падтрымаць нас

Палітыка

Гісторыя Фідэля. Чаму дыктатура гэта тормаз дабрабыту

Гісторыя Фідэля. Чаму дыктатура гэта тормаз дабрабыту
Дыктатура хоць і можа навесці парадак у краіне, у доўгатэрміновай перспектыве блакуе яе развіццё.

Тыдзень таму Генеральная Асамблея ААН аддала даніну “аднаму з найбольш уплывовых лідараў свету” – Фідэлю Кастра. На адмысловым мерапрыемстве прадстаўнікі больш як 130 дзяржаў адзначылі ўклад Кастра ў барацьбу краінаў Поўдня за незалежнасць. Для праваабаронцаў жа ўжо трэцяя хвіліна маўчання ў ААН – гэта “ўціранне солі ў раны тысячы ахвяр Кастра”.

Былы кіраўнік Кубы стаў адным з найбольш папулярных аўтарытарных лідараў. Яго любілі не толькі за харызму, але і за рэальныя дасягненні перад народам. Тым не менш менавіта дыктатура як абраная форма праўлення давяла Кубу да жабрацтва.

Чаму дыктатура не найлепшая форма праўлення

Розныя часы патрабуюць розных тыпаў кіраўніцтва. Калі паўстанні і войны патрабуюць моцнай дыктатуры, каб здабыць перамогу, то ў мірныя часы патрэбны лідар, які ўмее слухаць іншых ды ісці на кампраміс. І Фідэль, здаецца, адпавядаў часу свайго прыходу.

Перад Кастра востраў быў дэ-факта замежнай дачай амерыканцаў для эксплуатацыі. Аб гэтым адкрыта казаў Джон Кенэдзі яшчэ ў 1960 годзе: у той час амерыканскім фірмам належалі, акрамя іншага, 40 % цукровых плантацыяў, 90 % мінеральных канцэсіяў ды ўся нафтавая індустрыя.  

Насельніцтва цямнейшай расы вострава ўвогуле не мела правоў. Арыштаваныя камрады Кастра паддаваліся катаванням і зведвалі страшную смерць. Абелю Сантамарыі – аднаму з першых лідараў рэвалюцыі, напрыклад, выкалалі вочы, што стала прычынай яго смерці. Пасля гэтыя вочы выслалі яго сястры Аідзе. Самога Фідэля ўратавала, магчыма, яго абаронная прамова «Гісторыя мяне апраўдае», якая зрабіла з яго героя, а пасля разышлася на ўвесь свет.

Пасля рэвалюцыі Кастра падняў з руін ключавыя для насельніцтва сферы: адукацыю, медыцыну ды прамысловасць. Калі падчас праўлення Батысты 30 % усіх фермераў не магло нават напісаць свайго імя, то рэжым Кастра вырашыў праблему пісьменнасці за два гады.

22 снежня 2016 года Куба адзначала 55-ую гадавіну поўнай пісьменнасці.

Нават калі Куба апынулася ў міжнароднай ізаляцыі, а на Фідэля Кастра бесперапынна арганізоўваліся замахі, Куба вабіла. Фідэль рабіў брэнд з усяго: з рэвалюцыі, з Чэ Гевары, з беднасці як асаблівага каларыту вострава ды з Кубы як сімвала супрацьстаяння амерыканскай дамінацыі.

2-amaury-henderick
Фота: Amaury Henderick

Для камандантэ вернасць ідэі была важней за дабрабыт. Як казаў Кастра: “усяго золата нашых ворагаў не хопіць, каб купіць сумленне аднаго рэвалюцыянера”. Амерыканскія санкцыі на Кубу – хіба найлепшы і найгоршы прыклад ціску, які заблакаваў магчымасць рэалізацыі сацыялістычнай ідэі на Кубе. Дагэтуль галоўны гандлёвы партнёр, Злучаныя Штаты, зачынілі свой рынак перад дыктатурай Фідэля Кастра.

Жыццярадасныя з натуры кубінцы працягвалі зносіць цяжар беднасці ды адсутнасці перспектываў, верачы, што калі-небудзь будзе лепш. Да энергічных рытмаў сальсы ўсё часцей прадзіраліся мінорныя мелодыі, а папулярная песня 1932 года са словамі “О, прыгожая Куба, о, цудоўная, чаму пакутуеш сёння ад столькіх турботаў?” прыняла зусім іншае значэнне ў сучасных рэаліях краіны.

Чым грашаць дыктатары

Гісторыя Фідэля шмат у чым паказвае, чаму аўтарытарныя лідары такія слабыя ў дасягненні дабрабыту для свайго народа. Натхнёныя сваімі перамогамі, дыктатары перакананыя, што выбраная імі стратэгія – адзіны слушны шлях да дасягнення пастаўленых мэтаў. Яны цвёрда прытрымліваюцца вызначанага курсу, а калі штосьці ідзе не так – вінавацяць сваіх ворагаў. Ім вераць, але з цягам часу крытыкаў і ворагаў збіраецца ўсё больш і больш.

Вельмі часта найбольш прыбліжаныя людзі адварочваюцца ад лідара, бо, жадаючы як найлепшага і прапаноўваючы іншыя рашэнні, яны выклікалі ў дыктатара толькі нянавісць. Некаторыя за крытыку плацяць жыццём, як гэта было ў выпадку Каміла Сьенфуэгаса, аднаго з блізкіх сяброў Кастра і лідараў рэвалюцыі, які выступаў супраць збліжэння з СССР і ўстанаўлення камунізму на Кубе.

Прыслухоўванне да крытыкі – гэта найбольш лёгкі спосаб паправіць сваю палітыку і такім чынам здабыць яшчэ больш падтрымкі насельніцтва. Апазіцыйных галасоў і так нельга пазбавіцца.

Доказам чаго былі радасныя воклікі “Куба лібрэ!” ў Гаване пасля смерці Фідэля.

SONY DSC
Фота: Dominika Sawczuk

Іншая праблема дыктатараў – гэта тое, што яны забываюць правіла: “няма пастаянных сяброў, няма пастаянных ворагаў – толькі пастаянныя інтарэсы”. Дыктатары шукаюць сабе падобных – ідэалагічных партнёраў, што не заўсёды ідзе побач з іх інтарэсамі. Геапалітычнае становішча Кубы падказвае па змоўчанні супрацу з ЗША, а не экспарт апельсінаў пад Новы год у Польшчу ўзамен за вугаль, як гэта было ў 1980-ых.

Эластычнасць уладаў, уменне весці перамовы і шукаць кампраміс нават з цяжкімі акторамі як ЗША, напэўна, аблягчылі б жыццё шмат каму з кубінцаў.