаацэньваюць важнасць гэтай падзеі.

    Усё гэта можа змяніць стаўленне сусветнай ІТ-індустрыі да Беларусі. Да апошняга часу менавіта ІТ-сфера была асноўным эканамічным лабістам Беларусі на Захадзе.

    Поспех беларускіх кампаній прымушаў многіх паверыць, што нашая краіна выглядае нашмат лепей, чым той вобраз, які склаўся ў заходняй прэсе.

    Цяпер гэта рабіць нашмат цяжэй.

    Кіраўніцтва Беларусі павінна паказаць, што стаўленне да ІТ-кампаній не змянілася, што краіна дагэтуль падтрымлівае праграмістаў і зацікаўлена ў развіцці галіны. Для гэтага патрэбныя канкрэтныя крокі, адзін з якіх можа прынесці значную карысць як ІТ-індустрыі, гэтак і ўсёй эканоміцы, асабліва будаўнічай індустрыі, якая перажывае цяпер не найлепшыя часы.

    Замест таго, каб весці сумнеўныя размовы, якім чынам трэба падвысіць падаткі на “праграмераў, якія зажэрліся”, дзяржава павінна наадварот павысіць інвестыцыі ў гэты сектар.

    Чаму ПВТ пакуль не тое, што трэба

    Гаворка ідзе пра стварэнне спецыяльнага раёна малаяруснай і катэджавай забудовы разам з дзелавым і адукацыйным цэнтрам, дзе будзе адпаведная інфраструктура (школы, садкі, паліклінікі). Што яшчэ больш істотна, дзяржава павінна прапанаваць на спрыяльных умовах жыллё ў гэтым раёне ІТ-спецыялістам, якія працуюць паводле замежных кантрактаў. Дадзеная мера дазволіць рэзка павялічыць валютныя прыбыткі краіны, канвертуючы ў іх рублёвыя інвестыцыі ў інфраструктуру і будаўніцтва.

    Здавалася б, гэты “спецыяльны раён” і есць апісанне сённяшняга ПВТ.

    Але рэчаіснасць выглядае не вельмі аптымістычна. Інфраструктура Парка высокіх тэхналогій уяўляе сабой хутчэй нейкае напаўгатовае ўтварэнне.

    На тэрыторыі былога Акадэмгарадка планавалася пабудаваць цэлую серыю офісных і жылых будынкаў, аднак з розных прычынаў рэалізацыя ішла вельмі марудна і суправаджалася не вельмі прыемнымі спрэчкамі, а нават і судовымі працэсамі.

    Рэалізаваны праект, канешне, лепей, чымся нічога, але набор офісных комплексаў-даўгабудаў і некалькі тыпавых панэлек на ўскрайку горада, з не зусім добрай транспартнай даступнасцю, наўрад ці можна назваць раёнам сапраўды “высокіх тэхналогій”.

    Гэтым часам ля Казані

    Між іншым канкурэнты ПВТ не спяць як на Захадзе, так і на Усходзе. У гэтым годзе першы тэхнапарк адчыняецца ў Вільні. Дастаткова шмат было сказана пра Сколкава, тэхнапарк на ўскрайку Масквы. Шмат хто смяецца з яго, але ўлічваючы аб’ём інвестыцый, запампаваных у праект, можна думаць, што вынік будзе, прычым нядрэнны.

    Але самым добрым прыкладам для нас можа стаць Інаполіс – праект, які цяпер рэалізуецца ў Казані, сталіцы Татарстана. Менавіта яго трэба браць за прыклад, як дзяржава на самой справе павінна клапаціцца пра сваё эканамічнае развіццё.

    Праект тым цікавейшы, што Мінск і Казань падобныя адзін да аднаго і памерамі, і колькасцю насельніцтва. Таму цікава назіраць, як адрозніваюцца падыходы да справы развіцця новых тэхналогій у Беларусі і Расійскай Федэрацыі.

    Інаполіс стартаваў нашмат пазней, чым ПВТ – толькі ў 2012-ым супраць 2005-га для Мінска. Але ўжо ў 2014 годзе атрымаў статус горада, а ў 2015 годзе запрацавала першая чарга.

     

    [slideshow_deploy id=’4688′]

     

    Татарстан выдаткаваў каля 1,2 тыс. гектараў сваёй тэрыторыі (плошча ПВТ згодна з дэкрэтам прэзідэнта – 50 гектараў, што ў 24 разы меней). Пра агульную суму інвестыцый не паведамляецца, але варта проста пералічыць, што будзе збудавана ў Інаполісе за кошт дзяржавы:

    – Горад з малаяруснай забудовай і таунхаўсамі (першая чарга – на 5 тыс. чалавек, увогуле плануецца пабудаваць жылля на 155 тыс. чалавек да 2030 года – у беларускім ПВТ жыллё будуецца за кошт рэзідэнтаў, дзяржава дае толькі зямлю і камунікацыі).

    – Адміністрацыйныя будынкі (першая чарга – офісны цэнтр імя Папова агульнай плошчай 43 тыс. метраў. Самы буйны офіс у ПВТ мае цяпер 14 тыс. квадратных метраў).

    – Спартыўны комплекс: гульнявыя віды спорту, басейн, гарналыжны курорт, стрэльбішча і гольф-клуб класа Masters з 18 лункамі.

    – Універсітэт Інаполіс, школы і дзіцячыя садкі з брытанскай сістэмай адукацыі.

    Рэалізацыя казанскага Інаполіса ідзе хутка і згодна з планамі. Асноўнай праблемай на сённяшні дзень для яго з’яўляецца хутчэй прыцягненне рэзідэнтаў – кампаній і асоб, якія будуць у ім працаваць. Але з гэткай інфраструктурай гэта вырашальная праблема.

    У Мінску ўсе наадварот. Замест інвестыцый дзяржава карыстаецца добрай рэпутацыяй ПВТ і робіць на гэтым невялікі гешэфт, рэалізуючы ўчасткі побач пад забудову камерцыйным структурам.

    Таму побач з ПВТ жыве хто заўгодна, але не праграмісты, якія вымушаныя ездзіць на працу з розных раёнаў горада праз вузенькія вулачкі Уручча.

    Гэтая сітуацыя павінна быць змененая. Кіраўніцтва ПВТ ды і самі ІТ-спецыялісты павінны не проста абараняцца ад сумнеўных тэзісаў пра сваё “незаробленае багацце”, а перайсці ў ідэалагічны наступ і наўпрост патрабаваць ад дзяржавы і грамадства не проста падатковых ільготаў, а больш дзейснага ўдзела ў інвестыцыях. Але, канешне, перад гэтым трэба растлумачыць, чаму гэтыя інвестыцыі будуць больш карыснымі, чымся дрэваапрацоўка ці сельская гаспадарка.

    Як фінансаваць праект

    Зразумела, што проста так грошы дзяржава даваць не будзе, і гэта насамрэч правільна. Яны павінны ісці толькі тым, хто зарабляе іх на высокаканкурэнтных рынках.

    Прыкладная схема можа выглядаць наступным чынам. За кожны мільён долараў, які ІТ-кампанія прадае на Беларускай валютна-фондавай біржы, фірма атрымлівае права атрымання рублёвага крэдыту. Стаўка павінна скласці 0 % (ці 5% як усім астатнім ільготнікам) ад “Беларусбанка” на набыццё жылля ў растэрміноўку на 20 гадоў, сыходзячы з абвешчанай цаны ў $ 800 за квадратны метр. Жыллё аплочваецца толькі пасля ўводу ў эксплуатацыю і перадаецца ва ўласнасць працаўнікам кампаніі. Ён ці яна выплачвае крэдыт у рублях цягам 20 гадоў. Такім чынам, сярэдняя выплата за кватэру памерам у 100 квадратаў складзе каля $ 340 долараў (у рублёвым эквіваленце па сённяшнім курсе) цягам 20 гадоў.

    Схема можа быць змененая, але базавы прынцып павінен застацца – ільготная жыллё атрымліваюць толькі кампаніі і працаўнікі, якія прыносяць валюту ў краіну.

    Чым болей долараў, еўра, фунтаў і дырхемаў зароблена і прададзена за беларускія рублі, тым большая ільготная плошча будзе прадстаўленая. Маюць быць пэўныя абмежаванні, напрыклад, забарона на продаж ці арэнду цягам 5-10 гадоў.

    Чым карысны гэты праект? На першы погляд гэта звычайны ільготны крэдыт на жыллё, але выдадзены не шматдзетным сем’ям ці сілавікам, а прадстаўнікам адной прафесіі, прычым не кожнаму яе прадстаўніку, а толькі тым, хто працуе на экспарт. Выглядае не зусім справядліва.

    Дык чаму гэта неабходна рабіць і менавіта цяпер?

    Асноўная мэта – затрымаць у краіне ўжо сталых спецыялістаў, якія прыносяць максімальны прыбытак як кампаніі-працадаўцу, так і ўвогуле дзяржаве. Сёння, на жаль, высокакваліфікаваныя спецыялісты з’язджаюць з Беларусі з адной вельмі простай прычыны – праз адсутнасць камфортнага асяроддзя для жыцця. Пры ўзроўні заробку ў $ 2,5-4 тыс. у месяц, яны і іх сем’і нязгодныя жыць у тыпавых панэльках у так званым «шчыльніку», арэнднае жыллё іх не цікавіць, а катэджныя пасёлкі, якія прапануюцца, на жаль, далёкія да ідэалу і ніводзін з іх пакуль не дасягнуў стадыі поўнай гатовасці.

    Калі гэтак атрымаецца затрымаць падобных адмыслоўцаў у краіне, напрыклад, на 5-10 гадоў, то пры сярэдніх выдатках аднаго спецыяліста ў $ 1 тыс. у месяц ён ці яна дапаможа краіне палепшыць плацежны баланс на $ 6-12 тысяч штогод.

    Калі раён будзе пабудаваны для 20 тыс. праграмістаў, сукупная выгада складзе каля $1,2 –2,4 млрд за 5-10 гадоў.

    І гэта без уліку нематэрыяльнай выгады і эфекту мультыплікацыі (звычайна, 1 рубель, інвеставаны ў будаўніцтва, дае 5-6 рублёў у валавы ўнутраны прадукт).

    Продаж жылля прынамсі за $ 800 за метр забяспечыць добры прыбытак і будаўнікам. Пры існых коштах на працоўную сілу і будаўнічыя матэрыялы (цэны на якія працягваюць зніжэнне) забудоўшчык павінен атрымаць прыбытак у памеры не меншым за 15-25 % ад інвестыцыі. Вельмі няблага для сённяшніх крызісных часоў. У выйгрышы застанецца і дзяржава праз прамыя і ўскосныя падаткі.

    Дзе будаваць ПВТ 2.0

    Гэта добрае пытанне. Можна распачаць усё “з нуля”, але лепей узяць ужо існыя будаўнічыя праекты і проста замацаваць іх за ПВТ – лічыць іх праектамі развіцця, нечым кшталту ПВТ 2.0. Толькі якія пляцоўкі выбраць? На сённяшні дзень ёсць некалькі існых варыянтаў, якія можна забраць пад рэалізацыю гэтага праекту.

    Натынгем. Планаваны раён новабудоўлі яшчэ з дакрызіснага 2007-га года. Знаходзіцца недалёка ад горада, у палове шляху да аэрапорта. Мае вельмі цікавае архітэктурнае вырашэнне, прынамсі ў выглядзе малюнкаў будучай забудовы. Найбольш спрыяльны варыянт з пункту гледжання як распрацаванасці, гэтак і планаў мясцовых уладаў на гэты напрамак.

    3

    Рэндэры раёну Натынгем

    Зацэнь. Раён новабудоўлі ля Свіслачы. Праект ужо распрацаваны “МінскГрадам” – забудоўчшыкам мае выступіць “Трайпл”. Гэта выклікае пэўныя пытанні, але месца амаль ідэальнае, калі ствараць “Інаполіс” непасрэдна ў горадзе.

    Сілічы. Найбольш падобныя на татарскі Інаполіс (таксама гарналыжны курорт у 20 хвілінах язды па трасе ад горада). Вельмі добра з боку экалогіі, але досыць далёка ад Мінска. Аднак гэты варыянт добра ўпісваецца ў канцэпцыю гарадоў-спадарожнікаў, якую ўлады плануюць усе ж такі рэалізаваць.

    IT-вёска Сасновая. Адзін з доказаў таго, што праект асобнага раёна для ІТ-спецыялістаў сапраўды патрэбны і можа быць рэалізаваны дзякуючы ініцыятыве “знізу”. Месца даволі прывабнае: 15 хвілін аўтамабілем да аэрапорта і метро, побач вялікі заказнік і будаваны Беларуска-кітайскі індустрыяльны парк. Пры падтрымцы “зверху” і выкарыстанні блізкасці да кітайскага парка ён можа таксама зацікавіць дзяржаву і атрымаць інвестыцыі.

    Апошняе слова за дзяржавай

    Усе гэтыя месцы, варыянты забудовы, архітэктурныя планы павінны найперш быць абмеркаваныя ІТ-супольнасцю Беларусі. Менавіта праграмістам, тэстарам, кансультантам трэба вырашыць, дзе б яны і іх сем’і жадалі пабудаваць дамы. Пасля гэтага і астатняя частка грамадства зможа таксама далучыцца да абмеркавання і дадаць свае заўвагі, каб пазбегнуць бессэнсоўных спрэчак у будучыні паміж “праграмістамі” і “простымі людзьмі”.

    Аднак вырашальнае слова ўсё роўна пакуль застаецца за дзяржавай. Менавіта яна павінна вызначыцца, ці патрэбны ёй новыя тэхналогіі, грошы ад падаткаў, добры прыклад для беларускага і замежнага бізнесу ды шмат чаго іншага, што можа прынесці рэалізацыя падобнага праекта.

    Пакуль што відавочна, што ўсе асноўныя паспяховыя праекты ў беларускай эканоміцы праходзяць без дзейснага ўмяшання дзяржавы.

    Хоць ёсць і выключэнні кшталту нафтаперапрацоўкі, аднак і там істотны ўклад унеслі замоўцы – расійскія нафтавікі.

    Стварэнне “інаполіса” будзе добрым шанцам для апалагетаў існай эканамічнай мадэлі, каб атрымаць аргумент на сваю карысць, улічваючы, што асаблівая ўвага дзяржавы да той жа дрэваапрацоўкі ці сельскай гаспадаркі вялікай карысці пакуль не прынесла.

    Але калі і гэтую ідэю ўрад праігнаруе, то на грунтоўнай дыскусіі з прыхільнікамі “рынкавага” ды іншых “сацыялізмаў” можна ставіць крыж – усе іх словы пра “дзяржпадтрымку найлепшых” можна лічыць пустымі.

    І, можа, сапраўды для беларускіх праграмістаў будзе лепш без асаблівага шуму будаваць свае хаткі каля Кургана Славы і з лёгкім сумам назіраць, як калегі і сябры выбіраюць, куды пераязджаць – у Тэхас ці Татарстан.

    ПаказацьСхаваць каментары