Калі б нехта некалькі гадоў таму запытаў любога еўрачыноўніка пра вынікі “Усходнага партнёрства”, то той з імпэтам пачаў бы апавядаць пра success story Малдовы. Найбяднейшая краіна Еўропы хутка дасягнула бязвізавага рэжыму з Еўрапейскім Саюзам, падпісала Дамову аб асацыяцыі, застаецца на першым месцы ў Індэксе інтэграцыі УП ды не хавае сваіх вялікіх амбіцый стаць “сапраўднай Еўропай”.
Але сёння гэтыя амбіцыі выглядаюць недарэчна. Ідэя еўраінтэграцыі дасягнула дна – яе падтрымлівае ўсяго 32 % малдаван, калі за еўразійскую інтэграцыю выступае роўна палова насельніцтва. Мясцовыя выбары, якія прайшлі 14 чэрвеня, прынеслі перамогу пераважна прарасійскім кандыдатам. А праеўрапейскі электарат пратэстуе на вуліцах супраць кіроўнай праеўрапейскай кааліцыі ліберал-дэмакратаў і дэмакратаў. На самую буйную акцыю выйшла да 50 тыс. чалавек – велізарная лічба для маленькай Малдовы.
Еўраімітацыя
Людзі пратэстуюць, бо еўрапейская інтэграцыя выглядае не зусім так, як спачатку падавалася. Нягледзячы на тое, што Еўрапейскі Саюз улівае сотні мільёнаў еўра на рэформы ў Малдове, цяпер толькі 23 % малдаван давяраюць судовай сістэме, хоць пяць гадоў таму паказальнік быў у паўтары разы большы. Пазіцыя Малдовы ў рэйтынгу ўспрыняцця карупцыі Transparency International за гэты час упала з 89-га на 103-ае месца. Эканоміка дагэтуль не наладжаная, а пасады кшталту генеральнага пракурора ці суддзяў раздаюцца па таемных палітычных квотах. Эксперты прапаноўвалі, каб генпракурорам стаў грамадзянін ЕС, але ўлады адмовілі.
Усё дрэнна ў банкаўскай сферы, адкуль у гэтым годзе быў нелегальна выведзены мільярд еўра. Гэты выпадак і пазбавіў праеўрапейскіх малдаван цярплівасці ды вывеў на вуліцы. Шмат хто лічыць, што за справай стаяць лідары праеўрапейскай кааліцыі.
Мільярд еўра – гэта прыкладна пятая частка ўсіх банкаўскіх актываў Малдовы, якія проста сышлі на рахункі невядомых дагэтуль фірмаў на Сейшэльскіх выспах. Нацбанк Малдовы стала манітаруе трансакцыі малдаўскіх банкаў і мог бы спакойна адмяніць перавод, але гэтага не зрабіў.
Выпадак адлюстроўвае ўсё бязладдзе, якое пануе ў банкаўскай сістэме краіны. У Малдове наагул цяжка сказаць, хто з’яўляецца ўладальнікам таго ці іншага банка, бо акцыі банкаў з’яўляюцца таемнымі і часта пераходзяць з рук у рукі. Не дзіва, што такія банкі часта выкарыстоўваюцца ў адмыванні грошай.
(Дарэчы, Ілан Шор, які сядзіць пад хатнім арыштам па падазрэнні ў крадзяжы аднаго мільярда еўра, перамог на мясцовых выбарах з вынікам у 61 % у першым жа туры. Пакуль невядома, як ён будзе кіраваць Археем, адным з найбольш значных гарадоў Малдовы, але мэрам ён ужо стаў. Шор геапалітычна выступае за Расію, але сам туды неўязны, бо там на яго заведзеная крымінальная справа.)
Краіна двух алігархаў
Алігархі Уладзімір Плахатнюк (злева) і Уладзімір Філат (справа) кіруюць праеўрапейскай кааліцыяй
Малдову з яе алігархатам часта параўноўваюць да іншых посткамуністычных краінаў ці нават да суседняй Украіны. Але тут усё ж іншы выпадак. У Малдове няма вайны, хоць і ёсць самаабвешчаная рэспубліка ў Прыднястроўі. Расійскія эканамічныя санкцыі тут уводзілі не раз і не два, таму Малдова больш-менш да палітыкі Крамля прызвычаеная. То бок Расія мае вялікія рычагі ўплыву, але ўсё ж гэта не яна вымушае малдаван галасаваць за людзей, якія падазраюцца ў крадзяжы мільярда еўра. Не вінаватая Расія і ў тым, што кіроўныя эліты не дбаюць пра рэформы.
Мясцовыя алігархі ва ўладзе больш канцэнтруюцца на магчымасці абараняць свой бізнес і зарабіць яшчэ болей, найчасцей праз доступ да дзяржаўных замоваў. Два алігархі Філат і Плахатнюк, якія кантралююць кіроўную кааліцыю, адзін аднаго не любяць і маюць адрозныя палітычныя і эканамічныя інтарэсы, але ўсё ж трымаюцца адзін аднаго, бо маюць агульны інтарэс у выцягванні сродкаў з краіны.
Найбольш востра выглядаў канфлікт, калі алігарх Філат, які кіруе Ліберальна-дэмакратычнай партыяй, хацеў дыскрэдытаваць алігарха Плахатнюка, які кіруе Дэмакратычнай партыяй (разам гэтыя партыі і ствараюць кіроўную праеўрапейскую кааліцыю). Тады генпракурор, які блізкі да Дэмакратычнай партыі, імаверна выпадкова застрэліў на паляванні аднаго малдаўскага бізнесоўца. Кааліцыя была на мяжы распаду, але ўсё ж агульныя інтарэсы вымусілі алігархаў адумацца і пакінуць альянс у сіле.
Гэты блок, дарэчы, цяпер падтрымліваюць прарасійскія камуністы. Калі аказалася, што кіроўная кааліцыя выступае за еўрапейскія сцягі, але не за еўрапейскія стандарты барацьбы з карупцыяй, то камуністы ўвайшлі ў долю і цяпер падтрымліваюць у парламенце меншасны ўрад дэмакратаў і ліберал-дэмакратаў. Не дзіва, што малдаване не вельмі прагнуць такой еўрапейскай інтэграцыі, якую ім рыхтуюць мясцовыя эліты.