Новы беларускі Парламент не ініцыяваў прыняцця аніводнага закону з моманту яго абрання ў 2012 годзе.
Як сведчыць хроніка сесіяў заканадаўчай дзейнасці за мінулы тэрмін, парламентарыі займаліся толькі тым, што бесперашкодна прымалі ўсе прапанаваныя законапраекты, распрацаваныя Адміністрацыяй Прэзідэнта або Урадам. Такім чынам парламент выконвае функцыі прамежкавага звяна пры зацверджанні заканадаўчых актаў, якія распрацоўваюцца іншымі дзяржаўнымі органамі.
За апошнія 15 гадоў аніводны Указ ці Дэкрэт Прэзідэнта не быў адхілены.
Беручы пад увагу колькасць разгледжаных праектаў, кнопка «за» была націснутая 71 500 разоў. У сваю чаргу «супраць» увогуле не выступалі. Калі лічыць адну секунду часам націскання кнопкі, то адзін чалавек за 20 гадзін выканаў бы гадавы аб’ём працы Парламента.
Ніводны прадстаўнік апазіцыйных партыяў не трапляў у Парламент ужо 15 гадоў.
Беларусь дэ-юрэ шматпартыйная сістэма, але з 15 палітычных партыяў, ніводная з апазіцыйных партый не мае наўпроставага ці ўскоснага ўплыву на палітычныя працэсы ў Беларусі. Для таго, каб Парламент эфектыўна адстойваў інтарэсы грамадства, шматпартыйнасць у ягоным складзе неабходная. У палітычным кантэксце Беларусь не дарасла да заканадаўчых органаў суседніх краінаў з яе класічнай мадэллю парламентарызму ва ўмовах шматпартыйнай сістэмы.
Тым часам нават Федэральны Сход Расеі імітуе наяўнасць чатырох асноўных партыяў, тры з якіх апазіцыйныя. Нягледзячы на іх статус, мяркуецца, што ніякай апазіцыйнасці ў сваіх рэальных дзеяннях і заявах гэтыя партыі не маюць і мала чым адрозніваюцца ад Адзінай Расеі.
Тыя функцыі, якія ў Расеі выконваюць партыі, у Беларусі ажыцяўляе Урад і ягоныя ўстановы. Але міністры апрыёры не могуць быць партыйнымі, што патрабуе іх статус дзяржаўных служачых і робіць усе законапраекты праўладнымі.
Беларусы амаль нічога не ведаюць пра дзейнасць сваёй вышэйшай палаты – Савету Рэспублікі.
Дзейнасць беларускага Парламенту мае закрыты характар. Калі дзейнасць ніжэйшай Палаты прадстаўнікоў Парламенту застаецца больш-менш публічнай, то пра дзейнасць вышэйшай палаты, Савету Рэспублікі, у Беларусі некаторыя нават не здагадваюцца. Мала хто ведае, што ў час адкрытых выбараў у Палату прадстаўнікоў паралельна ў цішыні кабінетаў адбываецца абранне Савету Рэспублікі, ад якога і залежыць далейшы лёс усіх законапраектаў. У ягоным складзе 64 дэпутаты, 8 з якіх прызначаюцца Прэзідэнтам, а астатнія абіраюцца таемна дэпутатамі мясцовых саветаў, што робіць Савет абсалютна праўладным. Пры гэтым ён прымае ці адхіляе праекты законаў ніжэйшай Палаты прадстаўнікоў, што не дае ягоным дэпутатам ніякай самастойнасці.
У гэты час улады Польшчы, Літвы, Эстоніі прыкладаюць шматлікія высілкі, накіраваныя на забеспячэнне адкрытасці і галоснасці парламенцкай дзейнасці. Вялікія ўвага надаецца публікацыям і абмеркаванню законапраектаў у сродках масавай інфармацыі, развіваецца электронны ўрад, даецца магчымасць экспертам і прадстаўнікам грамадскасці прысутнічаць пры паседжаннях парламенцкіх камісій і камітэтаў. У Беларусі ж пакуль такой практыкі няма.
Беларусы ні разу не адклікалі сваіх дэпутатаў.
Не меншай праблемай з’яўляецца безудзельнасць і незацікаўленасць беларускага грамадства ў кантролі за абранымі імі органамі. Так, напрыклад, за ўвесь час існавання Парламента не была выкарыстаная працэдура адклікання дэпутата. Такім чынам дэпутаты не баяцца згубіць сваю пасаду, што дае ім рэальную магчымасць бесперашкодна з’яўляцца па статусу заканатворцам, але не праяўляць ніякай заканадаўчай ініцыятывы.
Беларуская сістэма двухпалатнага Парламента паказвае сваю неэфектыўнасць. Малаверагодна, што законатворчая ініцыятыва ў дэпутатаў можа змяніцца пасля чарговых выбараў. У гэтым плане як Савет Рэспублікі, так і Палата прадстаўнікоў не маюць амаль ніякага значэння. Розніца толькі ў тым, што ніжняя палата дзейнічае больш публічна. У сваю чаргу, Савет Рэспублікі чарговае звяно ў сістэме праходжання законапраектаў, якія пішуцца органамі выканаўчай улады. Нават калі ўявіць неверагодную сітуацыю, што большасць мандатаў у ніжняй палаце атрымаюць беларускія апазіцыянеры, ні адна іх ініцыятыва не пройдзе далей Савета Рэспублікі.