Антон Раднянкоў пра важнасць публікацыі
Яшчэ два гады таму падавалася, што ўсе змены ў Беларусі будуць вельмі павольныя. Лукашэнка пра гэта ўвесь час любіў паўтараць. Дзіва, але цяпер рэформы праводзяць улады, рэформаў чакае грамадства, рэформы прасоўвае Расія.
Якія рэформы робіць рэжым, мы бачым: новыя рэпрэсіўныя законы і змены ў Канстытуцыі, засілле сілавікоў і пошукі экстрэмістаў. Сённяшнія кіраўнікі закрываюць усе магчымасці пазбавіцца ўлады.
Што хоча Расія, мы можам зразумець з планаў саюзных праграм. Гэта экспарт у Беларусь законаў і інстытутаў. Некаторым тэхнакратам такое можа нават спадабацца – пачнуць працаваць прынамсі расійскія законы, калі перасталі працаваць беларускія.
Грамадства ў самай моцнай і слабой пазіцыі адначасова. Без яго падтрымкі ніякія рэформы не будуць паспяховымі, але пад такімі рэпрэсіямі выказваць сваю пазіцыю цяжка ды і няма каму. Reforms owned by people – трэці падыход, які прапанавалі Зміцер Крук і Павал Данэйка. Гэта рэформы «знізу», з фокусам на дабрабыт і сацыяльныя пытанні, без адзінай генеральнай лініі, але скаардынаваныя па сферах.
Усе тры падыходы супярэчаць адзін адному. Які пераможа – таксама не зразумела. Але праекты рэформаў «Банк ідэй» будуць узмацняць суб’ектнасць грамадства, кансалідаваць яго ў разуменні запытаў да будучыні.
Рыгор Астапеня пра палітычныя ўмовы рэформаў
Пакуль што гэта найважнейшы тэкст пра рэформы ў Беларусі, у якім апісваецца, чаму ранейшыя шаблоны трансфармацыі не пасуюць Беларусі і як у прынцыпе мог бы выглядаць дызайн беларускіх рэформаў. Я не буду спыняцца на ўсіх перавагах публікацыі. Думаю, што ўсе людзі, якія цікавяцца рэфармаваннем Беларусі, павінны самі яе прачытаць.
Калі шукаць лыжку дзёгцю, то разважлівасць, якая прапануецца ў тэксце, пры рэфармаванні Беларусі можа сутыкнуцца з такімі палітычнымі ўмовамі, у якіх гэта прывядзе да таго, што рэформы проста не адбудуцца.
Калі мы думаем, што ліберальна-дэмакратычныя рэформы пачнуцца з сыходам Лукашэнкі, то, хутчэй за ўсё, яны будуць праходзіць ва ўмовах перабудовы палітычнай сістэмы, альбо, кажучы наўпрост, – пры крызісе ўлады, калі не да канца будзе зразумела, хто за што адказвае і хто што можа. Болей за тое, пасля перыяду дэмакратызацыі мы можам увайсці ў новую форму аўтарытарызму непрыхільнага да рэформаў.
Адпаведна, акно магчымасцяў для рэфармавання Беларусі будзе адкрытае цягам куды карацейшага адрэзка часу, чым разлічваюць аўтары. Таму калі не зрабіць рэформы досыць хутка, то Беларусь зноў можа згубіць гады.
Генадзь Коршунаў пра сацыяльную базу рэформаў
Аўтары матэрыялу слушна кажуць пра тое, што ў беларускім грамадстве існуе пашыраны запыт на рэформы.
Гэты запыт існуе на некалькіх напрамках: і як назапашаная гадамі незадаволенасць захадамі ўладаў па вырашэнні актуальных праблемаў краіны, і як выспелыя якасці індывідуальнай і калектыўнай беларускай суб’ектнасці. Аб гэтым сведчаць і айчынныя сацыялагічныя апытанні, і міжнародныя кампаратыўныя даследаванні. У 2020-ым годзе гэтыя настроі сталі відавочнымі.
Другі момант – слушнасць канцэпцыі дэцэнтралізацыі, размеркавання рэформаў, якія мусяць быць аб’яднаныя агульнай каштоўнасна-метадалагічнай рамкай. Падаецца, гэта ці не самы аптымальны падыход для грамадства, якое выбудоўвае новы, гарызантальны тып функцыянавання сацыяльнага як такога. Неіерархічная сістэма рэформаў хутчэй сустрэне разуменне з боку грамадства.
І па-трэцяе, мы яшчэ не да канца ўсведамляем маштаб тых зменаў у грамадстве і свеце, якім будучыя рэформы мусяць адпавядаць. Цяпер чалавецтва знаходзіцца на этапе пераходу да інфармацыйна-лічбавага грамадства. Па шэрагу прычын у Беларусі гэты пераход пайшоў фарсіраваным, рэвалюцыйным шляхам, разбураючы інстытуты мінулага і намацваючы мадэлі будучага. Праз гэта нам сапраўды няма ў каго вучыцца.
Гэта значыць, з боку грамадства запыт на рэформы сапраўды ёсць, поліцэнтрычная сістэма рэформаў сугучная новаму тыпу сацыяльнасці, але глыбіня і маштаб рэфармавання, хутчэй за ўсё, патрабуюцца значна большыя.
Азнаёміцца з дакументам Паўла Данэйкі і Дзмітрыя Крука пра рэформы можна па спасылцы.
Фота: Павел Крычко