Арнольдас Пранкевічус – адзін з найбольш уплывовых літоўцаў у Бруселі. Ён – памочнік па ўсходняй палітыцы і стратэгіі пашырэння ЕС у кіраўніка Еўрапарламента Марціна Шульца. Раней ён быў дарадцам прэзідэнта Літвы Валдаса Адамкуса. Пранкевічус займаецца ў тым ліку дачыненнямі Еўрапейскага парламента з Беларуссю, пра стан якіх ён распавёў у інтэрв’ю “Ідэі”.
Што ўяўляе сабой супрацоўніцтва паміж Еўрапарламентам і Беларуссю?
Гісторыя апошняга дзесяцігоддзя – гэта гісторыя расчаравання як у Бруселі, так і ў Мінску. Парламент стварыў спецыяльную дэлегацыю па сувязях з Беларуссю. Яна існуе каля дзесяці гадоў і з’яўляецца найбольш незадаволенай з усіх дэлегацый, бо не мае рэальнага партнёра для супрацоўніцтва.
Акрамя таго, у 2010-ым годзе падчас прэзідэнцтва ў Еўрапарламенце Ежы Бузэка быў створаны орган, які займаецца Беларуссю ў Парламенцкай Асамблеі “Еўранэст”, парламенцкім форуме для прасоўвання палітычнай асацыяцыі і далейшай эканамічнай інтэграцыі паміж Еўрапейскім Саюзам і партнёрамі з Усходняй Еўропы. Паколькі мы не можам запрасіць чальцоў беларускага парламента прысутнічаць на “Еўранэсце”, мы вырашылі стварыць працоўную групу па Беларусі. Яна складаецца з іншых краін-чальцоў Усходняга партнёрства і Еўрапейскага парламента.
Гэты форум павінен аналізаваць сітуацыю ў Беларусі і дакладваць Асамблеі Еўранэст, ці ёсць спрыяльныя ўмовы, каб пачаць канструктыўны дыялог з Беларуссю. Гэта орган-пасярэднік па адносінах з Беларуссю.
ЕС гатовы пачаць дыялог з Мінскам?
Геапалітычная сітуацыя, выкліканая расійскай агрэсіяй, можа адкрыць новыя магчымасці для разблакавання сітуацыі з Беларуссю. Мы адкрытыя для перазапуску нашага супрацоўніцтва. Але нам патрэбна, каб Мінск зрабіў рэальныя крокі насустрач. Мы ўжо атрымалі некалькі сігналаў. І гэта добра.
Мы чакаем, як мінімум, вызвалення ўсіх палітычных зняволеных. Тэрміны некаторых з іх вось-вось скончацца. Так што гэта можна зрабіць хутка. Вызваленне палітычных вязняў падкрэсліць сур’ёзнасць намераў з боку Беларусі. Пасля гэтага можна гаварыць пра планы на будучыню.
Як могуць паўплываць прарасійскія чальцы Еўрапейскага парламента, напрыклад Вальдэмар Тамашэўскі, на збліжэнне ЕС і Беларусі?
Я не думаю, што яго ўплыў з’яўляецца значным.
Вядома, у сучасным парламенце ёсць вялікая колькасць дэпутатаў-еўраскептыкаў, радыкалаў, папулістаў з ксенафобскімі і расісцкімі поглядамі. Але яны прадстаўляюць меншасць: 150 з 750 членаў. Большасць выказваецца за праеўрапейскую інтэграцыю і Усходняе партнёрства. І яны актыўна выступалі за фінансавую падтрымку Усходняга партнёрства і санкцыі супраць Расіі.
Вальдэмар Тамашэўскі гаворыць не ад імя большасці Еўрапарлемента, тым больш не ад імя самога Еўрапарламента. Не трэба ўспрымаць яго заявы сур’ёзна. Ён проста аказаўся ў складзе дэлегацыі ў справах Беларусі разам з прадстаўнікамі іншых палітычных груп.
Былыя старшыні дэлегацыі па Беларусі, напрыклад, Яцак Пратасевіч і Філіп Качмарак, былі вельмі адданыя супрацоўніцтву з Беларуссю і яе выхаду з ізаляцыі.
Еўразійскі эканамічны саюз можа паўздзейнічаць на Усходняе партнёрства?
Еўразійскі эканамічны саюз – гэта новы праект з цяжкім стартам з-за эканамічнага крызісу ў Расіі, выкліканага санкцыямі ЕС, падзеннем коштаў на нафту, адтокам капіталу і абясцэньваннем рубля.
Мы бачым вялікія структурныя праблемы як у расійскай эканоміцы, так і ў будаўніцтве Еўразійскага саюза. Недахоп рэформ, інвестыцый і мадэрнізацыі ў ключавых галінах расійскай эканомікі разам з глыбокай і сістэмнай карупцыяй не даюць надзею, што ў кароткатэрміновай перспектыве Еўразійскі саюз стане моцным праектам. Пакуль ЕС ацэньвае і аналізуе. Мы мусім пабачыць, як ён будзе развівацца.
Еўрапарламент удзельнічае ў перамовах аб спрашчэнні візавага рэжыму з Беларуссю?
Еўрапарламент быў першай установай у 2006 годзе, якая выказалася за спрашчэнне візавага рэжыму з Беларуссю. Свабоднае перамяшчэнне людзей з’яўляецца адным з ключавых пытанняў у парламенце. Мы прынялі рэзалюцыі, якія заклікаюць Раду ЕС займацца гэтым пытаннем у аднабаковым парадку.
Падчас саміту Усходняга партнёрства ў Вільні ў лістападзе 2013-га беларускі ўрад дамовіўся правесці перамовы аб спрашчэнні візавага рэжыму. Пасля сканчэння перамоваў законапраект пойдзе ў парламент на ратыфікацыю. Ніякіх праблем для ратыфікацыі няма. Гэта, мабыць, адзіны рэальны і яркі вынік у еўрапейска-беларускіх адносінах за апошнія 10 гадоў.