падтрымаць нас

Эканоміка/Бізнес

Кожны сябар дадае 700 пройдзеных крокаў у дзень

Кожны сябар дадае 700 пройдзеных крокаў у дзень
Навошта карпарацыі купляць сваім супрацоўнікам фітнес-трэкеры і як разумныя гадзіннікі зменяць нашае жыццё, расказвае дызайнер Fitbit.

Падчас дзявятай лекцыі праекта “Новыя ідэі для Беларусі” мы сустрэліся з прадуктовым дызайнерам Fitbit Яўгенам Чорным. Выступоўца раскрыў, чаму фітнес-трэкеры зрабіліся такімі папулярнымі, якое месца на рынку займае Fitbit і што будзе далей з насімымі дэвайсамі.

Рынак насімых дэвайсаў вырасце да 2018 у 5 разоў

Тэрмін “насімыя дэвайсы” пакуль вельмі расплывісты – гэта ўсе электрычныя прылады, якія носяць на адзенні ці целе. Сюды ўключаюць гаджэты, пачынаючы з фітнес-трэкераў і разумных гадзіннікаў, і заканчваючы экзашкілетамі ды шаломамі віртуальнай рэальнасці.

Толькі фітнес-трэкераў летась было анансавана 70 мадэляў, сёлета – ужо 200. І хоць траціна з іх не дайшла да серыйнай вытворчасці, колькасныя змены пяройдуць у якасныя. Асабліва гэта датычыць вынаходніцтва новых датчыкаў.

У 2014-ым годзе насімых дэвайсаў было прададзена каля 33 млн, у 2018-ым – будзе больш за 150 млн. Сёння амаль палова насімых дэвайсаў – разумныя гадзіннікі. Гэта робіцца модаю – больш 80 % маладых людзей ва ўзросце 16-24 гадоў хочуць набыць сабе насімыя дэвайсы. Fitbit мае 80 % амерыканскага рынку фітнес-трэкераў. Іх насілі амаль усе – ад Барака Абамы, да кіраўніка EPAM Systems Аркадзя Добкіна.

Фітнес-трэкеры стымулююць здаровы лад жыцця. Сярэдні карыстальнік Fitbit праходзіць 6800 крокаў у дзень. Гэта менш рэкамендаваных 10 тыс., але на 30 % больш сярэдняга паказніка для жыхара ЗША ў 5 тыс. крокаў. Справа не толькі ў тым, што карыстальнікі пры пакупцы ўжо маюць большую матывацыю, але і ў сацыяльным складніку.

Карыстальнікі, якія маюць сяброў па фітнес-сэрвісах, на 27 % больш актыўныя. Таксама кожны сябар у праграме дадае +700 крокаў у дзень (рэлевантна, калі агулам менш за 5 сяброў). Людзі з сябрамі карыстаюцца прыладамі Fitbit на адзін год больш.

Галоўныя праблемы насімых прыладаў: патрэбна сувязь са смартфонам, не заўсёды ўсе разумеюць патрэбу ў такіх дэвайсах (шмат у чым дублююць функцыянал смартфонаў ці камп’ютараў), нязручны форм-фактар, маленькі час працы, не адназначна ўспрымаюцца ў соцыуме (з Google Glass дазваляюць заходзіць не ва ўсе кавярні, шмат апавяшчэнняў выклікаюць нервознасць у суразмоўцы).

Fitbit у Беларусі і свеце

У экасістэме Fitbit беларускі офіс адказвае за карпаратыўныя рашэнні (Corporate Wellness). Буйныя кампаніі набываюць фітнес-трэкеры для будучай эканоміі на выплатах па бальнічных. Супрацоўнікі з фітнес-трэкерам на 10 % больш працаздольныя, больш камунікабельныя. Для дадатковай матывацыі кампаніі ладзяць спаборніцтвы паміж аддзеламі, конкурсы па метрыках. Некаторым нават дораць аўто.

Новы агрэсіўны гулец – кітайскі вытворца Xiaomi. Гэтая фірма цяпер кантралюе каля 20-25 % рынку, вырасшы практычна імгненна для бізнесу – за 2 кварталы. Сакрэт поспеху: бранзалет каштуе $ 20, трымае батарэю каля месяца, няма экрану, добры дызайн і эрганоміка.

DSC_0825

Фітнес-трэкеры Fitbit і Apple watch – гэта зусім розныя рынкі і канкурэнцыя паміж прадуктамі не такая вялікая, як падаецца. Фітнес-трэкеры зручна насіць круглыя суткі, адсочваючы актыўнасць і сон. Разумныя гадзіннікі людзі часцей носяць як аксесуар, здымаючы па прыходзе дамоў..

Fitbit распрацавалі адмысловую прыладу для iOS, якая дублюе асноўны функцыянал трэкераў і дзякуючы ўбудаваным датчыкам у iPhone адсочвае колькасць пройдзеных крокаў у дзень. Некаторыя хваляваліся, што такі функцыянал зробіць пакупку бранзалетанепатрэбнай, аднак каля 30 % карыстальнікаў дастасаваннем пасля набылі бранзалет Fitbit.

Насімыя прылады ў будучыні

Разумныя гадзіннікі будуць аналізаваць паводзіны карыстальнікаў і ў адпаведнасці з часам і месцам будуць самастойна паказваць патрэбныя падказкі ці апавяшчэнні (Proactive assistant). Вырасце доля мабільных плацяжоў (цяпер $ 2 з $ 3 мабільных плацяжоў ідуць з Apple Watch).

DSC_0853

Новы штуршок у развіцці насімых прыладаў дададуць і больш дасканалыя датчыкі. Яны дазволяць аўтаматычна адсочваць, якая ежа была з’едзена і колькі калорый паступіла ў арганізм (на падставе змены праводнасці чалавечага цела). Прылады будуць лепш адсочваць усе рухі і прапаноўваць адпаведныя наборы трэніровак. Інавацыі прыйдуць і ў медычную сферу – лекар на адлегласці будзе здольны адсочваць стан пацыента і прагледзець, колькі і якія таблеткі ён ужываў.

У больш далёкай перспектыве з’явяцца ваенныя экзашкілеты, якія павялічаць вынослівасць байцоў, будуць адсочваць стан кожнага жаўнера і перадаваць карціну бою ў штаб. Таксама зменяцца і сістэмы ўводу інфармацыі – будуць распаўсюджаныя інтэрактыўныя тканіны (інтэрфейсы ўводу інфармацыі, якія можна ўшыць у любую тканіну) і міні-радары для адсочвання рухаў рук.