• Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Даследаванні
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Спецпраекты
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Пяць аргументаў супраць беларускай наркапалітыкі

    Барацьба з наркотыкамі не павінна быць вайной супраць людзей.

    Ігар Шуневіч мае рацыю, калі кажа, што ў беларускай наркапалітыкі “няма звышперамог”. Але гэта толькі палова праўды. Звышперамог няма, бо насамрэч падыход дзяржавы неадэкватны і больш шкодзіць грамадству, чым прыносіць плёну. Разбіраемся, што пайшло не так.

    1. За рэчывы даюць больш, чым за забойствы. Гэта нармальна?

    • Дакладную колькасць людзей, якія сядзяць па артыкуле № 328, складана назваць. Ініцыятыва “Матчын рух” называе лічбу ад 12 тыс. чалавек. Гэта насельніцтва невялічкага райцэнтра накшталт Стоўбцаў.
    • Гэтыя людзі сядзяць звычайна вельмі доўга, непрапарцыйна сваёй віне. Згодна з артыкулам № 328 у Беларусі за наркотыкі можна атрымаць ад 2 да 25 гадоў (паводле некаторых дадзеных, сярэдні тэрмін за артыкул № 328 – 10 гадоў.). За некаторыя забойствы даюць ад 6 да 15 год.
    • Беларускае нарказаканадаўства жорсткае нават у параўнанні з Расіяй і Казахстанам, дзе ёсць паняцце “захоўвання для асабістага спажывання”. У Беларусі ж незаконнай лічыцца любая колькасць рэчываў. Таму ў практыцы атрымліваецца, што ў Беларусі перадусім караюць людзей за тое, што яны самі жадаюць рабіць са сваім целам (выпаліць канопляў з сябрамі замест распівання больш шкоднага алкаголю).
    • У 2014-ым прэзідэнт загадаў зрабіць “невыносныя ўмовы” для тых, хто цяпер знаходзіцца за кратамі па артыкуле № 328. Асуджаныя па ім не могуць атрымаць амністыю, яны атрымліваюць менш перадач і маюць менш спатканняў, чым іншыя вязні, што можа прыводзіць нават да самагубстваў. Па словах прадстаўніц “Матчынага руху”, вязні-328 нават носяць спецыяльную нашыўку на турэмнай  робе. Нічога не нагадвае?

    2. Закон “дзіравы”, таму яго можна па-рознаму трактаваць.

    • У Беларусі, каб стаць барыгам, не трэба гандляваць нічым супрацьзаконным. Дастаткова мець намер. Маецца на ўвазе, што пракурор ці следчы могуць прачытаць думкі абвінавачанага і зразумець, што ён ці яна не проста трымалі рэчыва для сябе, але і хацелі яго прадаць?
    • Пры гэтым распаўсюдам у беларускай крымінальнай практыцы лічыцца не толькі продаж рэчываў, але і перадача касяка сябрам, за што можна атрымаць 8 гадоў у калоніі.
    • Парадаксальна, але ў Беларусі вас могуць асудзіць за распаўсюд, сыходзячы з паказанняў “нявыяўленых асобаў”.

    3. Спажыўцы амаль не атрымліваюць медычнай дапамогі.

    • Наркаспажыванне ў Беларусі – сфера ўплыву МУС, а не органаў аховы здароўя. Але нарказалежнасць – гэта хвароба, і да яе патрэбны медычны падыход.
    • Але ў Беларусі практычна не існуе эфектыўнай сістэмы лекавання. Напрыклад, рэабілітацыя базуецца на поўнай адмове ад рэчываў, што часта не прыносіць плёну. Для залежных ад апіёідаў (напрыклад, гераіну) ёсць замяшчальная тэрапія метадонам. Але яна не працуе датычна “соляў для ваннаў” і спайсаў, якія карыстаюцца вялікім попытам у Беларусі.
    • Пры гэтым нарказалежныя баяцца звяртацца да медыкаў, бо тыя супрацоўнічаць з міліцыяй. Летась на вечарыне памерла дзяўчына ад перадазіроўкі, бо сябры баяліся выклікаць хуткую, а калі наважыліся, стала занадта позна.
    • Страх перад турмой таксама зніжае эфектыўнасць праграм зніжэння шкоды ад спажывання наркотыкаў. Гэткія праграмы не знаходзяць новых кліентаў, бо тыя ўсё часцей сыходзяць у падполле і не звяртаюцца ў адмысловыя цэнтры, бо баяцца, што трапяць  у турму. З-за гэтага, напрыклад, Беларусь знаходзіцца на трэцім месцы ў Еўропе па хуткасці распаўсюджання ВІЧ-інфекцыі.

    4. Дзяржава губляе больш, чым здабывае.

    • Еўразійская асацыяцыя зніжэння шкоды правяла даследаванне, якое паказала, што лячыць спажыўца наркотыкаў у тры разы танней, чым садзіць яго ў турму. Да таго ж варта памятаць, што многія маладыя і працавітыя беларусы і беларускі (якія складаюць значную долю асуджаных па 328) марнуюць найлепшыя гады свайго жыцця. А маглі б вучыцца, працаваць, плаціць падаткі і прыносіць карысць сваёй краіне.  
    • У рэшце рэшт, заключэнне назаўсёды адбіваецца на псіхіцы і гэта даказаў вядомы амерыканскі псіхолаг Крэйг Хэйні. Калі беларуская дзяржава мае магчымасць не садзіць чалавека ў турму, то лепш не садзіць.

    5. Забароны маюць не такую і высокую эфектыўнасць.

    • Нельга выкараніць нейкую з’яву простай забаронай. Гэта даказалі, напрыклад, і сухія законы, і аборты. Калі забараняюцца рэчывы, то хімікі пачынаюць сінтэзаваць новыя, яшчэ (часова) легальныя. З-за забароны марыхуаны з’явіліся спайсы – сінтэтычныя аналагі канабісу, больш непрадказальныя і шкодныя рэчывы.
    • Пры гэтым дазвол можа працаваць лепш за забароны. Партугалія напрыканцы ліхіх 1990-ых мела самы высокі ў Еўропе ўзровень спажывання гераіну і распаўсюду ВІЧ-інфекцыі. Урад дэкрыміналізаваў усе рэчывы. Тэмпы распаўсюду ВІЧ-інфекцыі знізіліся, смяротнасць ад перадазіровак таксама зменшылася.
    • Глабальная камісія па наркапалітыцы яшчэ ў 2011-ым годзе пагадзілася, што вайна з наркотыкамі – прайграная. Але Беларусь працягвае гуляцца ў гэтае шкоднае глупства.

    Ксенія Тарасевіч з’яўляецца актывісткай кампаніі Legalize Belarus, якая займаецца адвакатаваннем зменаў у беларускай наркапалітыцы ды асветай у галіне псіхаактыўных рэчываў.

    ПаказацьСхаваць каментары