падтрымаць нас

Дыскусіі

Беларускае грамадства: наколькі змянілася і ці здольная навука зразумець гэтыя змены?

Беларускае грамадства: наколькі змянілася і ці здольная навука зразумець гэтыя змены?

Дзелімся галоўнымі вынікамі закрытай дыскусіі даследчыкаў і экспертаў. 

Пятага лістапада Цэнтр новых ідэй арганізаваў круглы стол, які праводзіўся ў анлайн-фармаце і сабраў беларускіх сацыёлагаў і экспертаў, каб абмеркаваць грамадскія змены і магчымасці іх вымярэння даследчыкамі пасля апошніх выбараў у Беларусі 9-га жніўня. Удзельнікі падзяліліся сваім бачаннем грамадскіх трансфармацый, аналізам адносінаў паміж дзяржавай і грамадствам, а таксама прапановамі аб тым, як цяпер падыходзіць да даследавання беларускага грамадства. 

● Кантэкст 

Для беларускай нацыі 2020-ы год ужо стаў знамянальным. Калі палічыць колькасць падзей, якія адбыліся ў гэтым годзе ў Беларусі, любы іншы год у незалежнай гісторыі краіны не зможа параўнацца з ім. Аднак зразумець гэтыя падзеі ў кантэксце сучаснай Беларусі складаней, чым падлічыць іх колькасць. Дзеля асэнсавання падзей патрэбная экспертыза навукоўцаў, якія праз даследчыцкія практыкі могуць дапамагчы грамадству зразумець сябе ў крытычны момант яго гісторыі. 

● Галоўныя змены 

Спачатку ў дыскусіі былі вызначаныя найбольш значныя грамадскія змены. Па-першае, актыўнае праяўленне палярызацыі грамадства, з аднаго боку, і збліжэнне розных электаральных груп (прагрэсіўны цэнтр і глыбінка), якія выступілі ў падтрымку Бабарыкі і Ціханоўскага. Па-другое, незвычайны маштаб самаарганізацыі, у тым ліку лакальнай, з пэўным патэрнам структурызацыі. Па-трэцяе, рост даверу паміж рознымі грамадскімі актарамі. Таксама адзначаліся змены ў адчуванні беларусамі саміх сябе і культурна-крэатыўны “выбух”. 

● Фактары, якія паўплывалі 

Існуе шэраг фактараў, якія ў пэўнай ступені паспрыялі таму, каб вышэйзгаданыя змены адбыліся. Так, з сацыяльна-культурнага пункту гледжання, гэта лічбавізацыя, пад якой маецца на ўвазе распаўсюджанасць інтэрнэта і яго пераважны ўплыў на ўсе ўзроставыя групы. Па-другое, вялікая доля прыватнага бізнесу ў ВУП Беларусі і выніклы з гэтага сацыяльна-эканамічны вопыт значнай колькасці грамадзян, здабыты за межамі сацыяльнай дзяржавы. Па-трэцяе, рост сацыяльных стандартаў, які прывёў да “разрыву” паміж дзяржавай і грамадствам: сітуацыі, пры якой грамадства перарастае сістэму кіраўніцтва і мае большыя патрабаванні, чым тое, што можа прапанаваць дзяржава. 

● Фактар Covid-19 

Некалькі спікераў выказалі меркаванні наконт той ролі, якую адыграў Covid-19 у гэтых зменах. Большасць пагадзілася з тым, што ўплыў пандэміі больш значны ў параўнанні з удзеяннем іншых падзей. Гучала і меркаванне, што любы іншы глабальны крызіс прывёў бы да такіх жа зменаў. 

Адзначалася, што дзяржава не змагла справіцца з крызісам, у той час паралельная ёй грамадская супольнасць прадэманстравала сваю прысутнасць і эфектыўнасць. Падчас пандэміі людзі зразумелі, што могуць не толькі самастойна арганізаваць сваё жыццё, але і арганізавацца ў супольнасць дзеля вырашэння агульных праблемаў. Таксама ў гэты час людзі больш пачалі пазнаваць існыя ініцыятывы, фонды, праграмы, створаныя без удзелу дзяржавы. Пандэмія ўзмацніла «разрыў» паміж дзяржавай і грамадствам. Вызначалася і тое, як дзяржава, якая не справілася з крызісам, цяпер упарта адмаўляецца ад так званага «сацыяльнага кантракта». У якасці доказу прыводзілася папраўка з нядаўніх прапановаў па змене Канстытуцыі: страта ўсеагульнага права на бясплатную медычную дапамогу. 

Час пачатку 

Час, калі фактары з’явіліся, – важны пункт для асэнсавання зменаў. Без глыбокага пагружэння ў кантэкст немагчыма паўнавартасна зразумець аснову цяперашніх трансфармацый. Выказвалася думка, што грамадства і дзяржава пачалі развівацца ў розных кірунках у 2010-ым годзе, а так званы разрыў стаў відавочным у перыяд з 2016-га да 2018-га, калі, напрыклад, адбыліся акцыі супраць “падатку на дармаедства”. Падчас павелічэння разрыву назіралася станаўленне больш незалежнага ад дзяржавы грамадзяніна. 

Даследаванне 

Сацыяльныя навукі і навукоўцы павінны выконваць не толькі даследчыцкую функцыю, але і быць канструктарамі беларускай рэчаіснасці. Удзельнікі згадалі, што адначасова беларусы праходзяць праз этап нацыянальнага пераасэнсоўвання, што патрабуе ад даследчыкаў не толькі канстатаваць змены, але аналізаваць іх і адначасова паведамляць аб гэтым грамадства, пры гэтым усведамляючы вялікую ўласную адказнасць. 

● Прапановы 

Падчас дыскусіі былі агучаныя і патэнцыйныя тэмы для будучых даследаванняў, напрыклад, як паспяхова выкарыстаць гарызантальныя сувязі ў грамадстве пры будучых рэформах ці як разглядаць нацыянальныя сімвалы ў сувязі з нацыянальным самаадчуваннем, якое змянілася. Таксама прапанавалася вывучэнне ўстойлівасці цяперашніх зменаў і глыбіні назіранай грамадскай мабілізацыі.