падтрымаць нас

Грамадства

ЕГУ: канфлікт паміж сенатам і адміністрацыяй

ЕГУ: канфлікт паміж сенатам і адміністрацыяй
Як знайсці мірнае рашэнне.

Беларускія выкладчыкі Еўрапейскага Гуманітарнага Універсітэту рыхтуюцца да забастоўкі.

Такое паведамленне выдаў прафсаюз універсітэта пасля таго, як адміністрацыяй было прынята рашэнне звольніць прафесара Паўла Церашковіча, галаву Cенату ЕГУ, абранага летась у лістападзе.

Напярэдадні згаданых выбараў група выкладчыкаў заснавала выбарчую платформу крытыкуючы ўмовы сваіх працоўных кантрактаў і надыходзячую кампанію па найме супрацоўнікаў. Яны прапанавалі ўключыць беларускіх выкладчыкаў у савет універсітэту і ўзмацніць ролю Сенату ЕГУ – самакіраванай арганізацыі, якая сочыць за якасцю адукацыі і даследванняў.

Нягледзячы на супраціў Сенату, адміністрацыя ўніверсітэту лічыць неабходным падтрымліваць канкурэнцыю за новаствораныя пастаянныя пасады ў прафесарска-выкладчыцкім складзе.

Як выкладчыкі, так і адміністрацыя ЕГУ ўсведамляюць неабходнасць рэформаў. Па меры нарастання кафлікту ўнутры ўніверсітэту, абодва бакі мусяць сесці за стол перамоваў лепш раней, чым пазней, магчыма, пры ўдзеле паважанага пасярэдніка, які б накіроўваў перамовы ў мірнае рэчышча.

Гісторыя разладу

У лістападзе 2013 году беларускія СМІ падрабязна асвячалі яскравую выбарчую кампанію беларускіх акадэмікаў у Сенат ЕГУ. Сенат сам па сабе з’яўляецца самакіраванай арганізацыяй, складаецца з 21 чальца, якія прадстаўляюць інтарэсы і выкладчыкаў, і студэнтаў.

У той час група беларускіх акадэмікаў, у якую ўваходзілі Павел Церашковіч і Вольга Шпарага, стварылі выбарчую платформу пад слоганам “За новы ЕГУ”.

Яны крытыкавалі адміністрацыю навучальнай установы за аўтарытарны і непразрысты механізм прыняцця рашэнняў і адсутнасць будзь-якога заўважнага ўдзелу выкладчыкаў ЕГУ у гэтым працэсе. Выкладчыкі прапанавалі ўзмацніць ролю Сенату і правесці ратацыю кіруючых кадраў універсітэту, уключна з рэктарам.

Яны таксама выступалі за вызначэнне беларускіх даследванняў і выкладанне курсаў, звязаных з Беларуссю, прыярытэтамі ўніверсітэту. У выніку кампаніі, кандыдаты ад “За новы ЕГУ” занялі большасць месцаў у Сенаце. Павел Церашковіч стаў старшынём гэтай дэмакратычна абранай структуры.

Звальненне Церашковіча

Калі ЕГУ звольніў Церашковіча праз некалькі месяцаў, гэта выклікала абурэнне як у Сената, так і у прафсаюза ЕГУ, каторы і абвесціў план выкладчыкаў страйкаваць на знак пратэсту.

Калегі Церашковіча пачалі кампанію ў яго абарону. Сярод іх былі чальцы Сенату: Ала Сакалова, Вольга Шпарага і Максім Жбанкоў. Яны арганізавалі онлайн-петыцыю на сайце change.org. Петыцыю падпісалі ўжо больш за 1 000 чалавек.

Максім Жбанкоў, яшчэ адзін выкладчык ЕГУ, распавёў Радыё Свабода, што адміністрацыя звольніць таксама іншых беларускіх выкладчыкаў. Паводле ягонага меркавання, універсітэт хоча прадставіць людзей, якія крытычна ставяцца да адміністрацыі, як маленькую групу, але ў рэчаіснасці большасць выкладчыцкага складу нязгодная з бягучай палітыкай адміністрацыі.

Церашковіч лічыць сваё звальненне незаконным. Ён перакананы, што гэта абраза Сенату, які абраў яго. Па ягоных словах, ён не атрымаў ніводнага афіцыйнага тлумачэння, чаму яго звольнілі. Церашковіч паведаміў Belarus Digest, што прафсаюз ЕГУ збіраецца падаваць у суд на адміністрацыю ўніверсітэта з гэтай нагоды.

Ён сцвярджае, што мае крытычнае стаўленне да зменаў у сістэме кіравання, новай пасады прарэктара і іншых новых кіруючых структур, якія не прапісаныя нідзе ў статуце ЕГУ. Ён таксама лічыць, што ўніверсітэт аказвае ціск на тых, хто сумняецца ў празрыстасці і сумленнасці нядаўна абвешчанага міжнароднага конкурсу на пасады ЕГУ.

Адказ ЕГУ: мы гатовыя размаўляць

Даріус Удрыс, намеснік рэктара па развіццю і камунікацыях, ухіліўся ад абмеркавання прычынаў звальнення Церашковіча. Аднак, у адказ на пытанні Belarus Digest ён усё-ж такі адзначыў, што “можна прывесці шмат прыкладаў сярод чальцоў прафесарска-выкладчыцкага складу, якія крытыкавалі адміністрацыю і тым не менш працягваюць працаваць у ЕГУ”.

Па яго словах, адміністрацыя гатовая сустракацца і абмяркоўваць любое пытанне, з якім сутыкаюцца выкладчыкі. Ён таксама адзначыў, што адміністрацыя зрабіла спробу “аднавіць дыялог з тымі, хто крытычна ставіцца да нашых планаў”, каб вырашыць канфлікт.

Удрыс упэўнены у тым, што донары і ўсе зацікаўленыя бакі “і надалей будуць адданыя ўніверсітэту і падтрымаюць нашыя намаганні ўвесці стандартныя акадэмічныя працэдуры, такія як адкрытая канкурэнцыя за пастаянныя пасады ў прафесарска-выкладчыцкім складзе”.

Усе згодны – ЕГУ патрэбна рэформа

У студзені незалежная аналітычная служба Асацыяцыі Еўрапейскіх Універсітэтаў апублікавала справаздачу, у якой акрэслены сферы стратэгічнага мэнэджменту універсітэта, якія патрабуюць паляпшэння. Што да пасадаў прарэктара і выканаўчага саветніка, у справаздачы рэкамендуецца вызначыць іх у статуце ЕГУ, які павінен быць зменены адпаведным чынам.

У дакуменце таксама прапануецца, каб кіраўніцтва забяспечыла магчымасць удзелу ў працэсе прыняцця рашэнняў усіх унутраных структураў: “Размеркаванне кампетэнцый у працэсе прыняцця рашэнняў незразумелае і няпэўнае”.

Што тычыцца місіі ЕГУ, Асацыяцыя Еўрапейскіх Універсітэтаў сцвярджае, што “улічваючы меркаванне супрацоўнікаў і студэнцкіх структур, усе прыйшлі да пагаднення, што беларуская місія павінна захавацца”.

Адміністрацыя і выкладчыцкі склад універсітэта пагаджаюцца, што навучальнай установе патрабуюцца сур’ёзныя структурныя змены, і імкнуцца пры гэтым захаваць першапачатковую місію ЕГУ як беларускага універсітэта ў выгнанні.

Са свайго боку, ЕГУ жадае захаваць канкурэнтназдольнасць сярод іншых універсітэтаў. Сёння, калі адукацыйныя установы набываюць міжнародны характар, ЕГУ баіцца застацца не пры справах.

Увядзенне адкрытай канкурэнцыі за пастаянныя пасады, як гэта шырока практыкуецца паўсюль, выкрывае спробу прыўнесці адзін з асноўных міжнародных стандартаў вышэйшай адукацыі ў ЕГУ. Адміністрацыя таксама ўсведамляе неабходнасць паляпшэння якасці выкладання і даследванняў ва ўніверсітэце.

Тым не менш, у ЕГУ складаная сітуацыя з ідэнтыфікацыяй. Па-першае, універсітэт мае выразную пра-беларускую місію. ЕГУ павінен заставацца бяспечным прытулкам для беларускіх інтэлектуалаў у выгнанні, а не ператварацца ў бізнэс-праект. Аднак, ён знаходзіцца ў Літве і хоча быць запатрабаваным на міжнароднай арэне і фінансава стабільным. Скамбінаваць гэтыя дзьве акалічнасці ў агульны план апынулася цяжкай задачай.

Патрэба ў мірным рашэнні

ЕГУ тэрмінова неабходныя добрыя публікацыі ў прэсе, каб аднавіць станоўчую рэпутацыю як за мяжой, так і ў Беларусі. У Беларусі важна далучыць перспектыўных студэнтаў і выкладчыкаў. За мяжой імідж універсітэта найперш важлівы ў вачох донараў, якія падтрымліваюць навучальную установу фінансава. Дзеля гэтага, неабходна завершыць дыспуты мірна, не пераходзячы да радыкальных дзеянняў.

Большасць аглядальнікаў пагаджаюцца, што ЕГУ зараз не проста прыватны ўніверсітэт пад кіраўніцтвам аднаго чалавека, а выконвае важную місію па служэнні беларускаму грамадству. Існаванне ЕГУ залежыць ад фінансавай падтрымкі міжнароднай донарскай супольнасці. Аднак, малаверагодна, што цяжар вырашэння канфлікту і мікра-мэнеджменту можна перакласці толькі на ЕГУ.

Паколькі напруга ва ўніверсітэце нарастае і ніводзін бок не можа прапанаваць выйсце, можна парэкамендаваць далучыць пасярэдніка, які б дапамог знайсці рашэнне ў гэтай спрэчцы.

У ідэале, гэты чалавек мусіць мець добрую рэпутацыю на міжнароднай арэне, і ў той жа час, мець блізкае дачыненне да беларускага грамадства і ведаць сітуацыю ўнутры краіны. Пасярэднік павінен размаўляць на адной мове і з адміністрацыяй універсітэту, і з беларускімі выкладчыкамі.

Такі крок можа дапамагчы аднавіць давер паміж бакамі канфлікту і ўзмацніць ЕГУ шляхам выпрацоўкі даўгатэрміновага рашэння. Хтосьці кшталту Стэфана Эрыксана, былога амбасадара Швецыі ў Беларусі, які ідэальна размаўляе па-беларуску і пражыў у Беларусі шмат гадоў, мог бы быць добрым кандыдатам.

Паўла Бароўска, Belarus Digest