Адным з ключавых пытанняў палітычнай навукі з’яўляецца разуменне фактараў, якія вызначаюць дэмакратызацыю. Ліберальная тэорыя вылучае эканамічны рост як адну з першапачатковых умоваў для дэмакратызацыі. Іншымі словамі, з ростам эканомікі і даходаў грамадзяне ў пэўны момант будуць патрабаваць палітычных свабодаў. Іншыя даследнікі ставяць пад сумнеў гэтую залежнасць, але ў цэлым сыходзяцца ў меркаванні: калі краіна ўсё ж зрабілася дэмакратычнай, то ўстойлівы эканамічны рост становіцца ключавым фактарам для захавання дэмакратыі.
Аналіз стану 134 краінаў паказаў, што бедныя краіны схільныя быць аўтарытарнымі, у той час як багатыя краіны наадварот болей дэмакратычнымі. Гэтая заканамернасць дзейнічае прыкладна для 75 % усіх краін свету. Тым не менш фактар эканамічнага росту не вельмі моцна дапамагае ў тым, каб спрагназаваць, калі непасрэдна адбудзецца падзенне аўтарытарных палітычных сістэм у канкрэтных выпадках, як, напрыклад, у Беларусі.
Ці з’яўляецца эканамічны рост адной з галоўных пагроз палітычнаму рэжыму Беларусі?
Калі вывучыць ВУП на душу насельніцтва ў 30 самых аўтарытарных краінах свету, то можна пераканацца, што Беларусь дастаткова моцна сярод іх вылучаецца. ВУП Беларусі на душу насельніцтва ў сярэднім у 2,5 разы вышэйшы, чым у іншых падобных аўтарытарных краін, калі выключыць тыя, якія валодаюць нафтавымі ці іншымі стратэгічнымі мінеральнымі рэсурсамі.
У статыстычным плане практычна любая іншая краіна ў свеце з падобным ВУП на душу насельніцтва і рэсурснай базай будзе ў разы больш дэмакратычнай, чым Беларусь.
Існаванне моцнага сярэдняга класа таксама разглядаецца адной з прычынаў дэмакратызацыі. Нягледзячы на пэўную стагнацыю ВУП на душу насельніцтва з 2014-га года, у Беларусі з’явіўся адносна шырокі сярэдні клас. Несумненна, што народжаны ў працэсе капіталістычнага развіцця сярэдні клас падзяляе некаторыя ўнутраныя каштоўнасці дэмакратыі, асабліва, калі пэўны набор свабодаў спрыяе далейшаму ўзбагачэнню гэтага класа.
Гэта, аднак, не азначае, што сярэдні клас аднастайны, – розныя яго сегменты могуць займаць розныя пазіцыі ў аўтарытарнай сістэме і, адпаведна, па-рознаму ставіцца да дэмакратычных пераўтварэнняў. Сярэдні клас, які залежыць ад аўтарытарызму, (напрыклад, уладкаваны ў дзяржсектары) наадварот можа да апошняга за яго змагацца.
Структура сярэдняга класа Беларусі моцна змянілася. За апошняе дзесяцігоддзе Беларусь моцна прасунулася ў Індэксе эканамічнай свабоды, стала больш інтэграванай у міжнародны гандаль, а колькасць уладкаваных у дзяржаўным сектары ўпала з 60 % у 1995-ым да 39 % у 2019-ым. Нягледзячы на адсутнасць усёабдымнай сацыялогіі, можна выказаць здагадку, што той самы новы сярэдні клас адыграў вельмі важную ролю ў падтрыманні пратэснай актыўнасці.
Згодна з гэтым меркаваннем, асноўную пагрозу сучаснаму рэжыму ў сярэднетэрміновай перспектыве ўяўляе не проста эканамічны рост, а павелічэнне прыватнага сектара і, адпаведна, сярэдняга класа, які не ўладкаваны ў дзяржаўным сектары.
Ці з’яўляецца эканамічны крызіс адной з галоўных пагроз палітычнаму рэжыму?
Эканамічная стагнацыя стала сістэмнай для беларускай эканомікі цягам апошняга дзесяцігоддзя. Рэкордны памер дзярждоўгу, імклівае скарачэнне золатавалютных рэзерваў, рост дэфіцыту бюджэту і сектаральныя санкцыі 2021-га з боку Захаду, імаверна, негатыўна паўплываюць на эканамічны рост, прывядуць да росту беднасці.
У паліталагічнай літаратуры часам пераважае меркаванне, што ўзнікненне моцных эканамічных крызісаў прыводзіць да: (1) стварэння моманту для мабілізацыі апазіцыі; (2) адколу бізнес-эліт ад уладных колаў; (3) расколу ўнутры эліт наконт метадаў выхаду з крызісу. Аднак ёсць шматлікія прыклады адваротнага. У Зімбабвэ рэжым Мугабэ застаўся ва ўладзе і фактычна стаў больш аўтарытарным падчас працяглага эканамічнага крызісу, які пачаўся ў 1999-ым годзе. У Рэспубліцы Тога шматлікія сур’ёзныя эканамічныя крызісы не паўплывалі на стабільнасць рэжыму мясцовага дыктатара, чыё кіраванне трывала 38 гадоў да яго смерці ў 2005-ым годзе. У Венесуэле колькасць людзей, якія жывуць у “шматмернай беднасці”, дасягнула ў 2019-ым 64,8 % хатніх гаспадарак. Рост узроўню беднасці толькі ў 2019-ым склаў там 14 %. Тым не менш мы не бачым там узмацнення пратэстаў ці паслаблення рэпрэсій і аўтарытарызму.
Тое, што некаторыя дыктатуры з’яўляюцца непаражальнымі перад эканамічным крызісам, а іншыя дэмакратызуюцца, сутыкнуўшыся з ім, паказвае, што патрэбны больш грунтоўны аналіз розных сацыяльна-эканамічных паказальнікаў. Крос-сектаральны аналіз дадзеных са 122 аўтарытарных рэжымаў у 102 краінах з 1960-2002 гадоў паказаў на адметнасць прынамсі двух фактараў: адкрытасці эканомікі і залежнасці ад падаткаў насельніцтва.
У адкрытых эканоміках, дзе міжнародны гандаль адбываецца свабодна і дзе адносна шырокае кола грамадзян мае высокую мабільнасць, эканамічны крызіс прымушае грамадзян хутчэй з’язджаць з краіны, а не пратэставаць, а праз гэта дэмакратызацыя робіцца менш верагоднай.
Акрамя таго, калі дыктатары не залежаць ад паступлення падаткаў ад насельніцтва, а могуць выкарыстоўваць рэнту са стратэгічных мінеральных рэсурсаў, то эканамічны крызіс радзей прыводзіць да дэмакратызацыі.
На базе гэтай логікі можна сцвердзіць: эканамічны крызіс будзе небяспечны для беларускага рэжыму толькі тады, калі эканоміка Беларусі будзе становіцца больш закрытай і ў беларусаў не будзе мажлівасці адносна проста з’ехаць за мяжу, што ўжо паступова адбываецца. Наступная рызыка – гэта паніжэнне залежнасці бюджэту ад апрацоўкі мінеральных рэсурсаў і павелічэнне долі ў даходах ад падаходнага падатку. У дадзеным выпадку сектаральныя санкцыі супраць калійнай індустрыі і нафтаперапрацоўкі могуць прывесці да дэстабілізацыі рэжыму.
Фота: Sharon McCutcheon on Unsplash.