Канструктар. Хакатон натхняльных праектаў
Цэнтр новых ідэй запрашае маладых беларускіх лідараў і лідарак (18-35 год) прыняць удзел у Хакатоне, які пройдзе з 14 па 16 ліпеня ў Варшаве. Падаць заяўку
Табе дакладна да нас, калі маеш ідэі праектаў па адным з 4-х кірункаў і хочаш запусціць іх у дзеянне:
- актывісцкія праекты. Калі твая ідэя накіравана на паляпшэнне грамадства і вырашэнне канкрэтных праблем, то табе да нас. Гэта могуць быць розныя анлайн і афлайн актыўнасці, івэнты і кампаніі, якія прыцягваюць увагу да важных пытанняў і ўносяць пазітыўныя змены ў свет. Актывісцкія праекты натхняюць людзей да дзеяння і паказваюць, што кожны можа зрабіць свой унёсак у стварэнне лепшага грамадства.
Ментар – Яўген Фядотаў, грамадскі актывіст і айцішнік, кафаўндер праекта Placouka і кантрыб’ютэр Цэнтра новых ідэй. Ладзіў мноства івэнтаў і мерапрыемстваў, пачынаючы ад экскурсій па Вільні і заканчваючы вялікімі фестывалямі.
- сацыяльныя праекты. Гэта пра актыўнасці, якія ствараюцца для вырашэння сацыяльных выклікаў і паляпшэння жыцця людзей. Яны могуць уключаць розныя віды дзейнасці, напрыклад, дапамогу людзям у нястачы, ахову навакольнага асяроддзя, падтрымку адукацыі і многае іншае. Галоўная мэта сацыяльных актыўнасцяў – зрабіць свет лепшым месцам для ўсіх.
Ментарка – Дар’я Рублеўская, моладзевая актывістка і праваабаронца. Мае досвед рэалізацыі і ментарства сацыяльных праектаў, працуе з моладдзю як адукатарка нефармальнай адукацыі.
- урбаністычныя (гарадскія) праекты. Гэта ініцыятывы, якія накіраваныя на паляпшэнне гарадскога асяроддзя. Актывізм адыгрывае важную ролю ў гэтых праектах, бо менавіта звычайныя гараджане і гараджанкі, маладыя людзі і мясцовыя суполкі выступаюць ініцыятарамі і выканаўцамі зменаў. Яны ўносяць свае ідэі, творчыя падыходы і энтузіязм, каб стварыць горад, у якім кожны жыхар ды жыхарка будзе адчуваць сябе камфортна.
Ментарка – Анастасія Бекарава, грамадская актывістка, удзельніца Мінскай урбаністычнай платформы. Запусціла моладзевы адукацыйны курс па гарадскім актывізме, даследуе гарадскія супольнасці.
- медыйныя праекты. Ёсць ідэя блога, канала ці іншых актыўнасцяў у медыйнай прасторы? Памятай, што праз медыйныя праекты людзі могуць дзяліцца сваімі ідэямі, меркаваннямі, гісторыямі ці выклікаць абмеркаванне важных тэм. Гэта спосаб уплываць на іншых, пашыраць сваю аўдыторыю і прыцягваць увагу да важных пытанняў – таму калі цябе цікавіць гэта, смела падавай ідэю ў гэты блок!
На Хакатоне ты навучышся пераўтвараць ідэю ў гучныя актыўнасці, расціць іх да ўзроўня праектаў і нават ініцыятыў. Апроч работы з ідэямі павучымся рабоце з штучным інтэлектам у межах стварэння кантэнту, патрэніруемся ў public speaking і працуючых інструментах прасоўвання ў медыя.
Усім зарэгістраваўшымся на Хакатон мы дашлем падрыхтаваныя ў межах анлайн-інтэнсіваў канспекты па тэмах узмацнення ідэй і запуску праектаў – гэта дапаможа кожнаму і кожнай сфармуляваць ідэі дакладней.
Што будзе на Хакатоне?
- Як пабудаваць яскравы і паспяховы праект? Стартуем праграму з блока пра тое, што такое клёвыя праекты і як вызначаць праблему, місію, мэтавыя групы і іншыя ім неабходныя складнікі.
- Што цікава беларускай моладзі? Пагутарым пра актуальныя даследванні стану і інтарэсаў беларускай моладзі, пашукаем найлепшыя шляхі практычнага ўвасаблення ў межах распрацоўваемых ідэй.
- Штучны інтэлект – найлепшы сябра актывістаў і актывістак. Вучымся карыстацца нейрасеткамі для стварэння кантэнту, напісання тэкстаў і шмат чаго яшчэ.
- Генеруем ідэі і ўрубаем крэатыўнасць на максімум. Як ўключаць крэатыўнасць пры генерацыі ідэй і выбудоўванні планаў? Паразважаем пра рэальныя і працуючыя тэхнікі крэатыўнага падыходу.
- Як верна вызначыць мэтавую аўдыторыю і працаваць з ёй? Майстар-клас і разбор практычных паспяховых і правальных кейсаў.
- Ты, твой праект і сацыяльныя сеткі. Майстар-клас пра выбар інструментаў прасоўвання ў сацсетках і практыках выжывання ў анлайне.
- Пітчым! Інтэрактыўны воркшоп пра публічныя прэзентацыі (пітчынгі) праектаў. Таксама прадугледжаны паралельныя навучальныя і edutaiment актыўнасці, напрыклад, “Вечар правалаў”.
Што атрымаюць пераможцы Хакатона?
У кожным з кірункаў будзе вызначаны па 1-ым праекце-пераможцы, які атрымае менатрскую і грашовую падтрымку для рэалізацыі праектаў.
Дэдлайн падачы заявак – 2 ліпеня. Падаць заяўку.