2020-ы год стаў для Беларусі годам вялікага пералому. Упершыню беларусы сур’ёзна задумаліся, як мае выглядаць наша краіна. Гэтаму і прысвечаная наша канферэнцыя, якая адбываецца цягам усяго года.
Нашыя спікеры і мадэратары сустрэнуцца ў Вільні, Варшаве, Кіеве і Тбілісі і абмяркуюць, што будзе адбывацца з беларускім грамадствам, незалежнымі СМІ і якія рэформы будуць патрэбны ў Новай Беларусі.
Рэгіструйцеся, калі ласка, на трансляцыі, каб не прапусціць.
Падрабазнасці і праграма па спасылцы.

Кацярына Пытлева (журналістка медыя “Маланка”), Настасся Роўда (рэдактарка “Наша Ніва”) і Леся Руднік (даследчыца ЦНІ) абмяркуюць, як палітычны крызіс паўплываў на медыяспажыванне і як увогуле выжыць незалежным медыя.

Генадзь Коршунаў (сацыёлаг, старшы аналітык ЦНІ), Павел Данэйка (кіраўнік ІПМ і BEROC) і Алесь Ганчаронак (даследчык ЦНІ) паразважаюць, наколькі сур’ёзны раскол сярод беларусаў, чаго хоча нейтральная частка грамадства і да чаго можа прывесці эрозія дзяржаўных інстытутаў.

Сяргей Чалы (эканамічны аглядальнік) і Рыгор Астапеня (дырэктар па даследаванням ЦНІ і даследчык Chatham House) абмяркуюць вобраз Новай Беларусі і як захаваць падтрымку дэмакратычных сілаў у грамадстве.

Павел Мацукевіч (старшы даследчык ЦНІ), Наталля Рабава (дырэктарка SYMPA) і Вадзім Мажэйка (аналітык BISS) будуць разважаць, чаму раскол эліт не адбыўся і што рабіць з сённяшнімі чыноўнікамі ў Новай Беларусі.