падтрымаць нас

Грамадства

Эра кіберспорту наступіла. Ці зможа Беларусь на ім зарабіць?

Эра кіберспорту наступіла. Ці зможа Беларусь на ім зарабіць?

Беларуская дзяржава пакуль асабліва не цікавіцца кіберспортам – а дарэмна, бо гэта магло б прыносіць вялікія грошы.

Праз два гады ў ЗША кіберспорт будзе больш папулярны за ўсе віды спорту, за выключэннем амерыканскага футбола. Ужо цяпер у свеце кіберспорт глядзяць прынамсі раз у месяц каля 200 млн чалавек. У сферы таксама хапае буйнога бізнесу, напрыклад, Mercedes з 2017 года раздае па аўтамабілі найлепшым гульцам кожнага турніру ESL па DOTA 2.

У беларускіх кіберспартоўцаў “мэрсаў” пакуль няма, але ў нас ёсць сапраўды таленавітыя гульцы. Сама ж краіна, калі адчыніць дзверы для гэтай сферы, можа шмат зарабляць на кіберспартыўных турыстах і стаць больш прэстыжнай і прывабнай для моладзі − асноўнай аўдыторыі такіх спаборніцтваў.

1. Кіберспорт – гэта не проста камп’ютарныя гульні.

  • У 2019-ым годзе памер рынку кіберспорту перакрочыць $ 1 млрд і кожны год ён расце больш чым на 20%. Калі ў сферу прыйшлі грошы, зарабляць пачалі ўсе: буйныя брэнды, кампаніі па продажы гульнявых прылад і электронікі, з’явіліся нават кіберспартыўныя СМІ.
  • Кіберспартоўцы – гэта не звычайныя аматары, якія бавяць час перад камп’ютарам. Яны шмат працуюць: трэніруюцца па 10-12 гадзін у дзень перад важнымі турнірамі, даюць інтэрв’ю і здымаюцца ў рэкламе. Нават на постсавецкай прасторы прафесійныя гульцы добра зарабляюць − у сярэднім каля трох тысяч еўра. Але галоўны даход − гэта турніры. Найбуйнейшы чэмпіянат па DOTA 2 – The International – у мінулым годзе меў прызавы фонд у $ 25,5 млн. Каманда-пераможца з пяці гульцоў атрымала $ 11,1 млн.
  • На кіберспорце могуць зарабіць нават гарады, дзе пра кіберспорт дзесяцігоддзе таму ніхто і не чуў. З 2013-га года ў польскім Катавіцэ праходзяць вялікія турніры па CS:GO. У 2019-ым годзе на буйны кіберспартыўны івент, які працягваўся каля дзесяці дзён, прыехалі 173 тыс. чалавек, яшчэ некалькі мільёнаў глядзелі трансляцыі ў інтэрнэце. На рэкламе горад зарабляе каля $ 27 млн, а кожны госць, які спаў не ў машыне або ў сяброў, выдаткаваў у горадзе сярэдне $ 163. Пра тое, колькі людзей шукае ў Google інфармацыю пра горад падчас турніраў, можна і не казаць.

2. У Беларусі ёсць федэрацыя кіберспорту, 250-300 тысяч аўдыторыі і нават некаторыя дасягненні.

  • Але Беларуская федэрацыя кіберспорту (БФК) − гэта проста грамадскае аб’яднанне, у офісе якога працуе 7 чалавек. Яно не атрымлівае грошай з бюджэту і ўвогуле не мае сувязяў з урадам. Па ацэнцы БФК, у Беларусі прыкладна 250 тыс. чалавек прынамсі раз у месяц “дакранаюцца” да кіберспорту. А вось хаця б раз на тыдзень − значна менш: каля 30 тысяч чалавек.
  • Большасць беларускіх турніраў маюць прызавы фонд у некалькі тысячаў долараў. Але ў 2016-ым на “Мінск-Арэне” прайшоў турнір па DOTA 2 і CS:GO ад украінскай кампаніі Starladder і кітайскай i-League з прызавым фондам у $ 500 тыс. Але гэта адзіны такі поспех.
Эра кіберспорту наступіла. Ці зможа Беларусь на ім зарабіць?
  • Pavaga Gaming, адна з трох топавых беларускіх кіберкамандаў, у студзені выйграла турнір па DOTA 2 і атрымала $ 40 тысяч − гэта найлепшы вынік беларускіх кібергульцоў у апошні час. Праўда, на мінулым тыдні пяцёрка “доцераў” разышлася.
  • Бізнес усё часцей укладваецца ў кіберспорт. “5 элемент” спансуе турнір “Битва городов”, а “Альфа-Банк” запусціў сумесны праект з БФК − можна замовіць карту з гульнявым дызайнам і сваім нікнэймам, а банк аддасць частку грошай на прызавы фонд турніраў МЭТА. Бізнесу гэта цікава, таму што кіберспартыўныя заўзятары − адна з самых недаступных, закрытых аўдыторый.

3. Улады не перашкаджаюць развіццю кіберспорту, але і не дапамагаюць яму.

  • Галоўнае і амаль што адзінае, што ўлады могуць зрабіць для кіберспорту, − афіцыйна прызнаць яго відам спорту. Спартыўная федэрацыя зможа хутчэй і танней атрымліваць пляцоўкі для турніраў. Для чыноўнікаў кіберспорт будзе ўжо не проста чымсьці незразумелым, а гульнёй, якая мае ты ж правы, што і футбол ці, напрыклад, шахматы (па якіх мы, дарэчы, праводзім Алімпіяду). Афіцыйна прызнаны спорт зможа прэтэндаваць хоць на нейкія грошы з бюджэту − іншае пытанне, што кіберспорту гэта не так ужо і трэба. БФК ужо колькі год дамагаецца прызнання кіберспорту. Але Мінспорту чакае, пакуль кіберспорт падтрымае Нацыянальны алімпійскі камітэт, а той − пакуль падтрымае Міністэрства спорту.
  • Але нельга сказаць, што дзяржава наагул ігнаруе кіберспорт. Запусціць турнір “Битва городов” атрымалася шмат у чым дзякуючы БРСМу, які дапамог дамовіцца з мясцовымі ўладамі. Будзе кіберспорт і на Еўрапейскіх гульнях, дзе пройдуць паказальныя выступленні па FIFA. Насустрач кіберспорту нечакана ідзе Мінадукацыі. Універсітэты згаджаюцца падтрымаць турніры, а БФК сумесна з міністэрствам у верасні запусціць “гурток” па кібергульнях. Мінадукацыі нават падпісала пастанову № 123, дзе кіберспорт уваходзіць у праграму дадатковай адукацыі.
  • Беларусь у цэлым магла б зарабляць на кіберспорце, хоць, канешне, немагчыма сказаць колькі. Усё працуе як у звычайным спорце − на турніры прыязджаюць турысты, брэнды плацяць за рэкламу, можна браць падатак з прызавых. Але ёсць важнае адрозненне: дзяржаве не трэба будаваць арэны за мільёны долараў.