• Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Даследаванні
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Спецпраекты
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Канец палітычнай апазіцыі ў Беларусі?

    Адной з галоўных падзей выбарчай кампаніі стала рэвізія існага слоўніка, які выкарыстоўваецца для асэнсавання беларускай палітыкі. Ці сведчыць гэтая змена пра распад канцэпту “апазіцыі” і вычарпанне “культуры супраціву” ў Беларусі?

    З моманту ўтварэння ініцыятыўнай групы Таццяны Караткевіч улетку 2015-га ўзнікла пытанне пра тое, ці можа гэтая кандыдатка разглядацца як прадстаўніца беларускай апазіцыі (хаця ў 2010-ым “Гавары праўду” была цалкам “легітымнай” апазіцыйнай структурай). З аднаго боку, на гэта ўплываў траўматычны досвед 19–20 снежня 2010-га (Андрэю Дзмітрыеву ставілі ў віну яго выступ на беларускім ТБ). З іншага боку, дзейнічаў эфект актуальнага палітычнага моманту: многія ўплывовыя каментатары, публіцысты і, у пэўнай ступені, некаторыя медыі настойліва баранілі думку пра тое, што ўдзел у выбарчай кампаніі тоесны супрацы з рэжымам. Варта ўзгадаць прынамсі зварот Ірыны Халіп да Анатоля Лябедзькі.

    Ці Караткевіч – апазіцыя?

    Пасля рэгістрацыі кандыдатаў на прэзідэнта асноўная ўвага была засяроджана (наўпрост ці ўскосна) на фігуры Таццяны Караткевіч. Пра адсутнасць сапраўдных кандыдатаў па-рознаму гаварылі розныя людзі. Сярод іх не толькі сённяшнія палітыкі, але, напрыклад, Аляксандр Казулін і некаторыя эксперты. Найбольш цікава, бадай, выглядае сумненне Валера Булгакава, які на “Радыё Свабода” гаварыў пра “неўкарэненасць Караткевіч у беларускай апазіцыі”. Ён жа паставіў пытанне пра “эрозію самога паняцця апазіцыі”.

    Вельмі цікава ў сувязі з гэтым назіраць за стратэгіямі, якія ўзнікалі ў афіцыйных медыях. З аднаго боку, БАЖ канстатуе, што дзяржаўныя медыі не займаюцца цкаваннем апазіцыі. Напрыклад, у адным з выпускаў “Клуба рэдактараў” (праграма тэлеканала “Беларусь-1”, ініцыяваная Генадзем Давыдзькам) яе ўдзельнікі абмяркоўвалі пытанне аб тым, што такое ўвогуле апазіцыя? “Апазіцыя – гэта не абавязкова нешта радыкальнае”, – прагучала ў часе гутаркі.

    Аспрэчванне статусу Караткевіч як апазіцыянеркі зыходзіла перш за ўсё ад “тытульнай” апазіцыі. Выхад з выбарчай кампаніі Калякіна і Лябедзькі не толькі стаў добрым грунтам для афіцыйнай журналістыкі паўтараць папярэднія ацэнкі акуратней і прыстойней (“выбарца адмаўляецца ад апазіцыі” – Якубовіч). У сукупнасці з фактам рэгістрацыі Караткевіч ён азначаў перафарматаванне поля беларускай апазіцыі. Узорна логіку сітуацыі прадэманстраваў Дубавец: канстатуючы разлажэнне старое апазіцыі, ён дае вельмі высокую ацэнку Караткевіч як увасабленню новай, “чалавечнай” стратэгіі (гл. яго допісы на “Радыё Свабода”).

    Паводле П’ера Бурдзьё, магчымасць называць, права на намінацыю – адзін з найважнейшых інструментаў панавання. Гэта добра выявілася ў абмеркаванні выпадку Караткевіч. Дыскусіі вакол пытанне аб яе (не)апазіцыйнасці – непасрэдны працяг палітычнай барацьбы.

    Апазіцыйнасць як капітал

    Беларуская апазіцыя як дыскурсіўнае ўтварэнне перажывае важную трансфармацыю. Логіка апісання беларускага палітычнага жыцця аформілася яшчэ ў час процістаяння БНФ і Кебіча. З таго часу яна ўзнаўлялася ў шматлікіх публікацыях і каментарыях амаль без зменаў.

    Гэтая логіка прадугледжвала наяўнасць двух асноўных фактараў – нязменнай “тытульнай” апазіцыі і такой жа нязменнай дзяржаўнай улады. У выніку сфармаваўся вялікі наратыў аб апазіцыі, далучэнне да якога азначала доступ да пэўнага культурнага і сацыяльнага капіталу (тэрміны Бурдзьё). У час спрэчак вакол асобы Караткевіч гаворка ішла пра тое, каб прызнаць яе своеасаблівым “Гайдукевічам 2.0” і адлучыць ад апазіцыйнай традыцыі. Кошт пытання – паслядоўна апазіцыйны электарат складае, паводле розных ацэнак, ад 20 % да 30 % выбарцаў.

    Фінал беларускай “культуры супраціву”?

    выяўка 1

    Да другой паловы 1990-ых можна аднесці фармаванне рэфлексіі аб беларускай “культуры супраціву” (гл. часопіс “Фрагмэнты”, 2000, № 1–2). Прэзідэнцкая кампанія – 2015 падводзіць рысу пад гэтай традыцыяй, прычым не ў сферы “Realpolitik”, а ў сферы культурных ідэнтыфікацый, грамадскай рэфлексіі і стэрэатыпаў успрымання.

    З’яўленне Караткевіч і яе рэпрэзентацыя ў публічнай прасторы як “дэмакратычнай альтэрнатывы” у той ці іншай ступені пахавала “культуру супраціву”, прадстаўленую ў час збору подпісаў Лябедзькам і Калякіным. Іх спроба перадухіліць поспех Караткевіч на традыцыйным полі дзейнасці апазіцыі пацярпела няўдачу. Эксперты загаварылі пра немінучае перафарматаванне дызайну беларускай апазіцыі пасля 2015-га.

    У цэлым той факт, што Караткевіч засталася ў вачах большай часткі апазіцыйнага электарату “сваёй” кандыдаткай, можа мець вельмі цікавыя наступствы. Адзін з магчымых варыянтаў – канчатковы распад канцэпту “апазіцыі” (магчыма, і “ўлады”), перафарматаванне стратэгій апісання, якія могуць больш адэкватна адлюстроўваць рэальную гетэрагеннасць палітычнага поля.

    ПаказацьСхаваць каментары