Для самага яскравага аўтавытворцы нашых дзён гэты год праходзіць як ніколі ўдала. Элан Маск, якога называюць новым Стывам Джобсам, нарэшце зрабіў Tesla фінансава стабільнаю і развівае поспех. На яго баку і інвестары: Tesla плануе ў гэтым годзе выпусціць 35 000 аўтамабіляў. Кампанія каштуе амаль $ 30 млрд. Для параўнання, такі гігант, як General Motors, з продажам больш за 10 млн. аўто на год, ацэньваецца “ўсяго” на $ 48 млрд. Tesla атрымала такі давер рынку дзякуючы інавацыям і дасягненням. Вось самыя значныя рэчы, якія даказала Tesla.
Электракары могуць быць масавым прадуктам
Да Tesla ўсе электрамабілі былі проста прыгожымі канцэпт-карамі на міжнародных салонах. Кампанія ж першая паказала свету, што на іх можна пабудаваць цэлы бізнес. У 2009 годзе Tesla прадала 800 аўтамабіляў, прайшло пяць гадоў, і Tesla плануе прадаць ужо 100 000 у 2015-ым. Такому выбухному росту дапамагла стратэгія Элана Маска.
Спачатку кампанія распрацавала дарагі спорткар ‑ Tesla Roadster, які прыцягнуў увагу аўтааматараў і медыяў, а таксама дазволіў адпрацаваць тэхналогіі. На гэтым падмурку кампанія стварыла люксавы седан ‑ канкурэнт Mercedes і BMW. Гэта Tesla Model S, які застаецца высокамаржынальным прадуктам, але пры гэтым расходзіцца вялікімі партыямі. І толькі пасля кампанія плануе выпусціць па-сапраўднаму масавы электракар Tesla Model 3, які з цаною $ 35 000 балюча ўдарыць па рынку бензінавых аўто.
Але перад выхадам Model 3, Tesla імкнецца ахапіць як мага болей рынкаў. Пачаўшы з ЗША, цяпер кампанія захоплівае Еўропу і будзе спрабаваць выйсці на самы вялікі рынак электракараў ‑ кітайскі.
Электракары не менш зручныя за звычайны аўтамабіль
Для ўсіх электрамабіляў галоўным вузкім месцам застаецца прабег на адным зараду батарэі. Нават сёння канкурэнты Tesla выпускаюць машыны, на якіх можна праехаць не больш за 160 км. Гэта заганяе электракары ў рамкі гарадскіх аўто, што пры вялікіх цэнах робіць іх зусім нішавымі.
На Model S можна праехаць больш за 400 км. І пры цане седану класу люкс, Model S выглядае, як седан класу люкс, прапаноўвае такі ж функцыянал і гэтак жа наладаваны электронікаю.
Другі вызначальны фактар ‑ насычаная сетка бясплатных зарадных станцыяў. Уласная тэхналогія хуткаснай зарадкі за 40 хвілінаў аднаўляе акумулятар на 80 %. Да канца наступнага году ЗША разам з большай часткай Заходняй Еўропы будуць цалкам пакрытыя гэтымі станцыямі. А ў 2016-ым станцыі з’явяцца і ва ўсіх краінах-суседках Беларусі. Гэтак жа да будаўніцтва далучаюцца канкурэнты Tesla, напрыклад, BMW і сеткі заправак. І хоць пакуль у Еўропе няма ўніфікаванага раз’ёму, хутка праблемаў з магчымасцю зарадкі па-за межамі дому зробіцца значна менш.
Аўтапілоты гатовыя кіраваць аўто
Як візіянер, Элан Маск прагне чым хутчэй увесці аўтапілот. Нават сёння апошнія мадыфікацыі Model S могуць самі адрозніваць дарожныя знакі, рэгуляваць у адпаведнасці з імі хуткасць і маюць радары, каб бачыць іншыя аўтамабілі на дарозе. У выніку аўто здольнае самастойна мяняць палосы руху, паварочваць і нават паркавацца без дапамогі чалавека.
Але Элан Маск не спыняецца на гэтым: “Нашая мадэль 2015 г. будзе ў стане 90 % шляху ехаць на аўтапілоце”. Іншыя вытворцы таксама маюць шмат дасягненняў у гэтым кірунку, але менавіта Tesla прапаноўвае самы комплексны і дасканалы аўтапілот. Па сутнасці гэта машына будучыні, якую можна набыць ужо сёння.
Для распаўсюду сапраўдных інавацыяў неабходна адмовіцца ад патэнтаў
На пачатку сваёй дзейнасці кампанія імкнулася патэнтаваць усе свае вынаходніцтвы. Маленькі стартап баяўся бензінавых акулаў, які скрадуць яго патэнты і вырабяць процьму лепшых электракараў. Аднак пазней Элан Маск зразумеў, што вялікія кампаніі цудоўна жывуць продажам класічных аўто і электракары ім патрэбныя толькі для пацехі.
У такой сітуацыі патэнты запавольваюць развіццё ўсёй галіны электракараў, бо не даюць свабоды такім жа маладым стартапам. Меншая колькасць патэнтаў толькі б павялічыла канкурэнцыю паміж вытворцамі, паскорыла інавацыі і распаўсюдзіла існыя тэхналогіі. У выніку, летам 2014 г. Tesla аддала ўсе свае патэнты ў публічнае карыстанне са словамі: “Нашыя ворагі не маленькія кампаніі, якія выпускаюць электракары, а вялізныя армады бензінавых аўто, якія забруджваюць нашую планету”.
Будучыня за электрычнасцю
Кіраўнік Tesla разумее, што час бензіну сыходзіць і гэта пашырыць долю ўжывання электрычнасці. Таму цяпер кампанія будуе самую вялікую ў свеце фабрыку для вытворчасці акумулятараў. Да 2020-ага яна будзе забяспечваць 500 000 электракараў на год і зменшыць сабекошт аўтамабілю.
Плюсы электрычнасці не толькі ў тым, што яна больш экалагічная, але таксама і ў разнастайнасці крыніцаў вырабу. Магчымасць такой дыверсіфікацыі сыравіны дае агромістыя перспектывы для росту ўжывання.
Сёння самым дынамічным рынкам пасля ЗША ў росце электракараў робіцца Кітай. Мясцовыя ўлады стымулююць сваіх вытворцаў і разам з імі ставяць грандыёзныя планы. Ужо да канца 2015 г. кітайскія вытворцы плануюць прадаць 500 000 электракараў і гібрыдаў, што з лішкам пакрывае рэкорды Tesla.
Беларусь, дзякуючы сваім адносна невялікім цэнам на бензін, не ўдзельнічае ў гэтым працэсе. Пакуль цэны на новыя электракары не ўпадуць, а на нафту не падскочаць, то Tesla будуць сустракацца на нашых дарогах толькі ў якасці цацак заможных суайчыннікаў.